У міліцыю пайшоў бы… хто мяне навучыць?

У меня растут года,
Будет и семнадцать.
Где работать мне тогда,
Чем заниматься?
Так пачынаецца верш Уладзіміра Маякоўскага “Кім быць?”. І гэтае пытанне, бясспрэчна, задаюць сабе ўсе хлопчыкі і дзяўчынкі, і не толькі ў сямнаццаць гадоў. Проста ў малодшых класах яно хутчэй мае выгляд мары — кім я стану, калі вырасту. А вось у старэйшых даводзіцца задумвацца па-сапраўднаму. Але нават тыя вучні, якія ўжо змаглі прааналізаваць свае здольнасці і цікавасці, часта не могуць у поўнай меры разабрацца ва ўсіх асаблівасцях жаданай прафесіі. Менавіта таму раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Бела-
рускі рэспубліканскі саюз моладзі” вырашыў арганізаваць серыю мерапрыемстваў па прафарыентацыі для старшакласнікаў навучальных устаноў нашага горада. Першы семінар-вучоба прайшоў у Мядзельскім аддзяленні Дэпартамента аховы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

— Старшакласнікі, што яшчэ не абралі кірунак, змогуць зарыентавацца ў разнастайнасці прафесій, а тым, хто дакладна вызначыўся, такія мерапрыемствы дапамогуць пераканацца ў правільнасці свайго выбару, — упэўнены выконваючы абавязкі другога сакратара РК ГА “БРСМ” Сяргей Багданаў. — Семінар прайшоў у рамках руху маладзёжных атрадаў аховы правапарадку (МААП). Таму першымі структурамі абралі менавіта тыя, з якімі праводзіцца сумесная праца. Гэта раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях, служба аховы і гэтак далей. Акрамя працы па прафарыентацыі, мы імкнуліся ўключыць у гэтую сустрэчу прафілактычную работу па павышэнні прававой свядомасці падлеткаў. Таксама ў рамках МААПа дапамагаем маладым людзям, якія ў далейшым хочуць звязаць сваё жыццё з праваахоўнымі органамі, паступіць у адпаведныя навучальныя ўстановы. Для тых, хто паказаў добры вынік у руху МААП, хадайнічаем перад цэнтральным камітэтам ГА “БРСМ” аб выдачы рэкамендацыі, што дае перавагу пры паступленні.
У аддзяленні аховы школьнікаў сустрэў Яўгеній Сахончык, камандзір узвода, лейтэнант міліцыі. Ён правёў невялікую экскурсію па службовых памяшканнях, а таксама падрабязна расказаў пра арганізацыю работы аддзялення.
— Наша асноўная задача — гэта ахова аб’ектаў усіх форм уласнасці. Мы таксама можам ахоўваць і фізічных асоб, калі ў іх ёсць магчымасць дазволіць сабе такую паслугу, — распавёў Яўгеній Васільевіч.
Адразу ён паказаў удзельнікам семінара кабінет, у якім захоўваюцца дакументы. Капіраванне, тыражыраванне і вынас іх за межы кабінета забаронены.
— Для таго, каб азнаёміцца з сакрэтным загадам, супрацоўнік абавязаны мець допуск пэўнай ступені. Тут працуе старшы інспектар па рэжыме сакрэтнасці Ала Скармаховіч.
У цэлым у кабінеце няма нічога незвычайнага, але ўвагу падлеткаў прыцягвае запячатаны пломбай дакумент, які вісіць проста пасярэдзіне сцяны. Усім цікава, што ж гэта за сакрэт такі.
— Легенда пра возера Мястра, — усміхаецца Яўгеній Васільевіч, — галоўная гарадская таямніца.
Потым ён паказаў школьнікам кабінет групы аховы аб’ектаў і фізічных асоб і патлумачыў, што ў аддзяленні працуюць не толькі міліцыянеры, але і вартаўнікі, якія ахоўваюць асобныя аб’екты.
Наступны прыпынак — клас інструктажу, у якім супрацоўнікі атрымліваюць зводкі, арыенціроўкі вышуку і праводзяцца “лятучкі”. Цікава, што кабінет у цэлым нагадвае звычайны навучальны клас. На сценах так, што свабоднага месца няма, вісяць таблічкі і плакаты з інфармацыяй пра спосабы аказання першай медыцынскай дапамогі, з тэхнічнымі характарыстыкамі спецыяльных сродкаў абароны і зброі, прыёмаў самаабароны. Пытаюся ў Яўгенія Сахончыка, навошта ўсё гэта.
— Тут не проста абмяркоўваюцца службовыя пытанні і праводзіцца інструктаж па канкрэтных справах. Кожны дзень мы апытваем супрацоўнікаў на веданне ўсёй гэтай інфармацыі. Хіба што зброю на хуткасць не разбіраем, але тэорыю правяраем абавязкова. Больш за тое, супрацоўнікі, якія заступаюць на службу на транспартных сродках, штодня абавязаны праходзіць экзамен — такі ж, як здаюць у ДАІ — па правілах дарожнага руху. Калі міліцыянер-вадзіцель экзамена не здаў, ён не дапускаецца да машыны. Але на практыцы ў нас такіх выпадкаў не было.
Гэта сур’ёзнасць зразумелая: усё ж супрацоўнікі міліцыі павінны быць прыкладам для грамадзян, да таго ж, напружаная праца патрабуе ідэальных навыкаў кіравання, часта — экстрэмальнага.
Акрамя тэстаў і апытанняў, супрацоўнікі кожны дзень трэніруюцца фізічна. У аддзяленні абсталявана спартыўная зала з трэнажорамі і “мяккай падлогай” для адпрацоўкі прыёмаў. Міліцыянер узвода Мікалай Баркун і міліцыянер-вадзіцель групы затрымання Анатоль Паршута прадэманстравалі школьнікам некалькі асноўных прыёмаў затрымання і абясшкоджвання правапарушальніка. “Злачынец” выкарыстоўваў муляжую трэніровачную зброю: палку, пісталет, нож. Але ў рамках семінара-вучобы школьнікам прапанавалі патрымаць у руках сапраўдную баявую зброю і прымерыць шлем і бронекамізэльку. Як ні дзіўна, зброя асаблівае захапленне выклікала ў дзяўчат. Удзельнікі семінара нават паспрабавалі разабраць і сабраць пісталет Макарава. Стандартны час разбору — шэсць секунд, але вучні былі рады таму, што ў іх проста атрымалася гэта зрабіць.
А затым групе прадставілі “сэрца” аддзялення — месца, куды паступаюць усе трывожныя сігналы — пульт цэнтралізаванага назірання.
Супрацоўнікі, якія заступаюць на дзяжурства, не маюць права нават выйсці з кабінета. Але для іх у пункце назірання абсталяваны санвузел, ёсць кухня — увогуле, усё, каб адчуваць сябе камфортна.
— Час перадачы сігналу — да пятнаццаці секунд, — распавядае дзяжурная пульта кіравання Наталля Валеўка, — а час рэагавання — да сямі хвілін. Так што я заўсёды павінна знаходзіцца на пасту, змена доўжыцца дванаццаць гадзін. Праца, вядома, адказная, асабліва цяжка ў начныя змены, але я тут працую пяты год і, шчыра сказаць, уцягнулася.
Напрыканцы семінара школьнікам паказалі выступленне міліцыянера-кінолага — старшага сяржанта Сяргея Скавародкі з сабакам Крафтам і далі магчымасць пабываць унутры службовага аўтамабіля.
Гэты інтэрактыў групу асабліва ўразіў.
— Лічу, што такія семінары неабходныя для старэйшых класаў, — падсумаваў вынікі сустрэчы Яўгеній Сахончык. — Бо як можна выбраць прафесію, калі няма аб ёй уяўлення? Вядома, хочацца спадзявацца, што пасля семінара хтосьці з навучэнцаў вырашыць, што хоча звязаць сваё жыццё з Дэпартаментам аховы. Але і астатнім, думаю, таксама карысна было даведацца, як мы працуем.

Аляксандра Гарачка.



28 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Адукацыя, Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 1-12 06-043 возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела