Мацярынскі подзвіг высока адзначаны

Пачалося мерапрыемства вядомым здаўна танцам закаханых — вальсам, які грацыёзна выканалі вучні гімназіі. Юныя пары, кружачыся пад чароўныя гукі музыкі, стваралі атмасферу ўзнёсласці і святочнасці. І тым самым нібы сцвярджалі, што жыццё працягваецца, і ў ім галоўныя дзеючыя асобы — “Ён” і “Яна”.
Вядучая — Вікторыя Стэрнад — шчыра вітае ўсіх прысутных. Яна зазначае, што асаблівыя заслугі мнагадзетных матуль перад краінай пачалі адзначацца з ліпеня 1944 года. У СССР былі зацверджаны званне і ордэн “Маці-гераіня”, ордэн “Мацярынская слава” і “Медаль мацярынства”. Ордэн Маці, устаноўлены Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 1995 годзе, стаў пераемнікам традыцыі заахвочвання мнагадзетных матуль на дзяржаўным узроўні. Першае ўзнагароджанне ім адбылося 14 кастрычніка 1996 года. З таго дня звыш васьмі з паловай тысяч мацярок, якія нарадзілі і годна выхавалі пяць і больш дзяцей, атрымалі гэту ўзнагароду.
Сярод запрошаных на ўрачыстасць — мнагадзетныя матулі, адзначаныя ордэнам Маці, — Таццяна Чаславаўна Гайковіч з мужам Анатолем Іосіфавічам і Таццяна Валянцінаўна Нікончык з мужам Віктарам Іванавічам. Дзяўчаты ў нацыянальных строях з пажаданнямі шчасця, здароўя, дабрабыту дораць шаноўным матулям сувенірныя кветкі, з любоў зробленыя юнымі майстрамі.
Для правядзення ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання ордэнам Маці да мікрафона запрашаецца старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка.
— Ключавы накірунак дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь і адна з асноў дэмаграфічнай бяспекі — падтрымка сем’яў. Стан інстытута сям’і, ступень яго ўстойлівасці з’яўляюцца важнейшым індыкатарам дэмаграфічнага здароўя краіны. У цэлым дзяржава прымае мноства мер для таго, каб статус маці ў рэспубліцы рос і паважаўся ў грамадстве, — гаворыць Анатолій Мар’янавіч. — Дзяржава падтрымлівае мнагадзетныя сем’і дапамогамі і дадатковымі выплатамі, выдзяленнем льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, назначэннем сямейнага капіталу. Штогод да пачатку новага навучальнага года выдзяляецца аднаразовая матэрыяльная дапамога. Толькі ў нашым раёне сямейны капітал назначаны 189 мнагадзетным сем’ям. Сёлета дапамога аказана 544 школьнікам з 267 мнагадзетных сем’яў. 27 сем’яў за кошт льготнага крэдытавання палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. Плануецца, што да канца года гэта зробяць яшчэ адзінаццаць. Толькі ў раёне з 2013 года колькасць мнагадзетных сем’яў вырасла са 199 да 293, з іх у 19 выхоўваецца па пяць і больш дзяцей. Ордэн Маці — знак глыбокай павагі і прызнання выключна важнай ролі жанчыны ў грамадстве. Гэтай высокай дзяржаўнай узнагародай адзначаны 42 мнагадзетныя матулі раёна. Сёння мы прысутнічаем на ўрачыстым мерапрыемстве, дзе будуць уручаны яшчэ два ордэны жанчынам, якія выхоўваюць дастойных грамадзян сваёй краіны. Па значнасці і важнасці мацярынская місія не ведае сабе роўных. Выбар на карысць вялікай і моцнай сям’і — адказны крок, які патрабуе шмат духоўных і фізічных сіл. Такія матулі — набытак нашага раёна, любімай Беларусі. Вырашаючы важныя задачы ў жыцці краіны, вы разам з тым непрыкметна, выхоўваючы дзяцей, ствараеце яе будучыню. Ваш мацярынскі подзвіг — сапраўдны. Ён заслугоўвае самага высокага знаку доблесці — ордэна Маці. Паважаныя Алена Міхайлаўна і Марыя Андрэеўна, сёння для вас важны дзень. Жадаю вам доўгага і шчаслівага жыцця ў
акружэнні дзяцей, ганарыцеся іх справамі, учынкамі. Няхай шчаслівыя лёсы вашых
сем’яў пішуць мірную гісторыю нашай незалежнай шматсямейнай Беларусі!
У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лістапада 2018 года № 423 за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей ордэнам Маці адзначаецца Марыя Даражынская. Марыя Андрэеўна разам з мужам Мікалаем Мікалаевічам падыходзяць да Анатолія Мар’янавіча, які ўручае мнагадзетнай матулі высокую дзяржаўную ўзнагароду. А ў гэты час вядучая расказвае, што ў іх сям’і выхоўваецца двое непаўналетніх дзяцей, а трое — дарослыя — вучацца, працуюць, будуюць свае сем’і, з’яўляючыся гонарам для бацькоў і прыкладам для малодшых братоў. І муж, і жонка працуюць у ААТ “Сваткі”: яна — жывёлаводам, ён — трактарыстам. Яны ўсё робяць разам: выхоўваюць дзяцей, даглядаюць хатнюю гаспадарку, падтрымліваюць парадак і ўтульнасць у доме. Матуля радуецца, калі ў бацькоўскі дом прыязджаюць старэйшыя дзеці і ўся
сям’я збіраецца за сталом. А яшчэ і дарослыя, і дзеці любяць падарожнічаць на ўласным аўтамабілі як па Беларусі, так і па тэрыторыі дзяржаў-суседак — Расіі і Украіны. Летам яны з задавальненнем праводзяць вольны час у лесе за зборам грыбоў і ягад.
Са словамі віншавання звяртаецца да ўзнагароджанай намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце адкрытага акцыянернага таварыства “Сваткі” Вера Хацяновіч. Вера Уладзіміраўна дзякуе мужу і жонцы за старанную працу. Зычыць дабрабыту і ўсяго самага найлепшага, каб дзеці радавалі і паважалі бацькоў, а матуля з татам, у сваю чаргу, ганарыліся імі. На добры ўспамін аб мерапрыемстве Вера Уладзіміраўна ўручае Марыі Андрэеўне букет кветак, а яе мужу — падарунак.
Сярод удастоеных ордэна Маці і Алена Трубач, якая прыйшла на ўрачыстую цырымонію з мужам Яўгенам. У іх сям’і выхоўваецца пяць непаўналетніх дзяцей. Алена Міхайлаўна — ураджэнка вёскі Камаі Пастаўскага раёна, а Яўген Анатольевіч — з Вілейкі. Аднак яны пазнаёміліся і стварылі сям’ю ў Мядзеле. Трубачы вельмі дружныя, заўсёды адзін аднаму дапамагаюць. Алена Міхайлаўна лічыць, што муж адпавядае статусу ідэальнага мужчыны і клапатлівага таты. Не зважаючы на тое, што вельмі заняты на рабоце, Яўген знаходзіць час і на сям’ю: ён — і нянька, і выхавальнік, і трэнер, і повар, і лепшы сябар для дзяцей, а для жонкі — падтрымка і апора. У іх сям’і існуе традыцыя — здзяйсняць пешыя прагулкі. Як абодва лічаць, гэта і для здароўя карысна, і добры сумесны адпачынак.
Пасля таго, як Алена
атрымала з рук старшыні райвыканкама ордэн Маці, іх сям’ю з такой нагоды павіншаваў начальнік раёна электрычных сетак, дзе працуе Яўген, Андрэй Сяргеенка. Андрэй Мікалаевіч пажадаў моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у працы і жыцці. А каб гэты дзень запомніўся, уручыў сям’і Трубачаў кветкі і падарунак.
Ад імя мнагадзетных сем’яў раёна да ўзнагароджаных звярнуўся Віктар Нікончык, павіншаваў іх. У сваю чаргу прамоўца падзякаваў дзяржаве, уладам за дапамогу і падтрымку, якая аказваецца мнагадзетным сем’ям, а таксама за мір і спакой у нашым вялікім агульным доме. Гучалі ў той дзень і музычныя падарункі, адрасаваныя шчаслівым матулям.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



05 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Рэчка Нарачанка        Лебедзі на Нарачы

Пабрацімы Мядзела