Адценні прафесіі

ВІКТОРЫЯ Кліпенштэйн — юрыст. Заўтра яна, як і яе калегі, будзе адзначаць прафесійнае свята. Што прыцягальнага бачыць у юрыспрудэнцыі творчы чалавек? Пра гэта расказвае яна сама.

ЗДАРАЕЦЦА, што выпадковасць вырашае будучыню. Напрыклад, сабраўся ты паступаць у педуніверсітэт на педагога-псіхолага, ды не
атрымалася. Губляць год шкада. Пачынаеш разглядаць варыянты і разважаць: “Паспрабую на юрфак, і нават платны спосаб атрымання адукацыі мяне ўжо не спыніць!” У выніку планаваў адно, а выйшла па-іншаму, выпадкова. Прыблізна такая гісторыя атрымалася ў Вікторыі Кліпенштэйн, вядучага юрысконсульта мядзельскага цэнтра банкаўскіх паслуг № 619 філіяла № 601 ААТ “Беларусбанк”. Але самае галоўнае, што выпадкова выбраная прафесія прыйшлася да душы. Юрыспрудэнцыя для Вікторыі аказалася надзвычай цікавай сферай, якая патрабуе пастаяннага ўдасканалення, развіцця. У яе працы няма манатоннасці, наадварот, амаль кожны дзень паўстаюць новыя задачы, якія нельга пакінуць нявырашанымі.
Вікторыя — з Шаркаўшчыны. Там жа пачынала працоўную дзейнасць: адразу ў мясцовым райспажыўтаварыстве, потым — у ПМС. Можа б і зараз працавала там, каб (зноў жа!) не выпадковасць. Аднойчы трапіла на адпачынак на Нарач. Маляўнічыя краявіды самага вялікага возера краіны настолькі ўразілі, што з’явілася моцнае жаданне назіраць іх кожны дзень. У мядзельскі філіял “Белаграпрамбанка” якраз патрабаваўся юрыст, Вікторыя падала дакументы — і яе ўзялі на працу. З таго часу прайшло восем год. А пасля аптымізацыі, два гады таму, жанчына перайшла ў “Беларусбанк”.
— Калі параўноўваць сферы маёй дзейнасці, то ў банку ўсё ж цікавей, — дзеліцца Вікторыя. — Тут трэба шмат чытаць, вывучаць, шукаць адказы на шматлікія пытанні, каб у рэшце рэшт прыйсці да пэўнай ісціны. Шмат маю зносін з людзьмі. У гэтай працы прысутнічае, я б сказала, і творчасць. Мяне гэта захоплівае.
Вікторыя прызнаецца, што дома з роднымі яна такая ж патрабавальная, строгая, як і на працы. Ёй падабаецца, каб усюды быў парадак і ўсё ляжала па палічках. А вось ці гэта адбітак прафесіі ці характар, жанчына дакладна і не ведае. Хутчэй, прафесія добра легла на характар.
— Вікторыя, а калі не банк, а іншая сфера. Што б выбралі?
— Калі фантазіраваць, то цікава было б папрацаваць з эканамічнымі злачынствамі. Думаю, што змагла б сябе там праявіць. Праўда, па ўзросце ў праваахоўныя органы ўжо не падыходжу, — усміхаецца жанчына.
— Памарым яшчэ. А вось у цяперашнім узросце, калі не юрыспрудэнцыя, то што?
— Тады медыцына. У свой час матуля не падтрымала мой намер паступаць у медвучылішча пасля дзевяці класаў. Я ніколі не баялася крыві, уколаў. Але, магчыма, гэта толькі мая ілюзія.
Ад працоўных клопатаў Вікторыя адпачывае ў сямейным коле. Задавальненне і душэўны спакой дораць дочкі, якіх у іх з мужам дзве. Усе разам любяць гуляць каля возера Нарач (Кліпенштэйны жывуць у курортным пасёлку) і атрымліваць асалоду ад навакольнай прыгажосці. Яшчэ адна аддушына — маляванне. Аказваецца, Вікторыя ў дзяцінстве закончыла мастацкую школу. Зараз, праўда, не малюе, але дочкам дапамагае з задавальненнем. Дык вось адкуль вострае ўспрыманне прыгожага!
— Тады адкажыце, калі ласка, фарбамі якіх колераў вы б намалявалі юрыспрудэнцыю? Магчыма, гэта карціна ў чорна-бела-шэрых адценнях?
— Зусім не. Гэта быў бы дастаткова стракаты малюнак, яркі і насычаны.

Іна ЯРЧАК.
Фота Аляксандра Высоцкага.



03 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   0-170     Паруснікі                          dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела