Смачная прыгажосць ад Ліі Журомскай

ЖАНЧЫНУ з фотаздымка ў нашым горадзе ведаюць многія: пры яе непасрэдным удзеле гадаваліся прадстаўнікі не аднаго пакалення мядзяльчан. Сакрэт просты: Лія Журомская — памочнік выхавальніка. Пачынала ў дашкольнай установе №1, пасля закрыцця якой у яслях-садзе №3 стараецца. У жанчыны шмат захапленняў: малюе, вырошчвае кветкі, гатуе і ўпрыгожвае стравы. Апошнія два з названых, мяркую, найбольш цікавыя гаспадыням напярэдадні Новага года…
— За повара нідзе ніколі не вучылася, — распавядае жанчына. — Як фаршыраваць шчупака, расказала мама (яна працавала на кухні ў бальніцы і там убачыла). Гатаваць мясныя стравы навучыла повар колішніх яслей-сада №1 Ірына Канстанцінаўна Маханёк. А далей сама пакрыху ўдасканальвалася: нешта знаходзіла ў часопісах, нешта — прыдумляла сама. Першымі кулінарныя навінкі ацанілі родныя. А потым сябры і знаёмыя сталі звяртацца, каб прыгатавала і ўпрыгожыла стравы для гасцей, на провады, юбілеі, вяселлі… Ніколі не рабіла гэтага чужым людзям за грошы — толькі сябрам і знаёмым дапамагала. Прыемна, што маё захапленне запатрабавана. Вось і сёлета запрашалі ўпрыгожваць стравы для ўдзельнікаў абласных “Дажынак”.
— Лія Васільеўна, падкажыце чытачам “Нарачанскай зары”, як аздобіць навагоднія стравы.
— Надыходзіць год Свінні. Значыць, гэты вобраз варта выкарыстаць, нават калі будзеце гатаваць традыцыйныя стравы. Напрыклад, халадзец. Сёлета яго лепш прыгатаваць з кураціны або ялавічыны, а не са свініны — каб сімвал года не пакрыўдзіўся. Зварыце халадзец па сваім любімым рэцэпце — у кожнай гаспадыні такі, думаю, ёсць. Атрыманую масу трэба заліць у пластыкавую бутэльку з шырокім рылам (напрыклад, з-пад малака ці халоднага чаю). Пабоўтаць, каб мяса раўнамерна размеркавалася, і пакінуць у халодным месцы да поўнага застывання. Потым бутэльку асцярожна разрэзаць і выкласці халадзец на талерку. Вушкі, лычык і хвосцік зрабіць з варанай каўбасы, вочкі — з маслін (фота 1). На талерку можна таксама выкласці гародніну (свежую або кансерваваную) ці зеляніну.
Сімвал года можна выкарыстаць і для аздаблення салатаў. Прычым для ўпрыгожвання лепш браць прадукты, якія ўваходзяць у гэтыя стравы па рэцэпце. Напрыклад, традыцыйны “Селядзец пад футрам” можна выкласці ў выглядзе парасяці, з варанага бурака выразаць лычык, вочкі і хвосцік, з варанага яечнага бялку — вочкі. Зрэнкі ў вочках зрабіць з гваздзікі або чорнага перцу. Дамалёўваем неабходныя дэталі маянэзам — і смачная ды прыгожая навагодняя страва гатова (фота 2). Па такім жа прынцыпе можна аздобіць любую салату, толькі для лычыка, вушак і хвосціка парасяці трэба ўзяць не бурак, а прадукты, якія ўваходзяць у яе склад. Напрыклад, сыр, яйкі, ананас, каўбасу, вяндліну…
Упрыгожыць навагодні стол і стварыць атмасферу свята дапамогуць і парасяткі з вараных яек (фота 3). Іх вочкі зроблены з чорнага перцу, вушкі і лычык — з кавалачкаў сасіскі. Пры жаданні яйкі можна фаршыраваць — начынку прыгатуйце па сваім любімым рэцэпце.
Смачна есці!

Запісала
Наталля ЛІСІЦКАЯ.



29 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 на Блакітных азёрах        dsc_5774-3 _06-040

Пабрацімы Мядзела