Па руплівасці і вынікі

Някепскі настрой напярэдадні прафесійнага свята ў начальніка сельскагаспадарчай вытворчасці дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Нацыянальны парк «Нарачанскі» Мікалая Мягкова. А чаму б і не? З года ў год калектыў дабіваецца добрых вытворчых паказчыкаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве.

У гэтыя лістападаўскія дні сярэднясутачны надой малака ад каровы складае больш за 19 кілаграмаў. У параўнанне з адпаведным мінулагоднім паказчыкам плюс 800 грамаў. За 10 месяцаў бягучага года рэалізавана 554,2 тоны малака, прычым амаль уся прадукцыя — класам «экстра». Надой малака ад каровы складае 6000 кілаграмаў.
— Думаю, што да канца года гэты паказчык павінен дасягнуць больш за 7 тысяч кілаграмаў, — зазначае Мікалай Мікалаевіч. — Што датычыць вытворчасці мяса, то за 10 месяцаў валавое прыбаўленне ў вазе склала 88,9 тоны, сярэднясутачнае — 689 грамаў.
— За ўсімі гэтымі паказчыкамі стаіць штодзённая напружаная праца людзей. Каго вы хочаце адзначыць? — цікаўлюся.
— На ферме працуе невялікі і згуртаваны калектыў жывёлаводаў. Кожны адказна ставіцца да даручанай справы. Больш за 20 год доіць кароў Наталля Жогла. Старанная жанчына. Толькі добрае магу сказаць пра Крысціну Баравую. У калектыве яна не вельмі даўно, але выніковай працай заваявала аўтарытэт і павагу калег, кіраўніцтва Нацпарку, — адказвае Мікалай Мягкоў. — Ірына Вярэшка таксама нядаўна працуе, але вызначаецца руплівасцю. А пра Валянціну Лукашэвіч, якая працуе падменнай даяркай, скажу наступнае: шчырая, працавітая, акуратная. Больш за 20 год яна на ферме. Сярод «старажылаў» — аператары па дарошчванні і адкорме маладняку буйной рагатай жывёлы Вольга Заіка і Жанна Перадрэева. Жанна прымае ад даярак нованароджаных цялятак, даглядае іх, а потым перадае Вользе. Зладжана працуе гэты тандэм. Гаворачы пра поспехі жывёлаводаў, нельга не назваць вядучага заатэхніка Алега Смалячкова, загадчыцу фермы Любоў Агурок, ветурача Вадзіма Юнусава. Загадчыца фермы кантралюе пытанні кармлення, даення і ўтрымання жывёлы, імкнецца зрабіць усё магчымае, каб паўсюдна панавалі чысціня і парадак. Для жывёлаводаў створаны годныя ўмовы працы і адпачынку. Камп’ютар стаў незаменным абсталяваннем. Даяркі выконваюць усе ветэрынарна-санітарныя патрабаванні. Таму і якасць малака на высокім узроўні.
— За кошт чаго ўдаецца дасягаць такіх высокіх вытворчых паказчыкаў? — пытаюся ў загадчыцы.
— Асноўнымі складнікамі, лічу, можна назваць добрую кармавую базу, адпаведную селекцыйную работу і, зразумела, руплівасць жывёлаводаў, — адказвае Любоў Агурок. — Маем усе падставы для таго, каб сёлета пакарыць сямітысячны рубеж. Галоўны наш скарб — людзі. А калі ўсё ладзіцца, то і вынікі не прымушаюць сябе чакаць.
— Мікалай Мікалаевіч, раскажыце крыху пра нарыхтоўку кармоў, — прашу суразмоўцу.
— Настала гэта адказная пара — і дбайныя механізатары вывелі на сенажаці тэхніку. Гэта дзякуючы іх клапатлівай працы мы змаглі назапасіць 186 тон сена, 2879 — сенажу, 1453 — сіласу, у тым ліку 1336 тон кукурузнага, што складае па 38,67 цэнтнера кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы, — гаворыць Мікалай Мягкоў. — На кашэнні траў працавалі Аляксандр Папок і Сяргей Жогла. Касілкі старыя, даўно пара іх спісваць, але хлопцы падладзяць — і ў работу. Навясная ротарная касілка замацавана за Аляксеем Карчэўскім. З граблямі завіхаўся Аляксандр Рынгельман, а з прэс-падборшчыкамі працавалі Ян Губскі і Аляксандр Казлоў. Падбіралі і здрабнялі правяленыя валкі травы для сенажу «КЗРамі» Генадзій Кіслы і Ян Губскі. А на трамбоўцы працаваў Аляксандр Казлоў на «амкадоры». Гэтыя хлопцы завіхаліся і на нарыхтоўцы сіласу. На адвозцы працавалі Віталій Арлоў, Мікалай Саковіч, Раман Пачкоўскі, Сяргей Жогла, Аляксей Карчэўскі і іншыя.
Начальнік сельскагаспадарчай вытворчасці расказаў, што на сяўбе яравых і азімых культур у асноўным былі задзейнічаны Ян Губскі і Аляксандр Казлоў. Калі Аляксандр быў заняты на іншых работах, то сеяў і Мікалай Саковіч, і Сяргей Жогла.
— Мы імкнёмся, каб кожны мог выконваць розныя віды работ. Вялікая сеялка на нашых узгорыстых дробнаконтурных палетках не ідзе, няма дзе ёй разгарнуцца. Вось і сеем малымі. Азімы клін складае 200 гектараў, яравы — парадку 350-370 гектараў, — працягвае размову Мікалай Мягкоў. — Падрыхтоўкай глебы займаліся Сяргей Жогла і Раман Пачкоўскі. Трэба — іх у любы час маглі замяніць Віталій Арлоў і Аляксей Карчэўскі. На ўздыме зябліва вынікова папрацавалі Сяргей Жогла, Раман Пачкоўскі, Аляксандр Рынгельман, Віталій Арлоў, Аляксей Карчэўскі, Мікалай Саковіч, Ян Губскі. У выніку ўзаралі 360 гектараў глебы. На вясну не засталося ні аднаго гектара. Дарэчы, з восені пад яравую сяўбу ўнеслі шмат арганікі, а зараз уносім калійныя ўгнаенні.
— Раскажыце яшчэ пра жніво, ураджайнасць, — прашу.
— Сёлета ўраджайнасць збожжавых культур склала больш за 36 цэнтнераў з гектара. А на асобных палетках яна пераўзыходзіла і 45 цэнтнераў. Такая ўраджайнасць не выпадковасць, а вынік мэтанакіраванай нашай работы. Своечасова была праведзена падкормка азімых, арганізавалі хімічную ахову ад хвароб і шкоднікаў, строга выконвалі тэхналагічныя патрабаванні па вырошчванні культур. І поле аддзячыла за клопат, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — У нас тры камбайны, на іх працуюць вопытная камбайнеры Аляксей Карчэўскі (ён намалаціў 401 тону), Аляксандр Папок (365 тон) і яго сын Алег Папок (352 тоны). Усімі работамі кіраваў вядучы аграном Сяргей Хіла. А за надзейнай дапрацоўкай і захоўваннем збожжа пільна сочыць загадчыца склада Ірына Варанец. Хачу адзначыць, што кіраўніцтва Нацпарку на чале з генеральным дырэктарам Васілём Каржовым, яго намеснікам Уладзімірам Крэсікам вялікую ўвагу надае сельскагаспадарчай вытворчасці. У нас практычна не бывае праблем з палівам, многае робіцца па паляпшэнні ўмоў працы механізатараў і жывёлаводаў. Людзі ўсё гэта бачаць, таму і стараюцца працаваць з максімальнай аддачай. Карыстаючыся нагодай, шчыра віншую ўсіх работнікаў сельскагаспадарчай галіны з прафесійным святам. Жадаю дабрабыту, сямейнага шчасця і моцнага здароўя. Няхай поспех спадарожнічае выкананню намечаных планаў, жыццё дае сілы для новых дасягненняў, а праца на зямлі прыносіць задавальненне і радасць!

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



20 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Жывёлагадоўля

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-043 возера Мястра Касцёл у Засвіры   Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела