Пераважае індывідуальны падыход

Аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў ДУ “Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” функцыяніруе са снежня 2007 года. У мэтазгоднасці яго існавання не адзін раз пераканаліся маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама іх бацькі. Больш падрабязна даведацца пра названае вышэй аддзяленне дапаможа гутарка з яго загадчыкам Аксанай СІСЬКЕВІЧ:

— Пачну з таго, што наша аддзяленне створана для аказання дапамогі людзям з абмежаванымі магчымасцямі ў сацыяльна-бытавой, сацыяльна-працоўнай і сацыяльна-псіхалагічнай рэабілітацыі. У аснову работы пакладзены прынцып прымаць чалавека такім, які ён ёсць. Таму да наведвальнікаў аддзялення стараемся знайсці індывідуальны падыход. Спрабуем зразумець, што ім цікава, навучыць новаму, развіць сацыяльна значныя якасці асобы кожнага.
— Калі я вас правільна зразумела, і тым самым дапамагаеце ім знайсці сябе ў грамадстве?
— Так. Галоўная задача работы аддзялення — інтэграцыя людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадства, фарміраванне самастойнасці і адказнасці, развіццё камунікатыўных навыкаў і творчых здольнасцей. З гэтай мэтай створаны і працуюць на бясплатнай аснове гурткі “Рукадзелле”, “Камп’ютарны майстар”, “Свет кветак”, “Палітра”. Дарэчы, многія работы нашых наведвальнікаў можна ўбачыць на выставах падчас розных святаў. У рамках работы клуба “Геркулес” маем магчымасць два разы на тыдзень наведваць фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, дзе ёсць трэнажорная зала, більярд, басейн, настольны тэніс. Прычым кожны, хто наведвае аддзяленне, можа сам выбраць накірунак, дзе хацеў бы займацца.
— Наколькі ведаю, у вас створаны клуб “Сямейныя традыцыі”. Раскажыце, калі ласка, пра яго.
— Такі клуб у нас сапраўды існуе, і яго наведваюць маладыя інваліды і іх бацькі. У рамках дзейнасці клуба праводзяцца конкурсныя і гульнёвыя праграмы, экскурсіі, паходы па гістарычных мясцінах Мядзельшчыны. Шмат станоўчых эмоцый і яркіх уражанняў пакідае наведванне тэатра, канцэртаў. Асобныя і цяпер узгадваюць сумесную з бацькамі паездку ў Маладзечна на спектакль Мінскага абласнога драматычнага тэатра “Ну, вы даёте!”. Святочная атмасфера самога тэатра, цудоўная пастаноўка, ігра акцёраў, пераканана, надоўга застануцца ў памяці ўсіх, хто там пабываў.
— Аксана Дзмітрыеўна, а ці рэалізоўваеце вы якія-небудзь праекты?
— На базе аддзялення сумесна з Мядзельскім музеем народнай славы рэалізуецца праект “Тайны музея”. У рамках яго мы змаглі бясплатна пабываць на выставе папугаяў, палюбавацца пейзажамі, створанымі мастаком з Маладзечна Міколам Аўчыннікавым. А колькі эмоцый, якія немагчыма перадаць словамі, пакінула наведванне адкрытай у курортным пасёлку Нарач персанальнай галерэі твораў нашага земляка, народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча!
— Ці ўдзяляеце ўвагу падрыхтоўцы людзей з абмежаванымі магчымасцямі да самастойнага жыцця?
— Гэта, дарэчы, адзін з галоўных накірункаў работы нашага аддзялення. З мэтай фарміравання ў маладых інвалідаў неабходных ведаў і практычных навыкаў для самастойнай арганізацыі свайго быту на базе аддзялення працуе рэабілітацыйна-працоўная майстэрня “Сакрэты кухні”. На занятках пад кіраўніцтвам спецыялістаў юнакі і дзяўчаты асвойваюць тэхналогію прыгатавання розных страў, вучацца мыць посуд, наводзіць у памяшканні парадак, што ім, безумоўна, спатрэбіцца ў далейшым жыцці. Акрамя таго, знаёмім рабят з правіламі бяспекі, бо гэта катэгорыя грамадзян часта становіцца ахвярамі зламыснікаў. Таму ў нас бываюць з гутаркамі супрацоўнікі міліцыі, выратавальнікі, урачы.
— Як працуе аддзяленне?
— Мы рады бачыць сваіх наведвальнікаў у рабочыя дні з васьмі да сямнаццаці гадзін. Дарэчы, працуем не толькі з жыхарамі Мядзела, але і іншых населеных пунктаў, якія, каб дабрацца ў райцэнтр, часта прывязаны да транспарту. Вось чаму шчыра парадаваліся, калі ў снежні мінулага года ў курортным пасёлку Нарач адкрыўся сацыяльны пункт. Пры ім арганізавана выязная форма работы аддзялення: два разы ў месяц — другая і чацвёртая серада з 14.30 да 16.30. На базе гэтага пункта працуе гурток “Камп’ютарны майстар”. Інваліды першай і другой груп з аграгарадка Нарач і курортнага пасёлка, іншых населеных пунктаў, размешчаных непадалёку, маюць магчымасць падчас заняткаў бясплатна навучыцца асновам работы на камп’ютары, што дапаможа ім з часам свабодна карыстацца паслугамі розных інтэрнэт-рэсурсаў і сацыяльных сетак. Дарэчы, па інфармацыю па ўсіх пытаннях можна звяртацца да нас у аддзяленне па нумары 25-8-86.
— Аксана Дзмітрыеўна, наколькі разумею, вашы наведвальнікі з карысцю праводзяць у аддзяленні свой вольны час?
— Лічу, што так. Бо маладыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, займаючыся даступнай творчай дзейнасцю, удзельнічаючы ў разнастайных сустрэчах, гульнёвых праграмах, не проста ўступаюць у зносіны між сабой, але і атрымліваюць навыкі сацыяльна дапушчальных грамадскіх паводзін, вучацца цікава арганізоўваць свой вольны час. Такім чынам, работа аддзялення якраз і накіравана на тое, каб кожны наведвальнік на ўласным вопыце ўсвядоміў праўдзівасць вядомага выказвання: “інваліднасць — не прысуд”. А таксама тое, што ў многім ад яго самога залежыць далейшае жыццё, якое можна змяніць да лепшага.

Гутарыла
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



04 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84 возера Мястра Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела