Педагагічная дынастыя Ракецкіх

Пяцьдзясят год разам! Сёлета Ніна Фёдараўна і Франц Юльянавіч Ракецкія з Крывічоў адзначылі залатое вяселле.

Франц Юльянавіч родам з вёскі Яцкавічы Будслаўскага сельсавета. У 1952 годзе паступіў у Пастаўскае педагагічнае вучылішча. Займаўся там, як узгадвае, з Аркадзем Нафрановічам, Іванам Вараб’ём.
— Усе мае аднагрупнікі, — расказвае, — не здрадзілі прафесіі настаўніка. Годна служылі школе, дзецям. А з Аркадзем Іосіфавічам нас звязвала цеснае сяброўства. Прычым увесь час, пакуль не перастала біцца яго сэрца. Дагэтуль беражліва захоўваю альбом, які ён падараваў мне на адзін з юбілеяў. Там да кожнага фотаздымка зроблены рукой майстра слова вершаваныя подпісы — такія цёплыя, арыгінальныя, у іх усё маё жыццё адлюстравана… Дарэчы, і я захапляўся фатаграфаваннем. Гэта хобі яшчэ з перыяду вучобы ў педвучылішчы. Захапіў ім нас, навучэнцаў, намеснік дырэктара вучылішча. Так яно і ішло пастаянна побач. Фатаграфаваў прыроду любай Мядзельшчыны, сваіх родных, блізкіх, калег. На многіх здымках можна пабачыць маю Ніну Фёдараўну, дачку з сынам. А ўвогуле па сямейных альбомах можна прасачыць усе перыяды жыцця. Гэта ж так цікава!
— А як складваліся вашы працоўныя будні? — пытаюся.
— Пасля заканчэння педвучылішча ў 1956 годзе мяне накіравалі на работу ў пачатковую школу ў вёску Габітацыя, што на Вілейшчыне. Праз паўтара месяца прызвалі ў армію, — апавядае гаспадар дома. — Адразу служыў на мяжы Расіі з Кітаем, а пасля — на Байкануры. Давялося пабачыць, як запускалі ракеты, як рыхтаваліся да палёту ў космас чалавека. Уражанні ад службы самыя добрыя. Беражліва захоўваю і брытву, якую мне падараваў маёр Грэчук… Пасля дэмабілізацыі з войска пайшоў у аблана, адкуль накіравалі мяне выхавальнікам у дзіцячы дом у Косцевічах. Сем гадоў там адпрацаваў. А калі пабудавалі ў Крывічах школу-інтэрнат, перавялі туды настаўнікам матэматыкі. Я да таго часу закончыў завочна педінстытут… Так што жыву і працую ў гарадскім пасёлку, з 1966 года… А ў 1967-ым і сваю другую палавінку там сустрэў.
Ніна Фёдараўна родам з Магілёўшчыны. Закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і прыехала ў Крывічы па накіраванні настаўнікам біялогіі. Не мог Франц Юльянавіч не звярнуць увагу на прыгажуню-дзяўчыну, якая прыглянулася з першага позірку. Па ўсім бачна, маладому педагогу таксама спадабаўся хлопец. З часам сяброўства перарасло ў моцнае каханне, дзякуючы якому яны паўвека ўжо разам крочаць па жыцці, усё дзелячы папалам. Так нарадзілася сям’я Ракецкіх, якая дагэтуль жыве ў Крывічах у двухпакаёвай кватэры, якую некалі атрымала ў шматкватэрным жылым доме.
Ніна Фёдараўна была біёлагам: напачатку, як ведаем, у школе-інтэрнаце, потым — у сярэдняй школе. Прывівала сваім вучням любоў да роднай зямлі, да працы. Вяла і прышкольны ўчастак, які быў адным з лепшых у раёне. На базе школы пастаянна праводзіліся семінары, у тым ліку абласнога, рэспубліканскага значэння. А як высока была пастаўлена даследчая, селекцыйная работа! Па сутнасці з усяго былога Савецкага Саюза прывозіла педагог расліны ў школу, клапатліва іх даглядала. Быў нават там свой пладова-ягадны гадавальнік, дзе біёлаг сама прышчэплівала дрэўцы, размнажала і вырошчвала саджанцы, якія раздавалі па школах азёрнага краю. Дарэчы, нізкарослыя сарты яблынь у Крывічах з’явіліся першымі дзякуючы менавіта намаганням Ніны Фёдараўны.
Франц Юльянавіч шмат год прысвяціў рабоце ў Крывіцкім вучэбна-вытворчым камбінаце, дзе рыхтавалі трактарыстаў, шафёраў, аператараў машыннага даення, швачак. Быў завучам, дырэктарам. Адсюль яго перавялі ў Крывіцкую дапаможную школу, дзе пасаду кіраўніка займаў 10 год. І не проста займаў, а быў для дзяцей, якія там вучыліся, за роднага бацьку. Клапаціўся пра іх, аберагаў. Вялікую ўвагу надаваў развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы, кадрам. Была там гадамі і нядрэнная ўласная падсобная гаспадарка.
— Калі споўнілася 65 гадоў, паехаў ў аблана, — успамінае мой суразмоўца, — дзе сказаў, што мае рэзервы закончыліся. Папрасіў назначыць маладзейшага кіраўніка. Мяне замяніў на гэтай пасадзе Аляксей Васільевіч Сарокін, а намеснікам у яго быў малады, энергічны Андрэй Мар’янавіч Дубаневіч, які зараз узначальвае Крывіцкае спецыяльнае лячэбна-выхаваўчае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча закрытага тыпу. Праўда, я тады на заслужаны адпачынак не пайшоў, яшчэ пяць гадоў працаваў настаўнікам.
Усе ў пасёлку скажуць, што Ракецкія жывуць у павазе і любові. Ніхто ніколі не чуў, каб яны сварыліся, павышалі адзін на аднаго голас. Разам шчыруюць на агародзе, на бульбяным палетку, даглядаюць курэй. З вырашчанай сваімі рукамі гародніны гаспадыня робіць на зіму нарыхтоўкі, якімі частуе родных і знаёмых. Сушыць яна дома і яблыкі з уласнага саду. У гэтым і мы ўпэўніліся, калі нечакана завіталі да іх у кватэру.
Сына і дачку выхавалі Франц Юльянавіч і Ніна Фёдараўна. Андрэй закончыў БІМСГ, атрымаў дыплом інжынера-электрыка. У яго сям’і двое дзяцей. Міхаіл служыць у арміі. А Ганна пасля 9 класаў вучыцца ў каледжы. Дачка Марына пайшла па бацькоўскіх слядах. Яна па адукацыі біёлаг. Працавала ў Крывіцкай сярэдняй школе настаўнікам, завучам. Цяпер яна — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Крывіцкага спецыяльнага лячэбна-выхаваўчага прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча закрытага тыпу. Цяпло свайго сэрца Марына Францаўна аддае выхаванцам установы, стараецца зрабіць усё магчымае і немагчымае, каб яны сталі на шлях выпраўлення. Цяпер яна — прадаўжальніца педагагічнай дынастыі Ракецкіх. Дарэчы, ніколькі не шкадуе, што выбрала прафесію настаўніка. Так што гэта ў іх сямейнае!
— А як вам удалося столькі год пражыць у любові і вернасці? — цікаўлюся ў гаспадароў.
— Сакрэту вялікага няма, — апавядае Франц Юльянавіч. — Проста трэба даражыць тым, што маеш. Кахаць адзін аднаго, паважаць, аберагаць, падтрымліваць, дапамагаць. Ніколі не трэба другому чалавеку насаджаць сваю волю, меркаванне, варта прыслухоўвацца да таго, што іншыя гавораць. А ў сям’і ўсе рашэнні неабходна прымаць сумесна, раіцца паміж сабой. Для мяне, напрыклад, добрым прыкладам сужэнцкіх узаемаадносін былі мае бацькі. Яны прыгожа пражылі разам 60 гадоў і пайшлі з гэтага свету адзін за адным роўна праз год. А матуліны тата з мамай памерлі ўвогуле ў адзін дзень. Вось гэта каханне! Так што і нам з Нінай Фёдараўнай ёсць стымул таксама брыльянтавага вяселля дачакацца.
Хачу ад чыстага сэрца пажадаць гэтай прыгожай, інтэлігентнай сямейнай пары сустрэць 60-годдзе сумеснага жыцця. А каб задуманае спраўдзілася, пастарацца застацца ў добрай фізічнай форме, быць па-ранейшаму актыўнымі, бадзёрымі, энергічнымі. Не зважаючы на гады, перажытае, не старэйце душой!

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



29 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  _06-040 на Блакітных азёрах        від на Мядзел

Пабрацімы Мядзела