Казачнае нашэсце

ДЗЕ і калі можна ўбачыць разам больш за дзясятак Дзядоў Марозаў і Снягурак? Канечне, на парадзе-конкурсе, які традыцыйна ладзіцца напярэдадні Новага года ў райцэнтры. Гэта вясёлае мерапрыемства нават назву мае жартаўлівую: “НаШэсце Дзядоў Марозаў”. Святочны форум галоўных навагодніх персанажаў адбыўся і сёлета і сваю адказную місію — стварыць выдатны настрой — выканаў спаўна.

 

Забаўлялі дзятву і ўдзельнічалі ў конкурсах Дзяды Марозы і Снягуркі, якія прадстаўлялі цэнтр творчасці, турызму дзяцей і моладзі раёна, Княгінінскую СШ, цэнтральную раённую бальніцу, Сваткаўскі ВПК д/с-СШ імя Максіма Танка, Мядзельскую СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, санаторый “Сосны”, раённы камітэт ГА “БРСМ”, райспажыўтаварыства, Свірскі ВПК д/с-СШ, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, гімназію-інтэрнат г. Мядзела і Мядзельскі ВПК яслі-сад-СШ. У малышоў ад такой колькасці казачных персанажаў ажно вачаняты заблішчэлі. Але тым весялей было вадзіць карагод.
Адна з задач мерапрыемства — выбраць лепшых Дзеда Мароза і Снягурку. І яны, трэба сказаць, стараліся, каб як мага лепш праявіць сябе ў спрыце, хуткасці, весялосці і ўменні ствараць святочны настрой. Спачатку спаборнічалі камандамі, хто хутчэй занясе падарункі пад ёлку, а потым — хто хутчэй іх збярэ. А яшчэ героі свята спявалі, танцавалі, сыпалі са сцэны віншаваннямі, пажаданнямі, жартамі і нават снежкамі (праўда, папяровымі), праводзілі конкурсы, загадвалі загадкі. Усе іх старанні адсочвала кампетэнтнае журы ў складзе намесніка старшыні райвыканкама Іны Барыевай, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вячаслава Клімовіча, галоўнага спецыяліста гэтага ж аддзела Ганны Падгол.
Тым часам знаёмлюся з зялёнатварым персанажам на свяце — Фіёнай. Яна са світы Дзеда Мароза, што прадстаўляе райПО.
— Вельмі вясёлае свята. Мы ўжо каторы год прымаем удзел у ім, — кажа сяброўка Шрэка, яна ж старшы рахункавод Ала Кунавіч.
— Хто ў вас стварае касцюмы для світы? — пытаюся.
— Я. Вось і гэту зялёную сукенку для Фіёны пашыла са старога свайго ўбрання і шторы. Яшчэ раней стварыла касцюмы для Чырвонай Шапачкі, Цыганкі. Ёлка — таксама маіх рук справа. Мы з сябрамі так Новы год сустракаем, заўсёды апранаем нейкія касцюмы, прыдумваем сцэнарый. Так атрымалася, што і на працы мой навагодні гардэроб запатрабаваны.
А вось Кацярына Місун з Аляксандрам Мацко, якія прадстаўлялі Княгінінскую навучальную ўстанову, упершыню прысутнічалі на парадзе Дзядоў Марозаў.
— Як свята? — задаю пытанне Снягурцы і па сумяшчальніцтве настаўніцы пачатковых класаў.
— У цэлым нядрэнна. Толькі як першы раз, дык шмат нечаканага і невядомага. Але настрой ва ўсіх выдатны, таму свята, лічу, удалося.
— На наступны год прыедзеце?
— Канечне!
І вось час падводзіць вынікі. Дыплом за трэцяе месца, а таксама сертыфікат на наведванне Мядзельскага фізкультурна-аздараўленчага цэнтра атрымлівае каманда санаторыя “Сосны”. Другое месца, а гэта значыць дыплом і сертыфікат на наведванне басейна санаторыя “Белая Русь”, атрымліваюць прадстаўнікі Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Самую высокую прыступку п’едэстала гонару — першае месца — занялі Дзед Мароз і Снягурка з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх узнагарода — дыплом і сертыфікат на сеансы спелеатэрапіі ў санаторыі “Нарач”. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ГА “Белая Русь” Вячаслаў Клімовіч агучыў, каму дастаўся прыз глядацкіх сімпатый. Дыплом і падарунак Вячаслаў Пятровіч уручыў камандзе райПО. А Іна Барыева як старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” падарункам адзначыла самую актыўную Снягурку. Ёй стала Вольга Паўлючэнка з Мядзельскага ТЦСАН.
— Мы — вязунчыкі, — дзеліцца эмоцыямі Снягурка-пераможца. — Разам з Віктарам Шыбко ўпершыню прымаем удзел у гэтым конкурсе і адразу нам пашанцавала.
— Было складана, сапернікі трапіліся сур’ёзныя, — дапаўняе ўнучку Дзед Мароз. — Але мы імкнуліся да перамогі, і ў нас гэта атрымалася. Хаця ўсе стараліся, усе малайцы!
Асобных слоў падзякі заслугоўваюць дзяўчаткі-жыўчыкі ў чырвоных куртачках і капялюшыках — члены харэаграфічнага гуртка раённага Цэнтра культуры “Капрыз” пад кіраўніцтвам Наталлі Крэтавай. Яны дапамагалі ствараць настрой на свяце, уцягвалі дзяцей у танцы, карагоды, шчодра дзяліліся ўсмешкамі і не дазвалялі прысутным сумаваць ні хвіліны.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага



03 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 84 wjx6x-f4hhi Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела