Дарога з Будслава — у вялікі спорт

Шчодрая на таленты Будслаўская зямля. Яе праслаўлялі вядомыя выхадцы з тамтэйшых мясцін: дзяржаўны дзеяч БССР Іван Васілевіч, спявак, арганіст і кампазітар Іахім Глінскі, грамадска-палітычны дзеяч, літаратар Эдвард Будзька… Ураджэнкай Будслава з’яўляецца таксама адна з першых выканаўцаў ролі Паўлінкі ў аднайменнай п’есе Янкі Купалы Паўліна Мядзёлка. Звязала свой лёс з тэатрам і дзяўчына з суседняга Палесся — Галіна Бальчэўская. А яшчэ гэты цудоўны край з’яўляецца малой радзімай маладых спартсменаў, якія дзякуючы сваім дасягненням на прэстыжных спаборніцтвах ужо ў наш час сталі гонарам Мядзельшчыны і Міншчыны. У ліку іх — Кацярына Хацяновіч, пра якую не так даўно пісала раённая газета, і Яўген Януковіч.

Дарэчы, Жэню, як і сваім дзецям, прывіў любоў да спорту настаўнік фізічнай культуры і здароўя Будслаўскай сярэдняй школы імя Паўліны Мядзёлкі Валерый Хацяновіч. З павагай Валерый Сяргеевіч апавядае пра свайго былога вучня. Толькі пры гэтым сціпла замоўчвае, як вопытным вокам заўважыў у звычайнага вясковага хлапчука задаткі лёгкаатлета. Колькі сіл і старанняў прыклаў, каб развіць здольнасці, дадзеныя ад прыроды. Як натхняў не здавацца, мэтанакіравана ісці да канца. Менавіта дзякуючы творчаму тандэму настаўніка і вучня прыйшлі першыя поспехі.
Жэня ахвотна займаўся на ўроку, наведваў спартыўную секцыю. Акрамя лёгкай атлетыкі, якой найбольш удзяляў увагі, з задавальненнем гуляў у валейбол, баскетбол, бегаў на лыжах. Неаднойчы выступаў на раённых, абласных спаборніцтвах, дзе паказваў высокія вынікі. Але ці былі б яны, калі б не настаўнік, які ўласным прыкладам дэманстраваў, як важна, каб нечага дабіцца, штодзённа трэніравацца? Бо справядліва лічыў, што менавіта праца — напружаная, упартая — вядзе наперад, да перамог.
Пасля заканчэння васьмі класаў Будслаўскай СШ юнак прадоўжыў вучобу ў Плешчаніцкай дзяржаўнай сярэдняй школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву. Займаўся на аддзяленні “лёгкая атлетыка”. Атрымаў там сярэднюю спецыяльную адукацыю і дыплом трэнера-выкладчыка. Зараз працуе ў Дэпартаменце аховы МУС Рэспублікі Беларусь і завочна вучыцца на чацвёртым курсе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры.
Матуля Ганна Браніславаўна ганарыцца поспехамі свайго сына. Яна расказвае:
— Жэня з дзяцінства мэтанакіраваны, адказны. Калі ўжо вырашыць што — абавязкова даб’ецца. Любоў да спорту сыну, як і многім іншым будслаўскім школьнікам, прывіў настаўнік фізічнага выхавання і здароўя Валерый Хацяновіч. Менавіта дзякуючы яму дзеці з задавальненнем наведваюць секцыі, удзельнічаюць у спаборніцтвах рознага ўзроўню і паказваюць там добрыя вынікі. Я ж бачыла, як цягнуўся да Валерыя Сяргеевіча Жэня, як яму давяраў, хацеў быць на яго ва ўсім падобным. Дзяцей жа не прымусіш займацца тым, чым ім не хочацца. Педагог заўсёды падтрымліваў сваіх вучняў, быў з імі пастаянна побач. І, вядома, вельмі радаваўся, калі яны выходзілі ў прызёры спаборніцтваў. Ён пакрысе фарміраваў у іх байцоўскі характар, пастаянна гаварыў, што трэба шмат працаваць, каб нечага ў жыцці дабіцца. Гэтыя якасці і сёння вельмі дапамагаюць сыну. Бо вялікі спорт — не толькі п’едэстал, дзе ўзнагароджваюцца мацнейшыя, але і спаборніцтвы, дзе трэба поўнасцю выкласціся, і бясконцыя трэніроўкі, якія вымотваюць, забіраюць усе сілы, і пастаянная работа над сабой… Аднак як трэба любіць тое, чым займаешся, каб упарта ісці далей — да новых перамог.
Сам Валерый Хацяновіч вельмі задаволены поспехамі свайго былога вучня. І калі той займаўся ў Плешчаніцах, і зараз яны падтрымліваюць сувязі. Настаўнік ведае практычна ўсё пра Жэню: дзе трэніруецца, выступае. Не без гонару зазначае, што юнак пазалетась стаў кандыдатам у майстры спорту, а летась — майстрам спорту па бегу на дыстанцыі 800 метраў. У 2016 годзе як прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы атрымаў кубак — толькі ўжо па бегу на дыстанцыі 400 метраў. Быў прызёрам і многіх міжнародных спаборніцтваў. У верасні мінулага года Яўген прымаў удзел у Мінскім міжнародным паўмарафоне, дзе на дыстанцыі 5,5 кіламетра стаў другім. Зараз ён — член Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы (пераменны склад).
— Любоў да спорту ў мяне са школьных гадоў, — прызнаецца Яўген Януковіч, з якім дапамагла звязацца яго мама Ганна Браніславаўна. — І ўсё гэта — дзякуючы настаўніку фізічнай культуры і здароўя нашай школы Валерыю Сяргеевічу. Пасля заняткаў ён займаўся з намі дапазна. Знаходзіў і сілы, і час на доўгія трэніроўкі: вучыў тэхніцы, правільнай пастаноўцы дыхання. Падчас спаборніцтваў — напачатку ў раёне, а пасля і ў вобласці — мы адчувалі яго прысутнасць, якая маральна дапамагала. А самай лепшай падтрымкай быў позірк педагога — уважлівы, засяроджаны, які натхняў, заклікаў змагацца да канца. Яшчэ калі вучыўся дома, загарэўся паступіць у Плешчаніцкую сярэднюю школу-вучылішча алімпійскага рэзерву. Лёс там звёў мяне з вядомым у Беларусі трэнерам Аляксандрам Родзічавым. Аляксандр Алегавіч вельмі шмат мне даў, за што шчыра яму ўдзячны. Яго вельмі вялікая заслуга ў тым, што я змог пабываць на многіх міжнародных спаборніцтвах, дзе паказваў высокія вынікі па бегу на дыстанцыях 400, 800 метраў, 1,5 кіламетра. З прычыны таго, што жыву і працую ў Мінску, давялося памяняць трэнера. Ім стаў Віктар Бароўскі, які старэйшы за мяне толькі на чатыры гады. Супрацоўніцтвам нашым задаволены. Летась выязджаў на міжнародныя старты ў Латвію, Польшчу, Эстонію, дзе перамагаў на розных дыстанцыях. Сёлета заняў другое месца на адкрытым чэмпіянаце Беларусі, які праходзіў у сталіцы на новым стадыёне “Дынама”. Летам пабываў на міжнародным турніры ў Фінляндыі, дзе па бегу на дыстанцыі 800 метраў стаў пераможцам.
— Так што спорт, па ўсім бачна, трывала ўвайшоў у ваша жыццё. А што ў бліжэйшых планах? — пацікавілася ў Жэні і тут жа пачула:
— Мне на самай справе вельмі падабаецца займацца бегам. Кідаць спорт не збіраюся. Калі бачыш адчувальныя вынікі сумеснай з трэнерам працы, хочацца зрабіць яшчэ больш. А ў бліжэйшых планах — Зімовы чэмпіянат Еўропы, куды, спадзяюся, патраплю.
Хачу ад душы пажадаць Яўгену Януковічу новых спартыўных перамог. Пераканана, што мы яшчэ неаднойчы пачуем прозвішча нашага земляка ў ліку прызёраў і пераможцаў розных прэстыжных спаборніцтваў.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



26 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

img_4257 Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела