Італія — мае абдымкі: Верона

Прызнаюся шчыра, ніколі асабліва не любіла шэкспіраўскую п’есу “Рамэа і Джульета”, але праехаць палову Італіі і не зазірнуць у Верону нават мне здалося няправільным. Таму, развітаўшыся з Венецыяй, села на цягнік і адправілася ў горад, назва якога дзякуючы вядомаму англійскаму драматургу стала сінонімам кахання.

З сучаснай Веронай гэта адыграла непрыемны жарт, ператварыўшы горад з “гістарычнага” ў “турыстычны”. Што ў цэлым не пазбавіла яго сярэднявечнага зачаравання.

Людзі


У Вероне я зноў распачала спробу эканоміць і вырашыла пераначаваць у мясцовых жыхароў. Пасля сумнага вопыту ў Падуі ледзь не адмяніла бронь і не пачала шукаць гасцініцу, але хлопец-хост ужо за некалькі дзён да прыезду пачаў актыўна пісаць мне і ўдакладняць час і месца сустрэчы, так што вырашыла рызыкнуць.
У выніку рызыка была больш чым апраўданай. Хост сустрэў мяне разам са сваёй дзяўчынай, ён — карэнны італьянец, яна — палячка, якая пераехала ў Верону некалькі гадоў таму з Варшавы. Цікава, што даведалася пра гэта цалкам выпадкова: падчас размовы забылася, як на англійскай будзе слова “мяжа”, пачала ўспамінаць услых і тут чую:
— О, мяжа? “Броад”!
Да мяне нават не адразу дайшло, што іншаземка зразумела мяне, а потым стала няёмка, таму што літаральна перад гэтым я распавядала пра тое, як мне не спадабалася Варшава. Але нашых адносін гэта не сапсавала.
З цікавых назіранняў за італьянцамі. У мяне на працягу ўсёй паездкі заўсёды была з сабой бутэлечка вады, я не здымала капялюш і звычайна хадзіла ў акулярах. І ўсё роўна прымудрылася згарэць. Мой хост — з доўгімі чорнымі валасамі — не апранаў нават кепку, спакойна перанёс цэлы дзень на спякоце, толькі адзін раз падышоўшы папіць з фантанчыка вады. І да вечара не атрымаў нават “сонечнага ўдару”, адчуваючы сябе нашмат лепш, чым я.
Рабяты правялі са мной цэлы дзень, паказалі ўсе асноўныя славутасці горада і пачаставалі вячэрай. Знаёмства з гэтымі людзьмі — адно з самых яркіх уражанняў за ўсю паездку, і я б з задавальненнем яшчэ калі-небудзь прыехала ў Верону толькі для таго, каб зноў пабачыцца з імі.

Горад


Верона — вельмі зручны для прагулак горад. Вуліцы досыць шырокія, каб не збіраліся натоўпы, і ўсе, так ці інакш, выводзяць да цэнтра. Многія нават жылыя дамы — узростам ад пары стагоддзяў і старэйшыя, што стварае адпаведную атмасферу люднага сярэднявечнага горада.
Больш за ўсё людзей чакана тоўпіцца ля дворыка Джульеты. Вядома, сям’я Капулеці ніколі не жыла тут, але дом быў пабудаваны ў трынаццатым стагоддзі і доўгі час належаў людзям па прозвішчы дэлл Капэлла, а ўнутры адноўлены інтэр’еры XVI і XVII стагоддзяў. У дворыку ж можна палюбавацца знакамітым балкончыкам і скульптурай гераіні. А мяркуючы па колькасці турыстаў, нікога не спыняе, што сама гісторыя калі не цалкам выдуманая, то ладна дадуманая. Дарэчы, мне прапанавалі напісаць ліст Джульеце, з чаго можна было б пасмяяцца, калі б штогод гэтай гераіні не прыходзілі тысячы лістоў з просьбамі аб дапамозе ў асабістым жыцці. Што цікава — валанцёры музея адказваюць на ўсе пасланні ад імя самой дзяўчыны.
Запісачкі складаюць на месцы, мне нават удалося падслухаць размову дзвюх дзяўчат. Усё зводзілася да таго, што “мы, вядома, няшчасныя ў каханні, але абы-каго, Джульета, нам не трэба”, і адна дзяўчына пад дыктоўку сяброўкі пералічвала, якія якасці павінны быць у яе выбранніка. Смешна, але, паводле міфа, Джульета сапраўды выконвае ўсе патрабаванні.
Яшчэ адна папулярная славутасць месца, дзе, паводле сюжэта п’есы, разыгралася трагедыя, — грабніца Джульеты — знаходзіцца ў падвалах кляштара капуцынаў. Я дабралася да кляштара толькі познім вечарам, таму патрапіць унутр у мяне не атрымалася.
На наступны дзень амаль адразу выйшла да антычнага тэатра Арэна дэ Верона. На першы погляд, амфітэатр нагадвае паменшаную копію рымскага Калізея, але разгледзець яго не знаходзіш часу, таму што побач на плошчы высяцца велізарныя фігуры рыцараў, львоў, бостваў. Бо ў гэтым амфітэатры штогод праходзіць оперны фестываль, для якога ствараюцца такія велічныя дэкарацыі.
Першы фестываль правялі яшчэ ў 1913 годзе, ён быў прысвечаны стогадоваму юбілею кампазітара Джузэпэ Вердзі. Як заўзяты тэатрал, я адразу ж загарэлася ідэяй трапіць на прадстаўленне, але, як і чакалася, каб уладкавацца нават на самым далёкім радзе, па квіткі трэба было ісці мінімум паўгода таму. І засталося толькі любавацца дэкарацыямі на вуліцы, для паўнаты адчування слухаючы арыі з любімых опер. У маім выпадку гэта “Тангейзер” Рыхарда Вагнера.
Ля арэны я звярнула ў вузкую вулачку і хутка пачула шум вады. Выйшла не да набярэжнай, а адразу да моста Скалігераў, ды нават не проста моста, а да сапраўднага абарончага бастыёна з байніцамі, зубчастымі сценамі, вартавой вежай з аднаго боку ракі і замкам Кастэльвекіа з другога.
Мост працягнуты над ракой Адыджэ, яго пабудавалі ў чатырнаццатым стагоддзі, а пасля адступлення немцаў у 1945-м ён быў узарваны, аднак потым мост аднавілі з тых жа фрагментаў! Цяпер яго трэба абараняць хіба што ад галубоў, якія прыстасаваліся віць гнёзды ў выбоінах сцен.
Рака з моста бачная да далёкага павароту, вада ярка-бірузовая і пеністая з-за парогаў — панарама вельмі прыгожая. Замак, на жаль, быў на рэканструкцыі, і патрапіць унутр я не змагла, але затое атрымалася падняцца на назіральную пляцоўку ля яго сцен.
Назад у горад вярталася па яшчэ больш старажытным Каменным мосце. Цікавая гісторыя яго назвы. Спачатку мост быў мармуровы, бо, што лагічна, быў зроблены з мармуру. Але па меры рэканструкцый матэрыял цалкам замянілі і зараз аснова моста — камень. Мост быў пабудаваны каля 89 года да нашай эры. І гэта яшчэ адна дзіўная асаблівасць Вероны, ды і Італіі ў цэлым: ты пераходзіш раку па мосце і ўспрымаеш яго як належнае — мост і мост. А палі ў цябе пад нагамі заспелі яшчэ Рымскую імперыю. Усведамленне гэтага казачнае.

Ежа

Самае класнае ў каўчсёрфінгу — магчымасць пажыць у сям’і, адзначыць асаблівасці чужога менталітэту знутры. Калі ў Падуі мяне прытуліла, скажам так, “класічная” італьянская сям’я, якую мы прывыклі ўяўляць сабе самі, то рабяты з Вероны былі больш еўрапейцамі, чым італьянцамі. Сучасная планіроўка кватэры, шмат месца, мала сцен, карціны ў стылі мадэрн і лёгкія ранішнія сняданкі.
Бачылі, як у рэкламе ў людзей раніца пачынаецца з кубачка кавы? У хостаў у Вероне мы снедалі прыкладна таксама. Кава, нарэзаная долькамі садавіна і сыр, зеляніна, печыва. На развітанне мне ў сумку закінулі яшчэ і вялікі персік — дробязь, але такі клопат вельмі прыемны.
У горадзе ўпершыню давялося паабедаць у рэстаранчыку на галоўнай плошчы. Усю паездку я пазбягала такіх месцаў, бо дакладна ведала: на турыстычных маршрутах цэннік непад’ёмны. Але тут дзякуючы маім спадарожнікам змагла зарыентавацца ў коштах. У выніку мы цалкам памяркоўна па цане і вельмі атмасферна з-за панарамы, паабедалі класічнай пастай. А потым хосты пачаставалі мяне традыцыйным летнім ласункам — гранітай. Гэта лёд, перамолаты з фруктовым сокам. Цяпер такі напой можна сустрэць і ў Беларусі, але так выйшла, што ўпершыню я пакаштавала яго менавіта ў Вероне.
Ужо пасля таго, як мы развіталіся з хостамі, я зайшла на прадуктовы рынак. Акрамя свежай садавіны і агародніны, там можна было купіць гатовыя салаты, запечаную гародніну і нават шашлык. Увогуле гэта такі варыянт перакусу, як піражкі на Камароўскім рынку ў Мінску. Я выбрала мікс з садавіны, зноў жа ўпершыню пакаштаваўшы свежы інжыр.
***
Скончылася маё вялікае італьянскае падарожжа ў Мілане, дзе мяне сустрэла хрышчоная маці. Так выйшла, што ёй давялося з’ехаць на працу ў іншы горад, і тры дні я была пакінута на самую сябе. Праўда, за гэты час змагла толькі схадзіць у знакаміты сабор Нараджэння Дзевы Марыі, а потым схапіла высокую тэмпературу і ўвесь астатні час прабыла дома. За той кароткі дзень, што правяла, гуляючы па горадзе, Мілан чымсьці нагадаў мне Мінск. А хутчэй — нават Берлін. Гігантаманія ў архітэктуры, прасторныя вуліцы, шырокія праспекты — нашмат менш Італіі і больш сучаснай Еўропы.
Магчыма, таму горад мяне не асабліва ўразіў. Але я рада, што апошнім прыпынкам стаў менавіта ён, таму што вяртацца ў Мінск з Мілана, безумоўна, было значна прасцей маральна і эмацыйна, чым калі б я вярталася ў Беларусь з Венецыі, напрыклад. Не так моцна быў прыкметны кантраст.
Але не падумайце, што гэта параўнанне заклікана неяк ушчаміць мой горад і краіну, не. Сама здзівілася гэтаму, але сумавала па Мінску ўсю паездку і вярталася дадому з радасцю. Хоць яшчэ пяць гадоў таму вяртанне з Санкт-Пецярбурга не абышлося без слёз. Але чым больш падарожнічаю, чым больш розных краін, гарадоў і людзей сустракаю, тым больш люблю Беларусь. І мне заўсёды хочацца вяртацца. Таму ўсе мае падарожжы — гэта вакольны шлях дадому.

Аляксандра ГАРАЧКА



15 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Падарожжы

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 Лебедзі на Нарачы на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела