Мора адрэныліну і перамога

Прайшло ўжо не так і мала часу, як Кубак губернатара Мінскай вобласці заваявала каманда нашага раёна, але ўражанні ў яе кіраўніка, метадыста вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ларысы Севярын ані не сталі менш яскравымі.
— Самыя яркія ўражанні ад фестывалю — гэта мора адрэналіну. У мерапрыемстве ўдзельнічала 25 каманд, з іх 13 — дарослыя. Вядома, узровень розны, але змагаліся ў агульнай абойме, — расказвае яна. — Калі прыехалі ў Салігорск і сталі рэгістраваць каманду пад назвай «Пераехала камбайнам» — гэта ўжо было смешна. Тыя, хто рэгістравалі, засмяяліся і пытаюцца: «А чаму так?» Адказваем: «У нас «Дажынкі» адбыліся. І ўсё пераехала камбайнам».
Потым у рэдактуры сказалі, што па прычыне вялікай колькасці каманд конкурс «Біятлон» здымаецца, застаецца толькі «Фрыстайл». Да яго па палажэнні рыхтавалі праграму на 6 хвілін. Але проста перад выступленнем усім давялося змяншаць яе на трэць. У хваляванні рэзалі, штосьці змянялі, крэатывілі. Калі рэпеціруеш на хаду, штосьці не атрымліваецца. Кажу дзецям: «Дарагія мае, вы павінны згуляць так, як быццам гэта — наша апошняе выступленне: на адным дыханні, у адным руху, вочы блішчаць — і мусіце ўзарваць залу». Яны адказалі: «Будзем старацца».
У зале прысутнічала Таццяна Шошына, якая некалі працавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Цяпер яна жыве ў Салігорску, прывезла каманду ад «Беларуськалія». Сказала мне потым: «Я хварэла за дзве каманды, за сваю «НІВАду» і мядзельскую — гэта ж мая радзіма. І калі вы выступілі пад дзявятым нумарам, зразумела, што ў іншых шанцаў вельмі мала».
Сапраўды, нашы дзеці ўзарвалі залу. Гледачы вельмі цёпла рэагавалі, і кожны жарт заходзіў «на ўра». І калі падводзілі вынікі, цеплілася надзея, каб хоць у тройку трапіць. Аб’яўляюць трэцяе месца, другое. І тут цягнуць інтрыгу, гледачы сядзяць у нецярпенні… І калі прагучаў першы склад «Пе…», зразумела, што перамагла наша каманда. Натуральна, зала ўстала. Апладзіравалі, падтрымлівалі — бачылі, што гэта не падсуджана і перамога сумленная.
— Як рыхтаваліся да выступлення?
— Гэта быў вельмі працяглы працэс. Мы б маглі і не паехаць на фестываль. Але ж маем такія рэзервы ў КВЗ, у нас раённыя фестывалі праходзяць — чаму б не паказаць сябе? Гульня прысвячалася Году малой радзімы. Яе тэма — “Minsk Region check-in”, альбо па-простаму, “зачэкінься” ў Мінскай вобласці. І мы вырашылі сказаць сваё слова. Вельмі шчаслівыя, што цудоўна выступілі, нас ацанілі.
— Як каманду набіралі?
— Мы ўжо не першы раз удзельнічаем у такіх мерапрыемствах. Вясной наша зборная «Адчыніце дзверы — мы ўвойдзем!» перамагла на абласным этапе VII рэспубліканскага турніру сярод школьных каманд КВЗ «У будучыню з усмешкай», была трэцяй у фінале на рэспубліканскім этапе. Дзеці ў камандзе засталіся тыя самыя, толькі ад нас адпала некалькі адзінаццацікласнікаў. Але пры наборы ў каманду не казалі: «Ты павінен», прапаноўвалі: «Ты можаш?» У выніку засталіся тры адзінаццацікласнікі і дзве дзесяцікласніцы. У складзе каманды — Аляксей Клімовіч (капітан), Глеб Колбун, Маша Жыхар з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. І двое з Нарацкай СШ №2: і Яна Куратнік. Толькі пяцёра — вырашылі браць не колькасцю, а якасцю. Але няважна, што іх было мала. На сцэне здавалася, што цэлы вялікі ансамбль працуе сінхронна і зладжана. Плюс Аркадзь Багдановіч быў за гукарэжысёра. Адбіўкі ж таксама немалаважныя. У некаторых каманд былі неблагія жарты, а адбіўкі — правальныя, і жарты «не зайшлі» ў залу. А ў нас кожная адбіўка была на высокай ноце.
Яшчэ ў камандзе — кіраўнік (я) і два выдатныя трэнеры — маладыя настаўнікі Рыгор Хіла са Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка і Яўген Купрэвіч з Нарацкай СШ №2. Шмат з імі спрачаліся, але доўга адзін на аднаго не крыўдавалі, прыходзілі да агульнага меркавання. У выніку атрымалася вось такая цудоўная каманда. Вядома, вельмі б хацелася і іншых дзяцей узяць, бо раённы фестываль паказвае, што талентаў у нас хапае. Але ёсць праблема, як з розных куткоў збірацца на рэпетыцыі.
— Дарэчы, як рэпеціравалі?
— Вучэбны працэс не зрывалі, чакалі заканчэння ўрокаў. Нарачанскіх дзяцей прывозілі бацькі. З паловы чацвёртай, чатырох гадзін — да шасці, а калі і да сямі вечара рэпеціравалі. Галоўнае, што ў школьнікаў было жаданне.
— У іх пасля заканчэнні фестывалю якія ўражанні?
— Дзеці былі ў захапленні. І крычалі, і плакалі ад радасці, і казалі, што мы лепшыя. Атрымалі кубак, салодкія прызы, падарункі, ад БРСМ, напрыклад — магнітна-маркерную дошку.
— За кошт чаго ўдалося перамагчы?
— Заўсёды кажу, патрэбна воля да перамогі. І каманду настройваю, што неабходна імкнуцца быць лепшымі. Не тое, што галоўнае — удзел, галоўнае — перамога.
— Адной волі да перамогі не хапіла б…
— Так, неабходны і прафесіяналізм, і жаданне дзяцей. Трэнеры ў нас цудоўныя. Раіліся, бачылі, што «зойдзе» гледачу. Лічу, што мы спадабалася не толькі добрымі жартамі, але і відовішчнасцю, энергіяй — выступалі ў адзіным парыве.
— Удзельнікі журы што ў кулуарах казалі?
— Вельмі прыемна было, калі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Таццяна Хмель адзначыла, што ў нас цудоўная каманда: сарвала такія апладысменты, што Салігорск прымаў стоячы. Казалі таксама, што нас можна запрашаць як каманду-госцю на форумы.
— Што далей у руху Клуба вясёлых і знаходлівых?
— Раённы фестываль таксама не пакідаем, і гэтыя дзеці будуць гуляць у паўфінале за свае каманды. У абласным фестывалі «У будучыню з усмешкай» таксама, спадзяюся, будзем удзельнічаць.

Наша даведка
Адкрыты абласны фестываль каманд КВЗ «Кубак губернатара Мінскай вобласці» прайшоў 23 лістапада ў Палацы культуры Салігорска. За яго змагаліся 25 каманд вясёлых і знаходлівых не толькі з нашай вобласці, але і з розных куткоў Беларусі: з Гомеля, Гродна, Брэста. Вёў мерапрыемства тэлевядучы і спявак Георгій Калдун. Арганізатарамі адкрытага абласнога фестывалю КВЗ сталі абласны выканаўчы камітэт, Салігорскі райвыканкам і абласная арганізацыя ГА «БРСМ».

Аляксандр ВЫСОЦКІ.



18 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   Касцёл у Мядзеле  223_ 06-043

Пабрацімы Мядзела