На сцэне — юныя і знаходлівыя

У актавай зале Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі не было свабодных месцаў: тут праходзіў трэці раённы фестываль КВЗ. У ім прынялі ўдзел 16 камандаў з 15 устаноў адукацыі. Яны не толькі паказвалі свае жарты і сцэнічнае майстэрства, а і змагаліся за выхад у паўфінал.

У склад журы, якое ацэньвала выступленні камандаў, увайшлі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ганна Падгол, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Ларыса Севярын. Узначаліла журы начальнік упраўлення Таццяна Ефімава.
Пачала марафон гумару юная каманда «Бурбалкі ліманаду» з Крывічоў. Параўноўвалі, як адна і тая сітуацыя выглядае ў амерыканскіх і беларускіх фільмах. Закранулі і такую сур’ёзную тэму, як расставанне… у пятым класе. А з выступлення прадстаўнікоў Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, падалося, найбольш спадабалася гледачам і журы мініяцюра пра тое, як праходзяць адкрытыя ўрокі.
«Разыначкай» навучэнцаў Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі было выступленне на беларускай мове. Ды і выйшлі яе ўдзельнікі на сцэну ў вышыванках і народных строях. Сярод мноства жартаў «Раздай WI-FI» Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка паказвалі абрабаванне магазіна па-сваткаўску і сваю версію таго, як у Мядзеле з’явіліся пляцоўкі для пляжнага валейбола — маўляў, прыдумалі, куды дзяваць пясок ад ачысткі возера.
Сёлета ў назвах было шмат абрэвіятур. Так, з Княгінінскай сярэдняй школы прыехала каманда «КМТС». У назве шчыра прызналіся, як праходзіў набор у каманду — («Каго маглі, таго сабралі»). Назвалі сябе самай наіўнай камандай і пакарылі зал танцам. А навучэнцаў Нарацкай СШ №1 вядучы фестывалю КВЗ Яўген Купрэвіч прадставіў як каманду «якая на другім фестывалі дала не толькі агню, але і дыму».
Навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела падрабязна расказалі пра ўдзельнікаў сваёй каманды. І як усе, жартавалі на школьныя тэмы:
— Або ты пачынаеш вучыцца, або потым нехта не здасць ЦТ! — кажа настаўнік нядбайнаму вучню.
— А я што, павінен вучыцца, каб нехта ЦТ здаў?
Слабадская сярэдняя школа імя Адама Гурыновіча дэлегавала на фестываль цалкам дзявочую каманду — адпаведныя і тэмы падымалі. Навучэнцы са Старлыг паказалі варыянт таго, як маглі выглядаць разборкі пасля «Дажынак». Увогуле, гэту тэму ўспаміналі таксама іншыя каманды — і не прагадалі, гледачы рэагавалі на яе ўдзячна.
Яшчэ адна сваткаўская каманда «З прапіскай з сЯла» раскрыла таямніцу, чаму змяніў прапіску магазін сеткі бытавой хіміі ў Мядзеле, і падняла залу ў пошуках падарунка пад крэслам — выступалі ж для самага даверлівага гледача.
Мо памятаеце, як звалася каманда настаўнікаў Старагабскага дзіцячага сада-сярэдняй школы? Хто забыўся, нагадаю — «Фанера». Каманда навучэнцаў працягнула слаўныя традыцыі і назвалася «ДСП» («Дзеці сваіх педагогаў»). Так што — пераемнасць пакаленняў у дзеянні.
Навучэнцы Нарацкай СШ №2 пасля перамогі ў мінулым фестывалі перайменаваліся ў «Ра-та-та-та». Але стыль не змяніўся: каманда шчыра прытрымліваліся слоў: «Мы не пакутуем ад вар’яцтва, мы атрымліваем асалоду ад яго».
Ды ўвогуле ўсе каманды: са Свіры і Сырмежы, Занарачы і Старога Мядзела — па меры магчымасцей стараліся рассмяшыць гледачоў — што і адзначыла журы.
— У Мядзельскім раёне зноў свята: стартаваў трэці фестываль. І пачаўся вельмі здорава, з добрым настроем, танцамі, песнямі, жартамі, — казала пасля заканчэння выступленняў Таццяна Ефімава. — Сёння вельмі радуе тое, што сярод нашых вопытных каманд, сярод старшакласнікаў ёсць і такія, якіх мы ў журы назвалі «малышня». Але яна такая класная і задорная — гэта таксама здорава, што ў нас з’явілася падрастаючая змена «кэвэзэшнікаў». Мы будзем рады ўсім наступным сустрэчам і з задавальненнем будзем чакаць субот, калі пройдуць наступныя гульні.
Ларыса Севярын заклікала:
— Гуляйце ў КВЗ — таму што гэта пазітыў, сяброўства, крэатыў. А для тых, хто першы раз у зале, нагадаю, што ў мінулым навучальным годзе наш КВЗ атрымаў годную ацэнку: на абласным этапе VII рэспубліканскага турніру сярод школьных каманд КВЗ «У будучыню з усмешкай» наша зборная «Адчыніце дзверы — мы ўвойдзем!» стала пераможцай. У фінале на рэспубліканскім этапе каманда заняла трэцяе месца. І сёння тое, што ўбачылі — добры зачын на наступныя выступленні.
Што да ўзнагарод, то ў намінацыі «Удалы дэбют» адзначылі прадстаўнікоў Крывіцкага ВПК. Прыз «Самай юнай камандзе» ўручылі «Раздай WI-FI» са Сватак. Лепшай актрысай прызналі Вікторыю Сурвілу са Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські. А лепшых акцёраў было двое: юны Сяргей Аксюта з установы адукацыі Крывічоў і Уладзіслаў Кумішча са Старлыг. «Лепшым жартам» стала рэклама ад сваткаўскай каманды «З прапіскай з сЯла». Уявіце: на сцэне прылягае малады чалавек і спакуслівым голасам кажа:
— Ты адзін дома? Табе сумна і адзінока, табе няма чым сябе заняць? Шосты школьны дзень — нашы дзверы заўжды адчынены!
І вось дайшла чарга да галоўнай інтрыгі: аб’яўляюць рашэнне журы. У паўфіналы прайшлі 10 каманд. Гэта «GoldStarl» са Старлыгскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Івана Аніські, «Бурбалкі ліманаду» (Крывіцкі ВПК), «СОС» («Сур’ёзная арганізацыя смеху») з Мядзельскага ВПК яслі-сад-сярэдняя школа, «СПЖ» («Смех падаўжае жыццё») з Нарацкай сярэдняй школы №1, «Усе свае» з гімназіі-інтэрната Мядзела, «Ра-та-та-та» (Нарацкая СШ №2), «КМТС» («Каго маглі, таго сабралі») з Княгінінскай СШ, «4+1» з Мядзельскай СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Плюс абедзве каманды са Сватак: «Раздай WI-FI» і «З прапіскай з сЯла».
Пытаю ў іх кіраўніка Рыгора Хілы, настаўніка Сваткаўскага ВПК дзіцячы сад-сярэдняя школа імя Максіма Танка:
— Чаму вырашылі выставіць на фестываль аж дзве каманды?
— Натрэніраваць моладзь, каб яна надалей займалася КВЗ, каб была змена пакаленняў. У першай камандзе гуляюць навучэнцы з пятага па дзявяты клас, у другой — з дзявятага па адзінаццаты.
— У кожнай каманды свая асаблівасць?
— Канечне. Са старэйшымі лягчэй працаваць, яны ўжо вопытныя. З меншымі — больш складана, яны яшчэ не ўсё разумеюць: першы раз на сцэне, і гэтак далей. Некаторыя жарты яшчэ не асэнсоўваюць, не могуць адыграць. Старэйшым ужо лягчэй увайсці ў ролю.
Дзве паўфінальныя гульні фестывалю пройдуць у студзені наступнага года. У кожнай паспаборнічаюць па пяць каманд.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара.



16 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

dsc_5774-3 Лебедзі на Нарачы лебедзі на Мястры _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела