Стартавалі калядныя кірмашы

РУКАТВОРНАЕ хараство, прыемная музыка, прадчуванне свята — усё гэта было ў суботу ў раённым Цэнтры культуры. Там ладзіўся кірмаш.

…Цудоўныя вырабы з драўніны — візітоўка Крывіцкага цэнтра народных рамёстваў. Прэзентавалі іх Уладзімір Гаранін і Мікалай Свечкароў. “У мяне гэтыя рэчы штодня перад вачыма — і то кожны раз прыемна паглядзець, — заўважае Уладзімір Мар’янавіч. І з сумам канстатуе: — Мала людзей на кірмашах бывае. Хай бы прыйшлі хоць паглядзець на такую прыгажосць, калі не набыць”.
Пераважна вырабы з саломкі прапануе наведвальнікам кірмашу дырэктар Дзягільскага Дома майстра Наталля Карэцкая. Тых, хто марыць ствараць прыгажосць уласнымі рукамі, бярэцца навучыць свайму рамяству. Для пачатку — хаця б плесці з саломкі дэкаратыўную яловую галінку.

Ірына Чараповіч са Сваткаўскага Дома культуры праводзіць майстар-клас па выразанні сняжынак. Калі ж лянуешся браць у рукі нажніцы — калі ласка, можаш набыць набор гатовых. А яшчэ — тэматычныя магніцікі, мяккія цацкі, вырабы з шышак…
Сувенірныя парасяты, ялінкі, снегіры, калядныя вяночкі прыехалі на кірмаш з Лацвянскага Дома майстра. “І цана прымальная: рубель-два, — тлумачыць дырэктар установы Ірына Шпак. — Гэта каб ніхто не пайшоў дадому з пустымі рукамі. А звярніце ўвагу на саламяныя ёлачныя цацкі — ідэю мы ў Дудутках падгледзелі. Праўда ж, прыгожа? І каштуюць толькі пяцьдзясят капеек за штуку!”
Традыцыйна ў кірмашы ўдзельнічае і аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў Мядзельскага ТЦСАН. Асартымент вырабленых сувеніраў досыць шырокі.
Выклікаюць захапленне вышытыя крыжыкам карціны мядзяльчанкі Ніны Герасімавай — дасканалае спалучэнне добрага густу, майстэрства і цярпення. “Разлік просты: адзін крыжык — адна капейка, — жартам адказвае на пытанне пра кошт сваіх работ жанчына. — Вядома ж, пакупнікоў на такія рэчы няшмат, вялікіх грошай на гэтым не заробіш. Але ж вышываю я не дзеля прыбытку”. Пра важнасць рукадзелля менавіта для душы гаворыць і яшчэ адна вышывальшчыца — мядзяльчанка Наталля Яблакава.
А рамесніца Раіса Панамарова прапануе пераважна вязаныя вырабы: снуды і цацкі. Сярод апошніх пераважаюць коцікі, зайчыкі і свінкі.
***
…Жывая рыба, мясныя і малочныя вырабы, садавіна і гародніна, прысмакі і напоі да святочнага стала — гэта ўсё на кірмашы, што традыцыйна ладзіцца на вуліцы Заазёрнай райцэнтра і непасрэдна на гарадскім рынку. Тых, хто прывык набываць прадукты ў бліжэйшай краме, асартымент, безумоўна, задаволіў. Ды і цэны не расчаравалі.

***
У нядзелю калядны кірмаш адбыўся ў курортным пасёлку Нарач.
Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.
Р. S. Кірмашы працягваюцца. У Мядзеле яны адбудуцца: у раённым Цэнтры культуры — 22 снежня (з 12.00 да 17.00) і 4 студзеня (з 10.00 да 15.00); на вуліцы Заазёрнай — 22, 29 снежня і 5 студзеня (з 9.00 да 12.00). У к. п. Нарач — каля будынка Нарацкага Цэнтра культуры і вольнага часу — 23 снежня і 5 студзеня (з 10.00 да 15.00).



21 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Гандаль

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          06-043 1-12 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела