Першы лёд памылак не даруе

НАДЫШОЎ час ледаставу. Можна будзе скараціць шлях, пагуляць на рацэ ці возеры і, вядома, парыбачыць. Але першы лёд нясе з сабой і небяспеку. Днямі сустрэўся са старшынёй раённага таварыства выратавання на водах Аляксеем ЛАПЕКАМ і папрасіў яго нагадаць асноўныя правілы бяспечных паводзін на лёдзе.
— Асноўнае правіла — не рызыкаваць самому і не дазваляць рабіць гэта іншым. Пакуль лёд не дасягне таўшчыні 7 сантыметраў, на яго нельга ступаць. Памятайце, што трывалы лёд — празрысты, ён мае зеленаватае адценне. Перш чым пачаць рухацца па лёдзе, варта пераканацца ў яго трываласці. Зрабіць гэта можна любым цвёрдым прадметам. Рухацца трэба асцярожна адзін за адным на адлегласці не менш за 5-6 метраў.
Асабліва ўважлівымі будзьце ў месцах, якія пакрыты снегам. Абыходзьце месцы ўпадзення раўчукоў, выхаду грунтавых вод і крыніц, скіду сцёкавых вод, умерзлых кустоў, чароту, травы. А вось катацца на каньках на вадаёмах можна толькі пры таўшчыні лёду 10-12 сантыметраў.
— Аляксей Пятровіч, што вы параіце аматарам падлёднай рыбалкі? Яны хоць сёння гатовы заняцца сваёй любімай справай.
— Заўсёды памятайце, што вас чакаюць дома. Ніякі ўлоў нельга параўноўваць з жыццём чалавека. А першы лёд вельмі небяспечны. Будзьце ўважлівыя. Ідучы на рыбалку, абавязкова прыхапіце з сабой самыя простыя выратавальныя сродкі: выратавальную камізэльку ці нагруднік, вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам вагой 400-500 грамаў на другім.
Небяспечна бегаць па лёдзе, збірацца вялікімі групамі. Не трэба бурыць шмат лунак на блізкай адлегласці (менш за 5-6 метраў). Калі аказаліся на тонкім, які патрэсквае, лёдзе, не губляйцеся. Асцярожна павярніце назад і слізгаючымі крокамі вяртайцеся да берага.
— Нагадайце, як патрэбна дзейнічаць, калі праваліўся пад лёд.
— Дзейнічаць трэба хутка і рашуча: шырока раскінуць рукі і без рэзкіх рухаў імкнуцца выбрацца на цвёрды лёд, а потым, лежачы на жываце або спіне, набліжацца да берага, пры гэтым трэба адначасова клікаць іншых людзей на дапамогу.
Пры аказанні дапамогі таму, хто праваліўся пад лёд, варта выкарыстоўваць драбіны, дошкі, жэрдкі, вяроўкі і іншыя спадручныя сродкі (нават шалік ці паліто ў такіх выпадках можа выратаваць жыццё), падаўшы іх таму, хто церпіць бедства. Калі выратавальнікаў некалькі, то лепш утварыць ланцужок, утрымліваючы адзін аднаго за ногі.
Памятайце, што чалавек, які трапіў у ледзяную ваду, можа адубець праз 10-15 мінут, а праз 20 — страціць прытомнасць. Таму жыццё пацярпелага залежыць ад кемлівасці і хуткасці дзеянняў выратавальнікаў. Калі адсутнічае дыханне і сардэчная дзейнасць, неадкладна прыступайце да штучнай вентыляцыі лёгкіх і абавязкова выклікайце хуткую медыцынскую дапамогу.

Гутарыў Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



06 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 img_4257 Касцёл у Засвіры   84

Пабрацімы Мядзела