Быць карысным не толькі сабе, але і азёрнаму краю

Госці, якія прыйшлі 7 снежня ў Мядзельскі раённы Цэнтр культуры, сталі ўдзельнікамі новага фармату вядомага ток-шоу “Няхай гавораць пра цябе, малады спецыяліст”. Пад такой назвай праходзіў штогадовы злёт маладых спецыялістаў, падчас якога новыя работнікі арганізацый Мядзельшчыны змаглі бліжэй пазнаёміцца з прадстаўнікамі мясцовай улады, атрымаць ад іх парады і карысную інфармацыю, а таксама адказы на свае пытанні.
Перад тым, як пачаць дыялог, удзельнікам паказалі яркае і цікавае відэа аб Нарачанскім краі, у якім вялікая ўвага надаецца таму, што наш раён — месца не толькі для працы, але і для адпачынку.
Такім чынам, эксперты занялі свае месцы, госці падрыхтаваліся слухаць і пытацца. Ток-шоу “Няхай гавораць пра цябе, малады спецыяліст” пачынаецца…
Да прысутных звяртаецца старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатолій Вайнілка:
— Мы вітаем вас на Мядзельшчыне. Наш край — дзівосны куток зямлі, дзе сышліся вада і паветра. Тут створаны ўсе ўмовы для развіцця гарманічнай, маральнай, здаровай творчай асобы. Адсюль выйшлі такія вядомыя людзі, як народны паэт Максім Танк, народная артыстка Марыя Захарэвіч, народны мастак Васіль Шаранговіч і іншыя. І цяпер тут жывуць і працуюць спагадлівыя і гасцінныя людзі. Усе дасягненні ў эканамічным і сацыяльным развіцці раёна — заслуга яго жыхароў. Мы разлічваем, што вы дапаможаце прымножыць гэтыя дасягненні і станеце годнымі членамі нашага грамадства.
Пытанне з залы:
— Што робіцца, каб маладыя спецыялісты, якія пачынаюць на Мядзельшчыне свой працоўны шлях, засталіся тут і пасля заканчэння адпрацоўкі?
— Вядома, у першую чаргу, гэта годныя зарплаты. Відавочна, што даходу павінна хапаць не толькі на тое, каб забяспечыць бытавыя патрэбы, але і каб мець магчымасць арганізаваць адпачынак, дазволіць сабе нешта для душы. Таксама гэта пытанне забеспячэння маладых спецыялістаў жыллём. Сёлета па раёне пабудавана больш за дзевяць тысяч квадратных метраў жылля, плануем узвесці ў Мядзеле і ў курортным пасёлку Нарач саракакватэрныя дамы. Як бачыце, у раёне думаюць пра сваіх маладых спецыялістаў.
У гэтым годзе маладымі кадрамі папоўніліся прадпрыемствы лясной і сельскагаспадарчай галін, установы адукацыі, аховы здароўя, праваахоўныя органы і іншыя сферы. На свае першыя працоўныя месцы прыбыло больш за сто чалавек.
Пра тое, што для яе значыць словазлучэнне “малады спецыяліст”, кажа намеснік старшыні райвыканкама Іна Барыева:
— Гэта малады чалавек са сваёй харызмай, са сваім незвычайным характарам, які лічыць, што можа перавярнуць свет. Ён разумее, што яму падуладна ўсё, таму што ў яго для гэтага ёсць кемлівасць, жаданне і, самае галоўнае, маладосць. Я спадзяюся, той, хто ўпершыню патрапіў на Мядзельшчыну, палюбіць дзівосны край. Тут ёсць усе магчымасці для рэалізацыі не толькі прафесійнага патэнцыялу, але і творчага, і асобаснага.
У Мядзельскім раёне ўважліва ставяцца да маладых спецыялістаў і ствараюць усе ўмовы для якаснага жыцця і камфортнай працы: даюць жыллё, у арганізацыях за імі замацоўваюць настаўнікаў, калектыўнымі дагаворамі прадугледжваецца шэраг дадатковых гарантый і кампенсацый.
Аб гарантыях, якія дае дзяржава новым працаўнікам, распавяла галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Анжаліка Раскова. Галоўнае, пра што гаварылася — маладыя спецыялісты, якія прыбылі па размеркаванні ў сельскагаспадарчыя арганізацыі і маюць патрэбу ў жыллі, ім забяспечваюцца. Гэта могуць быць дамы, кватэры, пакоі ў інтэрнатах, а таксама падтрымка ў аплаце здымнага жылля. Таксама прадугледжаны даплаты да заробку, сацыяльныя адпачынкі для навучання і выплаты розных матэрыяльных дапамог.
Больш падрабязна на вырашэнні пытання жылля спыніўся галоўны спецыяліст аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Аляксандр Варановіч. Ён распавёў аб працэсе атрымання жылля. Але, акрамя гэтага, прысутных вельмі цікавіла, што рабіць, калі сацыяльных кватэр альбо дамоў у населеным пункце няма, а мясцовыя жыхары не здаюць. Эксперты паабяцалі вырашыць такія пытанні ў прыватным парадку ў найбліжэйшы час.
Вельмі поўна распавяла пра крэдытаванне і льготы для маладых спецыялістаў галоўны спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу Мінскага абласнога ўпраўлення Цэнтра банкаўскіх паслуг № 619 горада Мядзела філіяла № 601 ААТ “ААБ “Беларусбанк” г. Маладзечна Дар’я Жэнеўская.
Першы сакратар раеннага камітэта грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Марына Апанасенак выказала ўпэўненасць, што падчас працы маладыя спецыялісты будуць актыўна супрацоўнічаць з БРСМ, удзельнічаць у валанцёрскіх і грамадска-карысных праектах і ўвогуле з карысцю і весела бавіць вольны час разам.
Пытанне з залы:
— Я ўступала ў БРСМ яшчэ ў школе, але чула, што змянілася форма білетаў. Ці магу абнавіць свой?
— Так, зараз білеты выглядаюць, як звычайныя банкаўскія карткі. І, акрамя ідэнтыфікацыі ўдзельніка саюза, даюць права на зніжкі ў крамах, якія знаходзяцца ў партнёрскай праграме. А каб абнавіць білет, неабходна проста прыйсці ў раённы камітэт з пашпартам.
Слова ўзялі і самі маладыя спецыялісты: Юлія Сусалка — ветэрынарны ўрач ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”, Вольга Брэзіцкая — эканаміст той жа арганізацыі і Наталля Блажэвіч — настаўнік замежнай мовы ДУА “Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі”. А таксама выступіла каманда КВЗ “Пераехала камбайнам”.
Напрыканцы мерапрыемства эксперты яшчэ раз звярнулі ўвагу на тое, што ў наш час недастаткова проста валодаць прафесійнымі ведамі. Неабходна таксама хварэць за сваю справу, быць улюбёным ў працу. Не проста выбраць свой шлях у жыцці, а прыкладаць усе намаганні, каб годна яго прайсці, самарэалізавацца і стаць сапраўдным прафесіяналам. Менавіта такія неабыякавыя людзі прынясуць карысць не толькі сабе, але і свайму раёну, і сваёй краіне.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



17 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  на Блакітных азёрах        возера Глубелька Царква ў Крывічах

Пабрацімы Мядзела