Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны Вячаслаў Саўчык

ДОБРАЯ навіна якраз напярэдадні навагодніх свят прыйшла на Мядзельшчыну: Вячаслаў Саўчык, настаўнік інфарматыкі гарадской гімназіі-інтэрната атрымаў дзяржаўную ўзнагароду — медаль Францыска Скарыны. Яго на мінулым тыдні Вячаславу Станіслававічу ўручыў прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас. Самым даўнім з медалёў Рэспублікі Беларусь (быў заснаваны ў 1989 годзе) узнагароджваюцца работнікі навукі, адукацыі і культуры за выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны ўклад у развіццё і прымнажэнне духоўнага і інтэлектуальнага патэнцыялу, культурнай спадчыны беларускага народа. Розных дзяржаўных ўзнагарод у гэты дзень удастоены больш за сто чалавек.

Вячаслаў Станіслававіч — настаўнік-метадыст, які дасканала валодае тэорыяй і практыкай выкладання інфарматыкі. У яго педагагічнай скарбонцы самыя сучасныя і эфектыўныя метады і формы навучання: прынцып асобаснага падыходу да вучняў, групавое і праблемнае навучанні, інтэрактыўныя гульні, праца ў парах, тэставыя заданні і г. д. Пад кіраўніцтвам таленавітага настаўніка ў гімназіі працуе клуб “Інтэлектуал”,
удзельнікі якога з’яўляюцца членамі каманды “Matrix”. У раённых чэмпіянатах гульняў “Што? Дзе? Калі?” названая каманда штогод становіцца пераможцай. Візітоўкай навучальнай установы стаў музей айчыннай вылічальнай тэхнікі, стваральнікам якога з’яўляецца Вячаслаў Станіслававіч. Дарэчы, у музеі налічваецца больш за 200 экспанатаў. На слыху ў жыхароў Мядзельшчыны высокія дасягненні юных робататэхнікаў: перамогі на абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, удзел нават у міжнародных. Гэтым перспектыўным накірункам таксама займаецца Вячаслаў Саўчык.
Як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева падчас адкрыцця дабрачыннага каляднага балю, Вячаслаў Станіслававіч — гонар Мядзельшчыны. Віншуючы з высокай узнагародай госця мерапрыемства, Іна Іванаўна падкрэсліла:
— Вы, Вячаслаў Станіслававіч, сваёй адданай працай праслаўляеце наш край, нашу малую радзіму. Уладальнікаў медаля Францыска Скарыны ў нас яшчэ не было. Ды і ў Беларусі іх не так шмат. Гэтым Вы ўпісалі ў мірную і стваральную гісторыю нашай краіны яшчэ адну старонку пра Мядзельшчыну.
Іна Іванаўна ўручыла Вячаславу Саўчыку віншавальны адрас за подпісам выконваючай абавязкі старшыні райвыканкама Наталлі Апановіч. У ім сказана, што прафесійны поспех настаўніка — гэта падстава для радасці і гонару не толькі педагагічнай супольнасці раёна, але і ўсіх яго жыхароў. А ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”, старшынёй якой з’яўляецца таксама Іна Іванаўна, уладальнік медаля атрымаў дыплом і падарунак.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



02 Студзень 2019.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе на Блакітных азёрах        wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела