Людзі з “Добрым сэрцам”

Трэцяга снежня ў Рэспубліцы Беларусь адзначаецца Дзень інвалідаў. А пятага — Міжнародны дзень валанцёра. І акурат паміж дзвюма гэтымі датамі, якія вельмі звязаны адна з адной, валанцёрскі атрад “Васількі” ў рамках акцыі “Рабі добрыя справы” валанцёрскага руху “Добрае сэрца” наведаў Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі раёна.
Там быў арганізаваны ранішнік “Свята сяброўства”. У госці да дзяцей прыйшоў спачатку дракончык, якога так і назвалі — Добрае сэрца, ён танцаваў разам з дзецьмі і падараваў ім паветраныя шарыкі. А потым з’явілася дзяўчынка Лянота, якую сумеснымі намаганнямі перавыхавалі і зрабілі актыўнай і вясёлай.
Дзеці разам з выхавальнікамі падрыхтавалі для бацькоў і гасцей некалькі музычных нумароў. Танцавалі і спявалі песні, адгадвалі загадкі і адказвалі на самыя розныя пытанні. А ў канцы мерапрыемства прапанавалі ўсім разам станцаваць “Танец сяброў”.
Валанцёры падаравалі цэнтру канцылярскія прылады і сшыткі, якія спатрэбяцца дзецям у навучальным годзе, а таксама сувеніры і салодкія пачастункі. На развітанне атрад “Васількі” паабяцаў вярнуцца на навагоднія святы і, мяркуючы па тым, як дзеці не хацелі адпускаць сваіх новых сяброў, іх сапраўды будуць чакаць.
— Кожны раз так шмат эмоцый ад зносін з гэтымі дзеткамі, — дзеліцца першы сакратар раённага камітэта БРСМ Марына Апанасёнак. — Мне здаецца, менавіта дзеля гэтага і варта далучацца да валанцёрскай дзейнасці. Мы штогод наведваем цэнтр: на Першае верасня, Новы год, да Дня інвалідаў. І кожны раз жаданне паўдзельнічаць — фінансава ці проста асабіста — выказвае ўсё больш людзей.
— Колькі наогул у нашым раёне валанцёрскіх атрадаў, якія працуюць у рамках праграмы “Добрае сэрца”?
— Усяго пятнаццаць атрадаў. Што характэрна, большасць арганізавана на базе навучальных устаноў. Яны часта дапамагаюць пенсіянерам. Напрыклад, зімой чысцяць тэрыторыю ля дома, дарожкі ад снегу, носяць ваду. Радуе, што ў нашым раёне такія свядомыя падлеткі. Праўда, хацелася б, каб было больш дарослых атрадаў ад арганізацый. Пры райкаме БРСМ існуе такі. Мы запрашаем уступіць у “Васількі” працоўную моладзь, заклікаем людзей падтрымаць тых, хто сам сабе дапамагчы не можа, удзельнічаць у розных акцыях. Тым, хто лічыць, што не зможа сам прыйсці на мерапрыемства, прапануем паўдзельнічаць фінансава. Атрад не мае пастаянных спонсараў, але штогод з’яўляюцца новыя арганізацыі і прыватныя асобы, якія жадаюць унесці свой уклад.
— А як чалавек можа запісацца ў атрад? Ці абавязкова для гэтага ўступаць у БРСМ?
— Запісацца можна ў раённым камітэце, для гэтага трэба толькі жаданне, ну і пашпарт, вядома (смяецца). Паколькі атрад арганізаваны менавіта нашым камітэтам, то членства ў БРСМ пажадана. Праўда, у нас яшчэ не здаралася, каб людзі наадрэз адмаўляліся. Напрыклад, сёння з намі ў акцыі ўпершыню ўдзельнічала Вікторыя Стэрнад. Яна — малады спецыяліст — загадчык аддзела раённага цэнтра культуры. Мы ўбачылі, што дзяўчына вельмі актыўная, і самі запрасілі ў атрад. Яна пагадзілася. А адразу пасля мерапрыемства спытала, ці можна абнавіць членскі білет.
Пра тое, як яна адчувае сябе ў ролі валанцёра, спытаем саму Вікторыю.
— Аб валанцёрскім руху “Васількі” ведала ўжо даўно і заўсёды сачыла за мерапрыемствамі і акцыямі, якія праходзілі, але неяк не рашалася прапанаваць сваю дапамогу, — кажа дзяўчына. — Пасля запрашэння Марыны ўступіць у шэрагі валанцёраў і прыняць удзел у мерапрыемстве ў цэнтры — пагадзілася, нават не думаючы! З радасцю правяла там час, падзялілася сваім настроем. А дзеці, у сваю чаргу, парадавалі нас музычнымі нумарамі.
— Якімі якасцямі павінен валодаць чалавек, каб уступіць у добраахвотніцкі атрад?
— Рух “Добрае сэрца” нездарма так называецца, — адказвае Марына Апанасёнак. — Мне здаецца, менавіта дабрыня і любоў да бліжняга з’яўляюцца галоўнай зброяй валанцёра. Памятаю сваё першае мерапрыемства. Тады таксама наведвалі дзяцей-інвалідаў. І тое, што ты адчуваеш ад таго, як цёпла яны сустракаюць гасцей, радуюцца, што ты да іх прыйшоў і пагуляў з імі, доўга не хочуць адпускаць — цяжка перадаць словамі. Упэўнена, як бы ні склаўся мой лёс, з валанцёраў ніколі не пайду.
— Скончыце сказ: “Стаць валанцёрам важна, таму што…”
— Таму што ў нашым свеце і так дастаткова праблем і несправядлівасці. Становіцца менш жывых зносін. Таму вельмі важна рабіць, хай гэта і банальна, добрыя справы, не азіраючыся на нейкую асабістую і тым больш матэрыяльную выгаду. Лепшыя чалавечыя якасці раскрываюцца менавіта ў момант зносін з іншымі людзьмі. Раскрываюцца і стымулююцца. Усім відавочна, што, каб мець моцныя мышцы, трэба хадзіць у трэнажорную залу. Так і
з душэўнымі якасцямі. Каб быць добрым — трэба рабіць добрыя справы.
— Якія планы ў атрада на навагоднія святы?
— Бліжэйшае мерапрыемства — “Цуды на Каляды”. Запрашаем усіх неабыякавых прыняць у ім удзел. Для гэтага трэба да 20 снежня прынесці ў раённы камітэт БРСМ цацкі, сшыткі, канцтавары і гэтак далей. А таксама пакінуць свае кантакты, калі хочаце разам з намі раздаваць падарункі дзеткам, якія апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі — напрыклад, перад самымі святамі трапілі ў бальніцу. Давайце разам створым дзецям свята!

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота аўтара



13 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   0-170 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела