Яна Шмігельская: “Трэба ўсведамляць сваю адказнасць”

Звычайна мы распавядаем чытачам аб маладых спецыялістах, якія толькі-толькі атрымалі вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю і ўпершыню прыступаюць да працы. Але мне захацелася даведацца, як складваецца дарослае жыццё чалавека, які адпрацаваў ужо год ад належнага тэрміну. Ці рэальнымі былі страхі, звязаныя з новай працай? Ці знікла няўпэўненасць у сабе? Ці пацвердзіліся чаканні і асцярогі? Усё ж год — досыць доўгі час, каб зразумець, што да чаго, і зрабіць высновы.
Гераіня для інтэрв’ю знайшлася хутка. Гэта Яна Шмігельская — намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці ў дзяржаўнай установе адукацыі “Яслі-сад №3 горада Мядзела”. Ураджэнка аграгарадка Старыя Габы, яна атрымала мэтавае размеркаванне і павінна адпрацаваць не два, а пяць гадоў. Аб выбары прафесіі, стаўленні да працы і размеркаванні Яна распавядае “Нарачанскай зары”.

— Прайшоў год, і некаторыя маладыя спецыялісты, з якімі я гутарыла мінулай восенню, ужо змянілі месца працы. Вы ўцякаць не збіраецеся?
— Каварнае пытанне (смяецца). Не, я лічу, што “вочы бачылі, што бралі рукі” — раз сама пагадзілася на такія ўмовы, то неабходна адпрацаваць поўны тэрмін. Трэба ўсведамляць сваю адказнасць. Ды і прычын кудысьці пераводзіцца на самай справе няма, мне падабаецца ў садку, у нас вельмі прыемны калектыў і цікавая праца. Хоць, не схаваю, яшчэ да размеркавання я перажывала. Былі асцярогі, што не спадабаецца ўстанова, а прапрацаваць пяць гадоў у месцы, да якога не ляжыць душа, усё ж не лепшы варыянт. Але мае перажыванні не спраўдзіліся, і на працы мне вельмі падабаецца.
— Гэта значыць, мэтавае навучанне было вашым усвядомленым выбарам?
— Так, у адзінаццатым класе ў школе прапанавалі на клас тры мэтавыя месцы, і мы з сяброўкай, падумаўшы, пагадзіліся. Адзінае, што ніхто не ведаў канкрэтных устаноў адукацыі, ведалі толькі, што застанёмся працаваць дзесьці ў Мядзельскім раёне. Звязаць сваё жыццё з педагогікай вырашыла яшчэ ў класе дзясятым, таму што заўсёды любіла дзяцей, так што, калі паўстала пытанне аб выбары прафесіі, паступленне ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка здавалася відавочным працягам гэтай любові.
— Ёсць вядомы анекдот пра “забудзьцеся ўсё, чаму вас вучылі ў інстытуце”, а наколькі моцна адрозніваецца навучанне і рэальная праца ў вашым выпадку?
— Ну, забываць веды, атрыманыя на парах, я б не рызыкнула. Вядома, першы час было няпроста ўжываць тэорыю ў працы з рэальнымі дзецьмі. Але і ва ўніверсітэце ў нас былі практыкі, праўда, на мой погляд, занадта кароткія — у сярэднім па два тыдні. Гэтага, вядома, хапала, каб атрымаць уяўленне аб рабоце, але было мала, каб прывыкнуць. Праўда, і за два тыдні я паспявала прывязацца да групы, памятаю, нават плакала, калі практыка заканчвалася, сумавала па малых.
У садку мне адразу пашанцавала з калегамі, мяне накіравалі ў дзве групы. У першай выхавальніцай таксама была маладая дзяўчына, мы адразу пасябравалі, яна мне вельмі дапамагала, падказвала. У другой — вопытная і дасведчаная выхавальніца, якая таксама ніколі не адмаўляла ў парадзе. Што яшчэ важна, за мною быў замацаваны педагог першай катэгорыі. Як бачыце, у садку рабілі ўсё магчымае, каб дапамагчы мне адаптавацца на новым месцы. А яшчэ было шмат увагі ад нашай загадчыцы, Наталлі Міхайлаўны Лукашэвіч. Яна заўсёды гатовая адказаць на ўсе пытанні, вельмі падтрымлівае сваіх работнікаў. Мне гэта дапамагло. Ды і, бачыце, за год працы атрымала павышэнне, вось чаго дакладна не чакала. Хочацца думаць, што гэта — знак даверу.
— Любоў да дзяцей у вашай прафесіі — абавязковая, а якія яшчэ асобасныя якасці павінны быць у выхавальніка?
— Нейкія канкрэтныя якасці назваць складана. Я ведаю, што ёсць і ў дзецях, што мне вельмі падабаецца. Гэта іх безумоўная любоў. Яны такія шчырыя і сумленныя, што гэтаму нельга не здзіўляцца. Не трымаюць крыўды, хутка забываюць дрэннае. Мне здаецца, выхавальніку добра было б валодаць такой жа гнуткасцю і пазітыўным поглядам на свет, каб быць са сваімі выхаванцамі на адной хвалі. Разам з дзецьмі ўмець кожны дзень здзіўляцца новаму, разважаць па-за стандартнымі рамкамі. Выдатна, калі малое пазнае свет само, робіць нейкія свае, часам зусім недзіцячыя лагічныя высновы, а ты яго проста накіроўваеш, але нічым не абмяжоўваеш.
— Дзеці больш энергічныя, чым дарослыя. Ці ўдавалася вытрымліваць іх рытм? Не стамляліся?
— Як ні дзіўна, праца ў групе мяне нават зараджала. Ёсць складанасць у тым, што да кожнага дзіцяці патрэбны свой падыход. Да кагосьці быць больш строгай, да кагосьці, наадварот, падыходзіць з большай ласкай, хтосьці лепш разумее, калі працуе адзін, а хтосьці — у калектыве. Гэта ўсё заўважаеш на практыцы. Але, бывала, прыходзіш на працу ў дрэнным настроі ці не выспаўшыся, а з’яўляюцца дзеткі — і ўсё, стомленасці як не было. Яны проста дзяліліся гэтай энергіяй на працягу ўсяго дня. Праўда, пасля ўжо, калі вярталася з працы дадому, адчувала, як на самай справе стамілася. Але гэта хутчэй прыемная зморанасць. Акрамя жартаў, мне раней здавалася, што я да сваіх дзяцей не гатовая. А калі ўжо выйшла на працу, пачала заўважаць за сабой, што думаю: “А са сваім малым я буду вось так займацца. Выкарыстоўваць вось такі метад”. Гэта таксама выдатна.
— А дома працягвалася праца, ці быў час, які можна было прысвяціць толькі сабе?
— Часу, зразумела, не вельмі шмат, але гэта як і ў любой другой рабоце. Тым больш, што абавязкі выхавальніка — гэта не толькі заняткі з дзецьмі, але і вялікая і адказная падрыхтоўчая праца. Плюс трэба было пісаць планы і рыхтавацца да заняткаў. А вось свой вольны час з задавальненнем трачу на чытанне: я фанат вострасюжэтных гісторый, трылераў, дэтэктываў. А ў астатні час… Ведаеце, Мядзел ідэальны горад для сям’і, усё ёсць пад рукой. Але, калі жывеш тут адзін, бывае сумнавата, таму што для дарослых практычна няма прапаноў па арганізацыі вольнага часу: ні курсаў, ні гурткоў. Хіба што спартыўныя секцыі ў ФАЦы. Таму стараюся займаць сябе сама. Люблю маляваць карціны па нумарах. Калі надвор’е дазваляе, гуляю па горадзе і ваколіцах. Вельмі хочацца павандраваць, паглядзець, як жывуць людзі ў іншых краінах. Можа, часова пажыць дзе-небудзь не ў Беларусі. Разумею, што як мінімум мне не хапае ведання мовы. Але раз мара ёсць, буду да яе імкнуцца.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота з архіва
Я. Шмігельскай.



21 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел Царква ў Слабадзе     Паруснікі

Пабрацімы Мядзела