Надзея БАЛОБАН: “Стараюся дапамагаць іншым”

Да даты 3 снежня Надзея Балобан мае самае непасрэднае дачыненне. Трынаццаты год запар жанчына ўзначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”.
— Надзея Мікалаеўна — чалавек шчыры, адкрыты, неабыякавы, — кажа намеснік дырэктара Мядзельскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Наталля Шаранговіч. — Мне па роду службовай дзейнасці даводзіцца часта сустракацца з ёй. Таму выдатна ведаю, як старшыня хвалюецца за кожнага члена таварыства, імкнецца ўсім дапамагчы: каму — добрым словам, слушнай парадай, а каму — і канкрэтнай справай.

У раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку — 62 чалавекі. Працаздольных сярод іх адзінкі. У асноўным гэта людзі пенсіённага ўзросту, якія патрабуюць да сябе значнай увагі.
— Адзінокім людзям вельмі патрэбны зносіны. А таму ім часта так хочацца з некім пагаварыць, — апавядае Надзея Балобан. — Вось і зусім нядаўна мне патэлефанавала жанчына, якая з’яўляецца членам нашага таварыства. Ёй патрэбна было проста некаму раскрыць душу: расказаць пра сябе, пра набалелае, пра хвалюючыя пытанні. І мая задача заключалася ў тым, каб цярпліва выслухаць. Размова доўжылася амаль дзве гадзіны. І мела плён, бо мы абедзве засталіся задаволеныя: мая суразмоўца — што была пачута, я — што проста падтрымала.
— А чым вам як старшыні грамадскага аб’яднання даводзіцца займацца? — пытаюся.
— Спраў, дзе патрэбна прыкласці не толькі рукі, але і часцінку сэрца, вядома, хапае. Сваё прызначэнне бачу ў тым, каб быць карыснай людзям, — адказвае Надзея Мікалаеўна. — Таму працую ў цесным кантакце з нашай абласной структурай, а таксама з раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства інвалідаў па агульных захворваннях”, якое ўзначальвае Іван Дашчынскі. Мы разам з Іванам Францавічам і яго надзейнай памочніцай Вольгай Іванаўнай Тункевіч і сумесныя мерапрыемствы арганізоўваем, і розныя надзённыя праблемы, якія хвалююць нашых падапечных, вырашаем. Сталі традыцыйнымі шашачныя турніры напярэдадні Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь. Віншуем членаў таварыстваў з адметнымі датамі календара, з юбілеямі ў іх асабістым жыцці. Арганізоўваем сумесныя чаяпіцці да 8 Сакавіка, Дня маці, Дня пажылых людзей. А якімі цікавымі атрымліваюцца наладжаныя паездкі! Толькі сёлета пабывалі ў “Аптэкарскім садзе” ЗАТ “Беласептыка”, дэндрасадзе імя Сяргея Гомзы. Шмат незабыўных уражанняў пакінула і наведванне ў курортным пасёлку Нарач персанальнай галерэі твораў
вядомага мастака, ураджэнца Мядзельшчыны Васіля Шаранговіча.
— А дзе могуць паправіць сваё здароўе члены Беларускага таварыства інвалідаў па зроку? Якая ім яшчэ аказваецца дапамога з боку дзяржавы? — цікаўлюся.
— Праз Мядзельскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва мы атрымліваем пуцёўкі ў санаторый “Пад’ельнікі”. Толькі сёлета там змаглі паправіць сваё здароўе 11 чалавек. Літаральна нядаўна з вобласці на таварыства былі выдзелены 3 смартфоны з агучанай мовай, а таксама танометры для вымярэння артэрыяльнага ціску з аплатай на льготных умовах. Акрамя таго, выдаюцца і тыфласродкі. А таму мы вельмі ўдзячны за разуменне нашых праблем раённаму выканаўчаму камітэту, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, тэрытарыяльнаму цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, вышэйстаячым структурам. Актыўна супрацоўнічаем мы і з раённай арганізацыяй Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа. Урэшце агульнымі намаганнямі стараемся аблегчыць жыццё членаў таварыства, напоўніць яго сэнсам.
Сама Надзея Мікалаеўна нетутэйшая. Прыехала ў Нарачанскі край у 1986 годзе з вёскі Двор-Савічы Брагінскага раёна. Чарнобыльская катастрофа прымусіла іх з мужам пакінуць абжытае месца. Як цяпер прызнаецца, напачатку не збіраліся затрымлівацца на Мядзельшчыне. Але лёс распарадзіўся інакш. Азёрны край стаў месцам нараджэння іх сына. А неўзабаве на сямейным савеце было прынята рашэнне застацца тут назаўжды. Цяпер пра свой выбар жанчына не шкадуе. Наадварот, яна зраднілася з цудоўным краем і лепшага месца для жыцця сваіх блізкіх не ўяўляе.
— Калі мы прыехалі на Мядзельшчыну, — кажа мая суразмоўца, — уладкавалася запраўшчыцай у саўгас “Нарач”. Тады дырэктарам там працаваў вядомы многім Станіслаў Жабко. Але калі выйшла з дэкрэтнага адпачынку, а сына аддала ў дзіцячы сад, давялося памяняць месца работы. Так і апынулася на рыбакамбінаце “Нарач”. Адразу ўсё было добра, але пасля паступова з’явіліся праблемы са здароўем. Па прычыне страты зроку адразу атрымала трэцюю, а пасля — другую групу інваліднасці. Памятаю, колькі перажывала, плакала… Не ўяўляла, як буду жыць далей… Узяць сябе ў рукі дапамаглі родныя, знаёмыя. Значна падтрымалі і члены раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, у якое з часам уступіла. Цяпер не лічу сваю бяду трагедыяй, як адразу, бо ведаю, што ў людзей ёсць і горшыя, чым мая, праблемы. Таму стараюся дапамагаць іншым пераадольваць цяжкасці. Гэтай пазіцыі пастаянна і прытрымліваюся.
Як асабіста пераканалася, дабрыня і сардэчнасць — надзейныя партнёры жанчыны. Яны і дазваляюць ёй годна ісці па жыцці і адчуваць сябе патрэбнай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
На здымку: Надзея Балобан і Іван Дашчынскі.
Фота Аляксандра Высоцкага.



04 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 Касцёл у Засвіры   _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела