У абыход рызыкі

СНЕЖАНЬ для страхавых работнікаў традыцыйна пачынаецца з прафесійнага свята. З добрымі вынікамі і настроем адзначаюць яго і ў прадстаўніцтве
“Белдзяржстраху” па нашым раёне. Больш падрабязна пра тое, чым жыве сёння арганізацыя (а “Белдзяржстрах” — лідар страхавога рынку краіны), на чым грунтуюцца яе вопыт і традыцыі, што дазваляе будаваць трывалае супрацоўніцтва з партнёрамі, расказвае дырэктар прадстаўніцтва Павел ЧАРНЯЎСКІ:

— Асноўная наша задача — рэальная кампенсацыя затрат насельніцтва, прадпрыемстваў у выпадку прыродных катаклізмаў, няшчасных выпадкаў, пагар-
шэння здароўя і гэтак далей. Па вялікім рахунку, мы нясём
грошы ў дом. Калі казаць больш канкрэтна, то наша кампанія аказвае звыш 90 відаў абавязковага і добраахвотнага страхавання і з’яўляецца самай універсальнай. Што дазваляе пра гэта казаць? Мы знаходзім самыя розныя падыходы ў справе страхавання як юрыдычных, так і прыватных асоб. Сучаснае жыццё напоўнена рызыкамі, а нашы паслугі дазваляюць іх у значнай меры кампенсаваць. Радуе, што многія гэта разумеюць.
— Павел Уладзіслававіч-Паўлавіч, якія віды страхавання найбольш запатрабаваны ў жыхароў Мядзельшчыны?
— Нашых землякоў больш за ўсё трывожаць захаванасць маёмасці і здароўе. І гэта зразумела. Бо вельмі крыўдна раптам, у выніку нейкіх катаклізмаў, страціць нажытае за доўгія гады. Ды і ў выпадку праблем са здароўем мець фінансавую падтрымку заўсёды дарэчы. Папулярнасць набываюць і добраахвотныя віды страхавання аўтамабіляў, бо ўсё часцей людзі становяцца ўладальнікамі дарагіх, а то і новых транспартных сродкаў. Пазбаўленне ад лішніх перажыванняў за захаванне жалезных коней — гэта якраз тое, што мы можам гарантаваць. Прыемна, што ўсё больш сустракаецца людзей, якія думаюць наперад.
— Цікава, а якія віды страхавання выбіраеце асабіста вы?
— У мяне іх сем, і яны тычацца пытанняў здароўя майго і дзяцей, застрахаваны таксама аўтамабіль і жыллё. Нічога лішняга. І ўвогуле, прыказка “Шавец без ботаў” — гэта не пра нашу арганізацыю.
— Прафесійнае свята — гэта яшчэ і нагода падвесці вынікі. Тым больш, што не за гарамі канец года. Ці радуюць паказчыкі?
— На працягу года стараліся выконваць даведзеныя планы па ўсіх відах страхавання. Калі коратка, то спрацавалі з нарастаючым вынікам. Пазітыўная дынаміка паказвае, што намаганні ўсяго калектыву (а гэта 26 чалавек) дастаткова эфектыўныя і мэтанакіраваныя.
— “Белдзяржстрах” вядомы і дабрачыннымі акцыямі, што, безумоўна, станоўча ўплывае на імідж арганізацыі. Якія з іх запомніліся жыхарам азёрнага краю?
— Думаю, многія ўзгадаюць сёлетняе свята апошняга званка, калі ў рамках акцыі “Белдзяржстрах — дзецям” павіншаваць навучэнцаў некаторых устаноў адукацыі раёна па нашым запрашэнні прыехалі прадстаўнікі спартыўнай каманды “МАЗ-СПОРТаўта”— сярэбранага прызёра гонак “Дакар-2018”. Школьнікі мелі магчымасць разгледзець вялізны спартыўны аўтамабіль, пагутарыць з членамі экіпажа. А гімназія і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі атрымалі яшчэ і падарункі ад “Белдзяржстраха”. Прадстаўніцтва ўнесла свой
уклад і ў справу падрыхтоўкі горада да абласных “Дажынак”. Мы аказалі спонсарскую дапамогу камунгасу на набыццё і ўстаноўку дзіцячага гульнявога абсталявання ў дваровых тэрыторыях Мядзела. За наш кошт устаноўлены чатыры такія комплексы.
— Канкурэнцыя падштурхоўвае многія кампаніі, арганізацыі распрацоўваць сістэму бонусаў і прывілей для заахвочвання пастаянных кліентаў. Што прапаноўвае “Белдзяржстрах” сваім надзейным партнёрам?
— У гэтым годзе некаторым арганізацыям, якія цесна супрацоўнічаюць з намі, з фонда прэвентыўных мерапрыемстваў выдзелены грашовыя сродкі. Іх атрымалі НДЦ “Зубраня”, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Да канца снежня такую падтрымку акажам яшчэ некалькім арганізацыям.
— Каго з работнікаў хацелі б адзначыць у гэты святочны дзень?
— Мне пашанцавала ў тым плане, што ў прадстаўніцтве працуюць выключна кампетэнтныя і адказныя спецыялісты. Больш за дваццаць год прафесійнага стажу ў начальніка сектара страхавання і ўрэгулявання страт Святланы Жолудзевай. Яна — цудоўны спецыяліст, дзелавым якасцям якога можна па-добраму пазайздросціць. Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі вядучы эканаміст Святлана Чыркевіч. У яе — выключная дакладнасць у разліках, у многім дзякуючы яе мэтанакіраванасці ўдаецца выконваць даведзеныя паказчыкі. Хочацца адзначыць і вядучага спецыяліста Ігара Струкачова, які сёлета ўзнагароджаны падзякай філіяла “Белдзяржстраха” па Мінскай вобласці. Сярод страхавых агентаў стараннем і адказнасцю за даручаную справу вызначаюцца Ганна Цывілька, якая за амаль трыццаць пяць год працы ў арганізацыі дасягнула самых высокіх вяршынь прафесіяналізму, а таксама Валянціна Дземяшкевіч, Галіна Казлоўская, Сяргей Грышкевіч, Лілія Яцкевіч. Гэта наша надзейнае звяно. Толькі добрае магу сказаць і ў адрас іншых работнікаў, бо ў агульным выніку ёсць уклад кожнага.
— Ці вялікі маеце спіс надзейных партнёраў?
— Так, і радуе, што ён пастаянна пашыраецца. Сёння мы эфектыўна супрацоўнічаем з санаторыем “Нарачанка” (кіраўнік — Сяргей Куруленка), з нашым беларускім “Артэкам” — цэнтрам “Зубраня” (кіраўнік — Надзея Ануфрыева), філіялам “ДЭУ № 66” (кіраўнік — Віктар Буйко), камунгасам (кіраўнік — Аляксандр Чарняўскі). Вельмі прыемна працаваць з разлікова-касавым цэнтрам № 37 філіяла “Белаграпрамбанка” (кіраўнік — Ала Шыдлоўская). Хачу выказаць Але Ананьеўне падзяку за актыўны ўдзел у рэалізацыі праекта “Страхавая фабрыка”.
— Павел Уладзіслававіч-Паўлавіч, што пажадаеце калегам у Дзень страхавых работнікаў?
— У першую чаргу — здароўя, шчасця, удачы. Канечне, пабольш надзейных кліентаў, а яшчэ — аптымізму і дабрабыту!

Гутарыла Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



04 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Прафесійныя святы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Глубелька Касцёл у Шэметава   Касцёл у Мядзеле  1-12

Пабрацімы Мядзела