Аляксей Махніст: «Зразумеў, што не магу без веславання»

Наш сённяшні госць — зямляк Аляксей Махніст. Толькі пералічэнне яго дасягненняў зойме нямала часу: майстар спорту міжнароднага класа па веславанні на каноэ, шматразовы чэмпіён і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў, фіналіст кубкаў, чэмпіянатаў Еўропы і свету, фіналіст еўрапейскага адбору ліцэнзій на Алімпійскія гульні 2016 года. Як склаліся для яго апошнія гады, што трэба, каб абараняць гонар краіны на II Еўрапейскіх гульнях — пра гэта ды іншае з ім і пагутарылі.

— Апошні раз пра вас пісалі ў «Нарачанскай зары» ў сувязі з выступленнем на Еўрапейскім адборы на Алімпійскія гульні і на І этапе Кубка свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Германіі ў 2016 годзе. У якіх яшчэ спаборніцтвах з таго часу ўдзельнічалі, якія месцы займалі?
— У тым жа годзе выйграў чэмпіянат Беларусі і стаў наймацнейшым канаістам у краіне. Пасля выступаў на чэмпіянаце Еўропы ў складзе каноэ-чацвёркі, і мы занялі 4-е месца. Па выніках сезона мяне ўключылі ў склад нацыянальнай каманды на 2017 год.
— А ў жыцці што змянілася?
— Закончыў навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры і спорту па спецыяльнасці «трэнер-выкладчык па вяслярным спорце», адслужыў у арміі ў спартыўнай роце, ажаніўся.
— Ці бачыцеся на спаборніцтвах з іншымі мядзяльчанамі-веслярамі?
— Землякі прадстаўляюць наш раён амаль ва ўсіх відах веславання на байдарках і каноэ, таму часта бачымся на зборах і спаборніцтвах, падтрымліваем сяброўскія кантакты. Таксама на спартыўныя мерапрыемствы прыязджаюць мае першыя трэнеры Аляксандр Фёдаравіч Карпей і Андрэй Вітальевіч Малько. Яны падтрымліваюць мяне на спаборніцтвах, а таксама прывозяць маладое пакаленне — як калісьці нас, зусім яшчэ юных, прывозілі заваёўваць медалі для нашай спартшколы.
— Выступленнямі юных калег з Мядзельскай СДЮШАР таксама цікавіцеся?
— Так, вядома. Заўсёды прыемна, калі выхаванцы школы, у якой і я калісьці займаўся, заваёўваюць прызавыя месцы на спаборніцтвах. Хоць наш раён і невялікі, але ва ўсе часы былі весляры з Мядзела, якія маглі на роўных канкурыраваць з наймацнейшымі. Тым больш, што Мядзельская СДЮШАР валодае ўсімі магчымасцямі для падрыхтоўкі спартсменаў у школьным узросце: вяслярнай базай на беразе возера, трэнажорнай залай і вяслярным басейнам для падрыхтоўкі зімой, які ёсць не на кожнай базе. Праводзяцца трэніроўкі і ў плавальным басейне, у зімовы час спартсмены бегаюць на лыжах. Увогуле, лічу, што заняткі спортам з дзяцінства фарміруюць якасці, якія спатрэбяцца ў жыцці: цягавітасць, сілу, стрэсаўстойлівасць. Спорт загартоўвае і робіць мацнейшым ва ўсіх праявах.
— Апошнія два гады для вас былі не надта ўдалымі ў спартыўным плане…
— У 2017 годзе быў у складзе нацыянальнай каманды, але перад пачаткам сезона прастуда, якая цягнулася цэлы месяц, выбіла мяне з формы. У сувязі з гэтым годнага выніку на міжнародных стартах паказаць не ўдалося. У той жа час стаў чэмпіёнам краіны ў складзе каноэ-двойкі і каноэ-чацвёркі, але гэтыя вынікі не далі падставы пакінуць мяне ў складзе нацыянальнай каманды. Такім чынам, на наступны год спансіравання для ўдзелу ў замежных зборах (на цёплай вадзе) у зімовы перыяд мне не далі. Гэты год прайшоў яшчэ горш. Мой асабісты трэнер сышоў на пенсію па стане здароўя, і асноўная падрыхтоўка вялася самастойна. І ўрэшце — мой вынік пакідаў жадаць лепшага. Пасля няўдалага перыяду ўзяў перапынак на тры месяцы. За гэты час зразумеў, што не магу без веславання, мне не хапае трэніровак, спаборніцтваў і трэба кудысьці падзець сваю энергію. Вырашыў вярнуцца, даць сабе шанц. Я люблю тое, чым займаюся, хачу і магу перамагаць, бо гэта не раз рабіў раней! Зараз трэніруюся ў Мінску з новым трэнерам і поўны сіл і энергіі для дасягнення новых перамог.
— Ці збіраецеся прымаць удзел у II Еўрапейскіх гульнях?
— Збіраюся, але для гэтага трэба прайсці ўнутраны адбор, каб прадстаўляць Беларусь летам у Мінску. Нават запусціў праект па зборы сродкаў на маю падрыхтоўку да міжнародных стартаў 2019 года, дзе аднымі з найважнейшых стануць II Еўрапейскія гульні. Збор сродкаў ідзе павольна. Выдатна разумею, што мая праблема не самая глабальная, і тым не менш упэўнены, што многія спартсмены, якія, як і я, былі «на хвалі», а потым на дне, зразумеюць мой стан. Я не сяджу склаўшы рукі ў спадзяванні, што грошы зваляцца на мяне. Узмоцнена трэніруюся, забяспечваю сябе фармакалогіяй, працую са спецыялістамі. Але ўсё гэта на мясцовым узроўні. Для замежных збораў і трэніроўкі на жывой вадзе патрэбныя іншыя сумы. Канцэпт (вяслярны трэнажор), зала, басейн — гэта ўсё выдатна, але трэніроўкі ва ўмовах, набліжаных да спаборніцкіх — вось чаго не хапае і што вельмі важна для дасягнення максімальнага выніку. Спадзяюся на дапамогу і падтрымку чытачоў «Нарачанскай зары» і ўсіх неабыякавых.
Як дапамагчы Аляксею Махністу і на што канкрэтна патрабуецца падтрымка, можна даведацца на краудфандынгавай платформе

Ulej

Гутарыў
Аляксандр ВЫСОЦКІ.



18 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

0-170  возера Мястра  06-012 Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела