…І ДАЛЕЙШАГА РОСКВІТУ РОДНАМУ КРАЮ!

ЯК і заведзена здаўна на Беларусі, на фінішы чарговага года, што адыходзіць у гісторыю, прынята падводзіць вынікі зробленага, называць з
удзячнасцю працоўныя калектывы і прозвішчы рупных землякоў, якія з’яўляюцца нашым гонарам, уносяць важкі ўклад у росквіт роднага краю. Скажу шчыра, не ўсё пакуль удаецца, аднак і набыткаў у розных галінах народнай гаспадаркі сёлета нямала. Так, раён значна перакрывае заданні па экспарце тавараў і паслуг, чакаецца таксама выкананне прагнознага паказчыка па працаўладкаванні грамадзян на нанава створаныя рабочыя месцы. Найбольшая колькасць такіх вакансій адкрыта ўпраўленнем па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама, гасцінічным комплексам “Мядзел”, таварыствам “БК Нарс”. Хаця, лічу, новыя арганізацыі, прадпрыемствы і прыватныя вытворчыя ўчасткі рознай накіраванасці павінны стварацца куды больш хуткімі тэмпамі, асабліва — у сферы паслуг і фермерскіх гаспадарак. Значна лепш мы павінны працаваць і з прамымі замежнымі інвестыцыямі, аб’ёмамі будаўніча-мантажных работ, вытворчасцю валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабаротам і па росце намінальна налічанай сярэдняй заработнай платы. Пры гэтым зусім не лішне перыядычна аналізаваць сітуацыю з рэальным станам спраў у той ці іншай галіне, а ў выпадку неабходнасці без прамаруджвання прымаць рашэнні па выпраўленні сітуацыі. У прыватнасці, па выніках адзінаццаці месяцаў рознічны тавараабарот праз усе каналы рэалізацыі склаў у супастаўных цэнах да ўзроўню мінулага года 102,5 працэнта пры прагнозе 104. Пагадзіцеся, пры па-сапраўднаму зацікаўленым падыходзе ў рабоце дабавіць 1,5 працэнта — не такая і вялікая праблема…
Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце тавараў займаюць Нацыянальны парк “Нарачанскі”, сялянскія гаспадаркі “Антэй-сад” і “Вікі-сад”, таварыствы “Вінакурня Нарач” і “Лексерт”, “Пілвудбуд”, “Мадэйра-груп” і “Экадомбуд”. Станоўчая дынаміка фіксуецца па ўсіх нашых здраўніцах. Расце іх напаўняльнасць, паток замежных грамадзян. Таму і экспарт паслуг толькі за дзевяць месяцаў перавысіў 11,5 мільёна долараў ЗША. Прагрэс забяспечваюць шырока вядомыя санаторыі “Сосны”, “Белая Русь” і “Прыазёрны”, нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр “Зубраня”, а таксама Нацпарк “Нарачанскі”. Значную прыбаўку па аб’ёме
экспарту паслуг дэманструюць і санаторыі “Нарачанка”, “Спадарожнік”, “Нарачанскі бераг”,
“Нарач”.
Самай знакавай падзеяй года для нашага дзівоснага куточка беларускай зямлі стаў абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018”. Мы змаглі належным чынам да яго падрыхтавацца, актыўна паўдзельнічаць у яркім хлебаробскім мерапрыемстве. Высокую ацэнку зробленаму ў дзень форуму давалі многія госці, у тым ліку і губернатар Міншчыны Анатолій Ісачанка. Як адзначыў на ўрачыстасці ў амфітэатры Анатолій Міхайлавіч, “…нельга не падзякаваць за выкананую работу раённай уладзе і жыхарам Мядзела. Дзякуючы вашай стараннасці горад ператварыўся ў камфортны для пражывання і прывабны для турыстаў цэнтр, а мы сёння маем магчымасць акунуцца ў атмасферу гэтага грандыёзнага і добрага свята…” Гэта высокая ацэнка рупнасці калектываў прадпрыемства меліярацыйных сістэм, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, “Нарачпрафбуда”, філіялаў “ДРБУ-133” і “ДЭУ-66”, якія напружана і вынікова папрацавалі на пераўтварэнні Мядзела, яго ваколіц. У гэтых арганізацыях добрасумленным выкананнем сваіх абавязкаў вызначаюцца трактарысты Мечыслаў
Захарэвіч, Генадзь Роліч, Сяргей Давідовіч, вадзіцелі Тамаш Вярбіцкі і Віталь Глухоўскі, тынкоўшчык Павел Мацкевіч, маляр Ірына Кос, зваршчык Яўген Пальцаў, рабочая па добраўпарадкаванні Юлія Вярбіцкая і многія іншыя.
На жаль, сёлетні год выдаўся не вельмі спрыяльным для хлебаробаў, таму і каравай для “Дажынак-2018” атрымаўся не з зайздросных. Валавы збор хлеба склаў крыху больш за дваццаць тры тысячы тон. А вось у нарыхтоўцы кармоў удалося зрабіць крок наперад. На ўмоўную галаву жывёлы на зімоўку маем 32,6 цэнтнера кармавых адзінак, што на 2,7 цэнтнера больш, чым у папярэднім годзе. Найбольш эфектыўна на сенажаці папрацавалі механізаваныя звенні таварыстваў “Зані” і “Будслаўскае”, АСП “Вузлянка”.
Пэўныя недапрацоўкі перашкодзілі добра разгарнуцца і з вытворчасцю прадукцыі жывёлагадоўлі. Хаця, як пераконвае жыццё, там, дзе справа на фермах арганізавана належным чынам, ёсць і добрыя вынікі. Маю на ўвазе найперш таварыства “Сваткі” пад кіраўніцтвам шаноўнага Мікалая Вараб’я, дзе за адзінаццаць месяцаў надой ад каровы склаў 6422 кілаграмы. У параўнанне з мінулым годам гэта больш на 247 кілаграмаў, добрая і таварнасць малака — 92,4 працэнта. Тое ж тычыцца і таварыства “Нарачанская Ніва 2004”, якое ўзначальвае Аляксандр Габрукевіч. Там таксама надой ад каровы перавышае шэсць тон, а плюс набліжаецца да тоны — 888 кілаграмаў па выніках 11 месяцаў. Не могуць не выклікаць павагі намаганні жывёлаводаў СГФ “Дзягілі”, якім умела кіруе Аляксандр Варашкевіч: надой малака ад каровы набліжаецца да шасці тон, а прыбаўка — да паўтоны. Лепшыя сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы атрымліваюць у таварыствах “Нарачанская Ніва 2004”, “Занарачанскі” і Нацпарку “Нарачанскі”. Някепскія яны і на свінакомплексе “Брусы” — 569 грамаў, што на восем працэнтаў перавышае адпаведны мінулагодні паказчык.
Ва ўсіх набытках, якія збіраліся па крупінках на працягу года, вялікая заслуга нашых лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплексу. Яны ёсць літаральна ў кожнай гаспадарцы. У таварыстве “Сваткі” гэта найперш знакамітае трыа ў складзе аператараў машыннага даення фермы “Новікі” Марыі Субач, Ірыны Бабровіч і Святланы Герасімовіч. Па іх даільнай зале надой ад каровы толькі за 11 месяцаў дасягнуў 8186 кілаграмаў, што на 759 кілаграмаў больш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Добрымі справамі славяцца механізатары таварыстваў “Мядзельскае аграпрамэнерга” Васіль Лісіцкі, СГФ “Дзягілі” — Віктар Казлоўскі, “Будслаўскае” — Міхаіл Крамок, “Нарачанская Ніва 2004” — Віталій Сямашка, “Свір-агра” — Іван Грумбянін і Аляксандр Рацкевіч, АСП “Вузлянка” — Валерый Масевіч, “Занарачанскі” — Іван Зянонавіч Сурвіла і вадзіцель Уладзімір Стадольнік, “Мядзелаграсэрвіс” — Сяргей Крывенькі і Іван Баркоўскі і многія-многія іншыя. На свінакомплексе “Брусы” прыклад эфектыўнай працы
дэманструюць Святлана Балаховіч, Наталля Цуканава і Таццяна Маціна, а ў атрыманні сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе звыш васьмісот грамаў на вырошчванні цялятак — Ніна Белісава з таварыства “Занарацкі” і Анастасія Юркойць з “Нарачанскай Нівы 2004”.
Гэты год адзначаны адчувальнымі пераменамі да лепшага і ў сацыяльнай сферы. У цэнтральнай раённай бальніцы закупілі новае медыцынскае абсталяванне, неабходнае для больш эфектыўнага лячэння насельніцтва. З мясцовага бюджэту выдзелена 200 тысяч рублёў для набыцця перасоўнага фельчарска-акушэрскага пункта з мэтай палепшыць даступнасць медыцынскай дапамогі вяскоўцам. Праведзены таксама бягучыя рамонты з добраўпарадкаваннем тэрыторый як цэнтральнай раённай бальніцы, так і Крывіцкай, Свірскай, Нарацкай участковых, Будслаўскай, Княгінінскай і Сваткаўскай амбулаторый. Усяго на гэтыя работы зрасходавана каля 800 тысяч рублёў. Радуе і тое, што пра працу многіх рупліўцаў названай галіны ідуць добрыя водгукі. У іх ліку ўрач агульнай практыкі Слабадской амбулаторыі Ірэна Вайцюлянец, загадчыца ФАПа аграгарадка Старлыгі Мая Яцына, загадчык хірургічнага аддзялення Дзмітрый Кацягоў, загадчыца склада цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Гусакова…
Цікавым і плённым выдаўся год, які ўжо адлічвае свае апошнія гадзіны, для адукацыі. Па выніках выпускных экзаменаў выдадзены дваццаць тры пасведчанні аб агульнай
базавай адукацыі з адзнакай, сем — асаблівага ўзору з залатым медалём. Узрос і сярэдні бал па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. А выпускнік нашай гімназіі-інтэрната Ілья Хвалько атрымаў сто балаў па матэматыцы (настаўніца Таццяна Казельская). Красамоўны і такі паказчык: больш за 53 працэнты выпускнікоў школ сталі студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі. На рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных прац вучань Нарацкай СШ №2 Данііл Рудзянкоў узнагароджаны дыпломам трэцяй ступені, а Анастасія Вінаградава з гэтай жа школы на XXII рэспубліканскім конкурсе даследчых работ у секцыі “біялогія” — дыпломам першай ступені. Абаім уручаны прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Многія з нас чулі, што на базе гімназіі-інтэрната працуе лабараторыя па легаканструяванні. У скарбонцы юных таленавітых робататэхнікаў і іх кіраўніка Вячаслава Саўчыка, які нядаўна за высокі прафесіяналізм адзначаны медалём Францыска Скарыны, — узнагароды ўсіх узроўняў: абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага. У лістападзе дзве каманды ў складзе Андрэя Маліноўскага, Арцёма Чаўлыткі, Дзяніса Барыева і Георгія Марозава прынялі ўдзел у Сусветнай алімпіядзе робатаў у Тайландзе, у якой спаборнічалі прадстаўнікі 63 краін. Зборная каманда КВЗ навучэнцаў і педагогаў раёна на рэспубліканскім турніры “У будучыню з усмешкай-2018” заваявала трэцяе месца, а на абласным фестывалі ў Салігорску на кубак губернатара Мінскай вобласці выйшла пераможцам.
Вялікая ўвага таксама надаецца ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі і спорту. Абнаўляецца парк школьных аўтобусаў, на бягучы і капітальны рамонт сёлета выдаткавана 1 мільён 870 тысяч рублёў. Апрача таго, са сродкаў Сусветнага банка праведзены капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа. Нельга не адзначыць і таго, што за выніковую работу з адоранымі вучнямі настаўніца геаграфіі Нарацкай СШ №2 Таццяна Пракоп адзначана Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі, яе калега па педагагічнай дзейнасці з гэтай жа школы Алена Раманькова — падзякай губернатара, як і выхавальнік Крывіцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Святлана Райчонак, а матэматык гімназіі-інтэрната Таццяна Казельская — граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь…
Прывабны імідж Мядзельшчыны ўзбагачаюць шматлікія культурна-масавыя мерапрыемствы, якія сталі ўжо традыцыйнымі. Адно з іх — рэгіянальная выстава-кірмаш народных промыслаў і рамёстваў “Камарова. Кола дзён”, якое ладзіцца штогод на тэрыторыі былога сядзібна-паркавага комплексу ў вёсцы Камарова. Карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў райцэнтра і шматлікіх нашых гасцей свята возера “Краса майго краю”, якое праводзіцца ў ліпені на беразе Мястра. Значнай падзеяй не толькі для раёна, але і для ўсёй Міншчыны стала адкрыццё мастацкай галерэі твораў народнага мастака Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Польшчы і акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі Васіля Шаранговіча — знакамітага айчыннага графіка, нашага земляка, ганаровага грамадзяніна Мядзельскага раёна. Сто трыццаць сваіх работ, сярод якіх значнае месца займаюць ілюстрацыі да твораў класікаў беларускай і сусветнай літаратуры, Васіль Пятровіч перадаў у дар роднай Мядзельшчыне. Нельга не ўспомніць і фестываль класічнай музыкі “У Шэметаве ў Шастаковіча”, прысвечаны сусветна вядомаму кампазітару Дзмітрыю Шастаковічу. Ладзіўся ён ужо трэці раз і меў статус міжнароднага. Заключны канцэрт з удзелам беларускіх музыкантаў і салістаў Парыжскай оперы праходзіў у касцёле Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў вёсцы Шэметава.
Канечне, усе культурныя мерапрыемствы, што праводзіліся на працягу цэлага года, які праходзіў пад знакам Года малой радзімы, пералічыць немагчыма. Творчымі іх арганізатарамі і ўдзельнікамі з’яўляюцца дырэктары Лацвянскага і Дзягільскага Дамоў майстра Ірына Шпак і Наталля Карэцкая, мастацкі кіраўнік Сваткаўскага сельскага Дома культуры Ірына Чараповіч, загадчыцы раённай дзіцячай бібліятэкі Святлана Кайко, Нарацкай пасялковай — Валянціна Заваліхіна, Баярскай сельскай — Людміла Мінкоўская… Добры рэзананс і ад дзейнасці драматычнага гуртка, які працуе пры Будслаўскай сельскай бібліятэцы.
На парозе Новага года выказваю сардэчную ўдзячнасць усім, хто ад душы шчыруе на сваім рабочым месцы, прымнажае багацце цудоўнай Бацькаўшчыны. Асаблівае шанаванне ветэранам, якія за сваё жыццё многае зрабілі, каб Мядзельшчына годна выглядала ў сузор’і рэгіёнаў сталічнай вобласці. Няхай і надалей квітнее наш родны азёрны край, а Новы год стане для ўсіх яшчэ больш багатым на вытворчыя набыткі і радасныя падзеі. Няхай у кожнай сям’і гаспадараць мір, дабрабыт, утульнасць, заўсёды збываюцца запаветныя светлыя мары. З надыходзячым Новым годам вас, дарагія сябры, з новым шчасцем і новымі працоўнымі здзяйсненнямі!



30 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле      Паруснікі                          06-043 Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела