Дабрачынны баль

У дзень зімовага раўнадзенства, акурат перад самай доўгай ноччу года, адбыўся раённы дабрачынны Калядны баль. Ён праводзіцца кожны год, але гэтым разам стаў асаблівым, бо ўпершыню прайшоў у райцэнтры! Баль адбыўся пры падтрымцы УП “Ілаўскае”, экскурсійна-турыстычнага комплексу “Аптэкарскі сад” і ГА “Беларускі саюз жанчын”.

Гасцей сустракае святочна ўпрыгожаная зала гасцініцы “Мядзел”. Дзверы перад дамамі адчыняюць элегантна апранутыя пажы, гучыць музыка — стварае атмасферу, якая настройвае прысутных на патрэбны лад. Як толькі госці сабраліся і занялі свае месцы, загучалі першыя ноты паланэза — як дакладна заўважыў распарадчык балю, строгага і ўрачыстага танца-шэсця. А потым гасцей павіталі гаспадары балю — пан і пані Хамінскія.
Гэта старажытны род, малой радзімай якога ўжо амаль трыста гадоў з’яўляецца Мядзельшчына. Маёнтак у вёсцы Камарова яшчэ памятае ўрачыстыя, пышныя балі, якія ў свой час ладзілі Хамінскія. І вось цяпер балем кіруе Мядзел.

Але гэтым разам удзельнікі і госці сабраліся не толькі павесяліцца. Баль арганізаваны ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” і накіраваны на збор сродкаў на патрэбы Мядзельскага раённага цэнтра культуры і Мядзельскай сярэдняй школы №1 імя Уладзіміра Дубоўкі — для таго, каб удасканаліць умовы для працы з дзецьмі, ад якіх залежыць росквіт нашага горада, раёна і краіны ў будучыні.
Кожны, хто знаходзіўся на мерапрыемстве, мог зрабіць свой уклад у гэтую добрую справу, пакінуўшы канверт з любой грашовай сумай у спецыяльнай скрыні для ахвяраванняў. А таксама падчас балю быў арганізаваны аўкцыён. Лоты — вырабы дзяцей-інвалідаў, выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна. З малатка пайшлі практычна ўсе лоты, а сабраныя грошы будуць пералічаны самому цэнтру.
На балі прысутнічалі паважаныя госці: намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Іна Барыева, намеснік дырэктара па жыллёвым фондзе і добраўпарадкаванні УП “Мядзельская ЖКГ” Іна Толак, дырэктар Цэнтра банкаўскіх паслуг № 619 філіяла № 601 ААТ «ААБ Беларусбанк» Таццяна Бірала, выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Сваткі” Уладзімір Кайко, антыкрызісны ўпраўляючы УП “Ілаўскае” Аляксей Місачэнка і іншыя прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў нашага раёна.
На балі былі не толькі танцы, але і забавы: госці гулялі ў фанты і актыўны танец-гульню “крынічка”. А таксама змаглі паслухаць старадаўнія рамансы ў выкананні метадыста раённага цэнтра культуры Анжалікі Кароль. Ну а тыя, хто стаміўся ад танцаў і гульняў, маглі выйсці ў фае: там працавала інтэрактыўная пляцоўка “Модны дворык”, дзе гасцей навучалі мове веера, распавядалі пра магію мушак і прапаноўвалі адгадаць, што значыць загадкавае слова “агенд”. Не буду мучыць тых, хто не змог наведаць баль: агенд — гэта кніжачка, у якую дамы запісвалі танцы, паабяцаныя кавалерам. Агенд за поясам у дамы азначаў, што яна актыўна танчыць, а значыць, вельмі папулярная ў супрацьлеглага полу.
Таксама госці маглі прымерыць на сябе гістарычныя касцюмы ў фотазоне “Бальны шык” або набыць сувеніры да навагодніх свят на “Кірмашы рукадзелля” і стэндзе “Аптэкарскі сад”.
Пра ўражанні ад мерапрыемства спытала адну з удзельніц, настаўніцу англійскай мовы ДУА “Нарацкая сярэдняя школа №2” Таццяну Маліванаву:
— Паўдзельнічаць у балі мне прапанавалі на працы, і я адразу пагадзілася. Таму што не прывыкла ігнараваць цікавыя мерапрыемствы. Раней сама займалася танцамі, праўда, не бальнымі — тым цікавей было вучыцца. І нават тое, што давялося кожны тыдзень ездзіць з Нарачы ў Мядзел на рэпетыцыі, успрыняла з натхненнем. Ні разу не пашкадавала, што пагадзілася. Вечар прайшоў проста шыкоўна. Рада, што ўдалося пазнаёміцца з новымі людзьмі: і патанчыць, і пагутарыць. З самага пачатку імкнулася не загадваць, як усё пройдзе, але баль перасягнуў усе мае чаканні. У наступным годзе абавязкова буду ўдзельнічаць.
Танцавальнай часткай балю загадвала Наталля Крэтава, кіраўнік харэаграфіі Мядзельскага РЦК. На самім мерапрыемстве яна развучвала з гасцямі завадны танец падэспань. І менавіта яна рыхтавала пары для выступлення.
— Для Мядзела гэта — першы дабрачынны Калядны баль, які прайшоў менавіта ў нашым горадзе. Правесці такое мерапрыемства планавалася ўжо даўно, і я вельмі рада, што намаганні далі плён, — падзялілася Наталля Пятроўна. — Вельмі ўдзячна ўсім, хто так ці інакш прымаў удзел у арганізацыі балю. Асабліва — нашым парам, людзям, якія, нягледзячы на асноўную працу і хатнія абавязкі, адгукнуліся і стварылі сапраўднае свята. Прытым, большасць з іх да першай рэпетыцыі зусім не ўмела танцаваць класічныя бальныя танцы! Упэўнена, што гэта — толькі пачатак. Мы абавязкова прааналізуем усе недахопы і здабыткі гэтага года і выкарыстаем вопыт, каб зрабіць наступны баль яшчэ лепш.
А напрыканцы вечара распарадчык нагадаў гасцям, што не трэба чакаць цуду, трэба ствараць яго самім: удзельнічаць у дабрачыннасці, праяўляць дабрыню да навакольных. І не толькі ў перыяд навагодніх свят, а ўвесь год, кожны дзень.

Аляксандра Гарачка.
Фота Аляксандра Высоцкага



03 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе возера Глубелька  возера Мястра  wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела