Тэрыторыя сямейнай небяспекі

АДБЫЛОСЯ сумеснае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама і каардынацыйнага савета па кантролі за рэалізацыяй Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

З грунтоўным аналізам сітуацыі за 10 месяцаў гэтага года выступіла дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна ЦЕРАШКЕВІЧ. Са студзеня па кастрычнік ва ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме паступіла 135 паведамленняў пра сямейную нядобранадзейнасць, пацвердзілася — 49 (36,3%). Найбольш такой інфармацыі атрымана з міліцыі, устаноў аховы здароўя і адукацыі. Паўторна звесткі пра сямейную нядобранадзейнасць паступалі ў адносінах да сямі сем’яў. На пачатак лістапада прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС) 84 непаўналетнія з 44 сем’яў (на 1 студзеня было адпаведна 72 з 42-х). Ёсць “ячэйкі грамадства”, якіх існуюць ва ўмовах бязладдзя даўно і, насуперак намаганням зацікаўленых службаў, нічога істотна змяняць не збіраюцца. Як вынік, дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы звыш паўгода. Большасць непаўналетніх катэгорыі СНС складаюць школьнікі (59,5%), ёсць дашкаляты (17,8%) і нават малыя ва ўзросце да трох гадоў (20,2%), а таксама двое стаяць на ўліку ў аддзеле занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. 14 (16,7%) такіх дзяцей з 9-ці сем’яў жывуць у Мядзеле, 70 (83,3%) з 35 сем’яў — у сельскай мясцовасці. Найбольш непаўналетніх катэгорыі СНС на тэрыторыі Занарацкага (19 дзяцей з 10 сем’яў), Слабадскога (адпаведна 16 з 5-ці) і Нарацкага (10 з 7-мі) сельсаветаў.
Самымі распаўсюджанымі ў раёне прычынамі сацыяльна небяспечнага становішча непаўналетніх з’яўляюцца неналежнае выкананне бацькамі абавязкаў па выхаванні і ўтрыманні дзяцей, злоўжыванне спіртнымі напоямі, сямейныя канфлікты.
За 10 месяцаў года з уліку СНС знята 88 непаўналетніх з 51 сям’і. З іх 87,5% — у сувязі з нармалізацыяй сітуацыі, 8% — па прычыне прызнання патрэбы ў дзяржаўнай абароне, 4,5% — па іншых прычынах (паступленне, смерць дзіцяці, дасягненне ім паўналецця). Давялося прызнаць, што 8-мі непаўналетнім з 5-ці сем’яў патрабуецца дзяржаўная абарона. Тры дзіцяці вернуты ў 2 біялагічныя сям’і. А пазбаўлены бацькоўскіх правоў 9 бацькоў у адносінах 11-ці дзяцей з 6-ці сем’яў. У раёне нізкі працэнт вяртання дзяцей у біялагічныя сем’і (21,4%), расце сацыяльнае сіроцтва.
Пра сямейна-бытавыя канфлікты, іх прычыны, уплыў на дзіця гаварылі псіхолагі: Таццяна ТАНАНА з тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Андрэй СТРЫГАЛЁЎ з цэнтральнай раённай бальніцы. Па дапамогу да гэтых спецыялістаў могуць звяртацца ўсе, каму яна патрэбна (да Таццяны Дзмітрыеўны — нават па тэлефоне — 21-1-11). Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Мая СЕМЯНОВІЧ прааналізавала абгрунтаванасць прызнання знаходжання дзяцей у сацыяльна небяспечным становішчы. Пра парадак дзеянняў суб’ектаў прафілактыкі пры выяўленні дзяцей, які апынуліся ў нядобранадзейнай сітуацыі, гаварыла дырэктар раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра Таццяна ЦЕРАШКЕВІЧ.
На неабходнасці няўхільна прытрымлівацца патрабаванняў Дэкрэта № 18, выяўляць сямейную нядобранадзейнасць на ранніх этапах, не замоўчваць праблемы дзеля добрай статыстыкі акцэнтавала ўвагу прысутных старшыня камісіі па справах непаўналетніх — намеснік старшыні райвыканкама Іна БАРЫЕВА.
Прыняты шэраг рашэнняў, накіраваных на павышэнне выніковасці работы ў названым напрамку.
***
Па абароне правоў кожнага дзіцяці, якое знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, складаюць індывідуальны план. Каб дапамагчы сям’і выйсці з крызісу, наладжана міжведамаснае супрацоўніцтва — разам дзейнічаюць установы адукацыі і аховы здароўя, райаддзелы міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і сельвыканкамы, замацаваныя службовыя асобы… Хочацца спадзявацца, што іх намаганні будуць выніковымі.
Аднак, згадзіцеся, тое, наколькі бяспечна і камфортна дзіцяці ў сям’і, залежыць найперш ад галоўных дарослых у яго жыцці — бацькоў, а не ад зацікаўленых службаў. І самой сям’і лепш не даводзіць сітуацыю да таго, каб чужыя людзі (хай сабе і з найлепшымі намерамі) кантралявалі, ці ёсць у дзіцяці што есці, абуць і апрануць, дапамагалі дарослым людзям працаўладкавацца ці прыдбаць дровы, вучылі гатаваць сняданкі ды прыбіраць у хаце і г. д.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.



03 снежня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе 06-012     Паруснікі                          wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела