У нагу з часам ідзе санаторый “Нарач”

images1ЗАКОНЧЫЎСЯ сезон масавага адпачынку. Тысячы людзей наведалі наш цудоўны азёрны край, каб весела і цікава правесці водпуск, умацаваць сваё здароўе. Для работнікаў здраў­ніц летні сезон – гэта са­праўдны экзамен на прафесійную годнасць. Як жа вытрымалі яго работнікі прыватнага даччынага лячэбна-прафілактычнага прадпрыемства «Санаторый «Нарач»? Такое пытанне ад­расаваў галоўнаму ўрачу здраўніцы В. У. Печкурову.

- Сезон спрацавалі з прыбыткам, што не можа не радаваць. І гэта не выпадковасць, а вынік мэтанакіраванай работы. На­заву некалькі паказчыкаў. Сёлета толькі за 9 месяцаў атрымалі на 120 працэнтаў прыбытку больш, чым летась за цэлы год. За тры кварталы практычна дасягнуты мінулагодні паказчык па аказанні платных медыцынскіх паслуг. І падобных прыкладаў магу прывесці шмат, – адказаў Валерый Уладзіміравіч.

Кіраўнік зазначыў: сёлета не было такога месяца, каб санаторый пуставаў. А гэта сведчыць пра тое, што старэйшая здраўніца курорта карыстаецца попытам. З розных куточкаў Беларусі, з блізкага і далёкага замежжа едуць людзі на аздараўленне менавіта сю­ды. Больш 50 працэнтаў складаюць расіяне. Замежнікаў прыцягвае таннасць пуцёвак, у параўнанні з іх здраўніцамі, моцная лячэбная база, высока­ква­ліфі­каваны медыцынскі персанал, добрыя ўмовы для пражывання і адпачынку. Аднак сёння не той час, калі можна за­спакойвацца на дасягнутым. Трэба паляпшаць умовы пражывання адпачываючых, пашыраць комплекс медыцын­скіх паслуг – інакш апынешся ў аўтсайдэрах.

Хаця санаторыю амаль пяцьдзесят гадоў, про­філь лячэння тут практычна не змяніўся. Праўда, метады сталі іншыя. У спалучэнні з прыродна-кліматычнымі ўмовамі ў здраўніцы шырока выкарыстоўваюць апошнія дасягненні навукі і тэхнікі пры лячэнні захворван­-
няў сістэмы крова­звароту і страўнікава-кі­шачнага тракту. Тут імк­нуцца кро­чыць у нагу з часам. Сёлета, напрыклад, пачалі праводзіць працэду­ры кампрэсійнай тэрапіі з выкарыстаннем апарата «ЛІМФА-МАТ». Вялікай папулярнасцю стала карыстацца «Кедравая бочка» (фітасаўна), якая дапамагае пазбавіцца ад шмат­лікіх хвароб, амалоджвае арганізм. Яна ўваходзіць у спіс найбольш запатрабаваных працэдур. Высокая тэмпература, якая падтрымліваецца ўсярэ­дзіне фітабочкі, а таксама насычаны лячэбнымі травянымі зборамі пар, уздзей­ні­чаюць на арганізм пацыента з усіх бакоў, тым самым ажыццяўляючы шмат­­профільную ачыстку арганізма ад шлакаў.

- Лячэбная база адпавядае профілю санаторыя. У 2-х корпусах здраўніцы знаходзяцца бювет мінеральнай вады, водалячэб­ніца, кабінеты ручнога масажу, цеплалячэння, працэдурны, рэфлексатэрапіі, ароматэрапіі, псіхатэрапіі, гразелячэння, механатэрапіі, кішэчны, стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны, інфрачыр­воная саўна, зала ЛФК з трэнажорамі – ды хіба ўсё пералічаш?! Сёлета пасля рамонту і рэканструкцыі водалячэбніцы з’явілася магчымасць адпускаць прэсныя лячэбныя ванны, абсталяваны кабінет касметалогіі це­ла, право­дзім салявыя інгаляцыі. Запланавана ў хуткім часе распачаць гірудатэрапію (лячэнне п’яўкамі), – працягвае размову галоўны ўрач.

- А колькі чалавек працуе ў здраўніцы? – ці­каўлюся.

- Зараз – 138. Летам было больш, набіралі сезонных работнікаў. Кожны разумее, што ад яго старання і руплівасці залежыць агульны поспех. Як тут не назваць урачоў-тэрапеўтаў Ірыну Іванаўну Казакову, Тамару Рыгораўну Цяляк, намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Валян­ціну Антонаўну Васілевіч, медыцынскую сястру Люд­мілу Яўгенаўну Дзя­вят­нікаву. Дарэчы, фота­здымак Людмілы Яўгенаўны змешчаны на раённай Дошцы гонару, – адказвае В. У. Печкуроў. – З дня адкрыцця здраўніцы працуе ў нас Гвідон Іванавіч Даткевіч. Раней ён завіхаўся ў кацельні, а зараз бездакорна выкон­-
вае абавязкі рабочага па ўборцы дваровай тэрыторыі. Менавіта ён сочыць за чысцінёй і парадкам навокал. Толькі добрае магу сказаць пра Вікторыю Віктараўну Рашкевіч, медсястру падводнага душ-масажу, і масажыста Аляксандра Паўлавіча Шадыру, шэф-повара Зою Аляксандраўну Арцюхоўскую, афіцыянтку V разраду Ларысу Паўлаўну Качурыну, пакаёўку Яніну Іосіфаўну Свір­коўскую, прыбіральшчыцу памяшканняў Алену Рыгораўну Яшыну, рабочага па комплексным аб­слугоўванні будынкаў Аляксандра Аляксандра­віча Берняковіча. Асаблівых слоў падзякі заслу­гоўвае вадзіцель Аляксандр Сцяпанавіч Грэлік.

Многае робіцца ў здраўніцы для паляпшэння ўмоў пражывання і аздараўлення адпачываючых. Хаця выконваць рамонтныя работы вельмі складана. І не таму, што не хапае грашовых сродкаў. Справа ў тым, што той або іншы корпус не зачыніш. Пастаянна ёсць адпачываючыя. Таму тут імкнуцца выкарыстаць кожную, як кажуць, фортку. На трэцім паверсе другога корпуса адрамантавалі 9 нумароў. Зараз яны адпавядаюць усім патрабаванням. Дарэчы, два з дзевяці – з’яўляюцца сямейнымі. Літаральна дня­мі распачаўся рамонт яшчэ шасці нумароў на другім паверсе. Не па­знаць пасля рэканструкцыі і бювет мінеральнай вады. Абноўлены відэа­салон, адрамантавана бібліятэка, адкрыты ін­тэрнэт-салон, устаноўлена ванна для гідрамасажу славацкай вытворчасці, у кабінеце масажу зманціраваны два кандыцыянеры і многае іншае. Шмат новага абсталявання закуплена на кухню.

Асаблівую ўвагу надалі добраўпарадкаванню тэрыторыі. Сёлета ўстаноўлены дзве прыгожыя альтанкі. З’явіліся архітэктурныя збудаванні малой формы, накшталт караб­ліка, млынка. Абноўлены ўезд на тэрыторыю здраўніцы. Вялікі аб’ём работ выкананы і па добраўпарадкаванні пляжа. Усё лета на возеры Нарач стаяў пластыкавы пірс.

- Эканомія і беражлівасць. Якая работа праводзіцца ў гэтым накірунку? – пытаюся ў галоўнага ўрача санаторыя.

- Па-першае, гэта ашчаднае, гаспадарскае выкарыстанне энергарэсурсаў. Па-другое, укараненне энергазберагаючых тэхналогій і прыбораў. Скажам, замена звычайных электрычных лямпачак на энергазберагаючыя, устаноўка тых жа пластыкавых шклопакетаў. Зашываем балконы з боку возера. Але хачу адзначыць, што тарыфы на цеплавую энергію ў нас, бадай, самыя высокія ў рэспубліцы. І з наступленнем ацяпляльнага сезона вялікія выдаткі ідуць на аплату за цяпло, – адказвае Валерый Уладзіміравіч.

- Ваша здраўніца падпарадкоўваецца Федэрацыі прафсаюзаў Рэспуб­лікі Беларусь. Як складваюцца ўзаемаадносіны з вышэйстаячымі арга­нізацыямі?

- У цэлым добра. З разуменнем і падтрымкай адносіцца дырэктар «Белпрафсаюзкурорта» Анатоль Юр’евіч Васкевіч, ды і старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Пятровіч Козік таксама неабыякавы да нашых праблем, – чую ў адказ. – А калі цябе разумеюць, то і працаваць прыемна.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.



26 кастрычнiка 2010.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Курорт

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

на Блакітных азёрах        возера Глубелька 1-12 dsc_5774-3

Пабрацімы Мядзела