Каманда маладосці нашай…

ДЛЯ многіх прадстаўнікоў старэйшага пакалення маладосць, праведзеная пад сцягамі ВЛКСМ, і сёння выклікае мноства цёплых і яркіх успамінаў: удзел ва ўсесаюзных будоўлях, камсамольскія з’езды, спаборніцтвы… Пераемнікамі камсамольцаў у нашай краіне сталі маладыя людзі, аб’яднаныя Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі. Калі было цікавей: тады ці зараз? А каму лягчэй? Гэтыя і не толькі пытанні абмяркоўваліся на сустрэчы пакаленняў, якая адбылася ў рамках святкавання 100-годдзя ВЛКСМ.

За авальным сталом у малой зале райвыканкама сабраліся лідары маладзёжнага руху Мядзельшчыны розных гадоў: Наталля Шалапугіна (сакратар, першы сакратар Мядзельскага РК ЛКСМБ (1980)), Святаслаў Літвіновіч (інструктар, загадчык аддзела РК ЛКСМБ (1971-1974)), Анатоль Чараповіч (першы сакратар РК ЛКСМБ (1977-1984)), Павел Чарняўскі (першы сакратар РК БПСМ (1997-2001)), Алена Яцына (інструктар, сакратар, другі сакратар РК ЛКСМБ (1986-1991), Павел Жукаў (сакратар камсамольскай арганізацыі), Галіна Красоўская (другі сакратар, першы сакратар РК БРСМ (2003-2013)), Іна Барыева (другі сакратар РК БПСМ (1999-2001)), Марына Апанасёнак (першы сакратар РК БРСМ (2014-па наш час)). Ці трэба казаць, што больш зацікаўленых суразмоўцаў і знайсці цяжка? Варта было толькі пачаць прыгадваць…
Святаслаў Літвіновіч:
— Стаў камсамольцам яшчэ ў Крывіцкай школе падчас вучобы. Гэта было ў 1967 годзе. Усяго ў навучальнай установе налічвалася 196 членаў ВЛКСМ. А ў 1971 годзе, калі ўжо працаваў аграномам у калгасе імя Суворава, мяне запрасілі ў райкам камсамола. Шмат чаго ўспамінаецца… Камандзіроўкі па раёне, калі па прычыне адсутнасці транспарту даводзілася начаваць у вёсках. А як радаваліся, калі ў арганізацыю ўступалі маладыя кваліфікаваныя кадры — гэта ж павышала прэстыж! Ці навагодні карнавал, калі стаяў са шпагай на ўваходзе і прапускаў на свята толькі ў касцюме. Святы розныя, вядомая справа, мы арганізоўвалі. Раённая структура налічвала больш за 5 тысяч камсамольцаў і больш за 120 пярвічак! Радавала, што моладзь сама імкнулася атрымаць камсамолькі білет.
Наталля Шалапугіна:
— У наш час камсамольскі білет адкрываў многія дарогі. Асабліва для выпускнікоў школ. Але было і такое, што бацькі па рэлігійных меркаваннях не пускалі дзяцей у арганізацыю. А тыя прыйдуць пад дзверы і просяцца. І што рабіць?
Святаслаў Літвіновіч:
— Так, так! На маёй памяці, як хлопец з каталіцкай сям’і дзяўчыне-камсамолцы ўльтыматум паставіў: ці замуж, ці камсамол. І тая вымушана была выбіраць. Пайшла замуж, памятаю.
Іна Барыева:
— Добра, што мы жывём ужо ў той час, калі маладым людзям, наадварот, ствараюцца ўсе ўмовы для таго, каб яны далучыліся да маладзёжнага руху.
Анатоль Чараповіч:
— Ведаеце, калі мяне запрасілі на гэту сустрэчу, вельмі расхваляваўся. Сказаць, што суткі не спаў — значыць нічога не сказаць. Усё маё жыццё звязана з камсамолам. І жонка камсамольскі работнік, толькі са Смалявіч. І дзеці з’явіліся, калі яшчэ камсамольцам быў. А на кіраўніцкую пасаду, не лічачы перыяд інстытута, трапіў, вярнуўшыся з арміі. Узяў мяне Каратай за руку і павёў да Сямёна Сямёнавіча Каралёнка: “Пайшлі!” Але кандыдатуру маю ў райкам доўга не ўзгаднялі ў вобласці. Пазней даведаўся, што па прычыне настаўніцкай адукацыі, бо патрабаваўся спецыяліст сельскай гаспадаркі. Аднак першы сакратар райкама партыі Анатолій Ярошык іншую кандыдатуру шукаць не стаў, і мяне ўзгаднілі ў рэшце рэшт на загаддзела. Праз год стаў другім сакратаром райкама, яшчэ праз год — абкам камсамола. Але вярнуўся дадому ў Мядзел, хоць і была магчымасць застацца ў сталіцы.
Хачу адзначыць, што нам усё ж было лягчэй. За намі стаяла партыя, мы лічыліся яе рэзервам. Але і тады, і цяпер моладзь — на перадавой. У гэтым сэнсе нічога не памянялася. Памятаю, як мы добраўпарадкавалі стадыён каля школы ў Старым Мядзеле. Гэта было ў 1982 годзе. Камсамольцам даручылі класці дзёран на пляцоўку. Наразалі яго ў Старых Габах і прывозілі ў Мядзел. Кожная пярвічка горада атрымала свой кавалачак: хто сотку, хто пяць, хто дзесяць. І ўсе ведалі, што гэта камсамольцы робяць. Яшчэ адна справа райкама — хакейная каробка на спартыўнай пляцоўцы каля цяперашняй гімназіі. Мы, пяць чалавек з райкама, шукалі дошкі, слупкі на агароджу, залівалі яе, а райсельэнерга зрабілатакое асвятленне, што і ноччу можна было на каньках катацца. Каток, дарэчы, карыстаўся папулярнасцю ў жыхароў Мядзела. І зараз у памяці момант чарговай гульні, калі балельшчык крычаў мне: “Заб’еш гол — антрабянкі дам!”
Цудоўны атрымаўся і першы злёт перадавікоў, які давялося нам праводзіць. За сродкі, якія сабралі на мерапрыемства, мы змаглі кожнай дзяўчыне-ўдзельніцы ўручыць французскія духі. Уяўляеце? Яны каштавалі 20 рублёў. А зарплаты былі — па 100-120. А хлопцы атрымалі сумкі для лоўлі рыбы. Ведаю, што мядзяльчанін Косця Галубовіч і зараз карыстаецца гэтай сумкай. І даклад на той раз гучаў у суправаджэнні слайдаў, прэзентацыю зрабіў вялікі энтузіяст Міхаіл Трафімавіч Чарняўскі.
Яшчэ хачу сказаць пра музей у Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі. Яго адкрывалі ў 1993 годзе, там сем залаў. Гэта выдатны музей, і шкада, што, напрыклад, выдатнікі школы ў ім заканчваюцца 1997 годам. Лічу, ён мала папаўняецца. Тую ж самую гісторыю камсамола можна было б скласці. Ёсць шмат людзей, якія могуць расказаць.
Наталля Шалапугіна:
— Мяркую, што, нягледзячы ні на што, на змену нам прыйшло годнае пакаленне. Паглядзіце, якая зараз разумная моладзь! У іх на ўзбраенні — тэхналогіі. А што ў нас было? Але ім і цяжэй. Нас у райкаме налічвалася каля дзесяці чалавек, плюс камсамольскія, партыйныя інструктары ў арганізацыях, ды і аўтамабіль быў. Але працаваць усё роўна трэба, магчыма, імкнуцца быць больш актыўнымі.
Павел Жукаў:
— У камсамоле заўсёды цаніліся ініцыятыва і канкрэтыка. Калі былі канкрэтныя справы ў камсамольскай арганізацыі, гэта заўсёды заўважалася і заахвочвалася. Прычым, годна. Камсамольская арганізацыя рэдакцыі і друкарні, сакратаром якой у свой час я быў, клала падлогу ў дзіцячым садзе, усе пятнаццаць чалавек. Летам, пасля работы, кожны дзень ездзілі. Чатыры самыя актыўныя камсамольцы ў выніку былі ўзнагароджаны радыёпрыёмнікамі “Спідола”.
Павел Чарняўскі:
— Мне з Інай Іванаўнай трапіць у кола маладзёжнай палітыкі давялося ў пераломны перыяд 90-х гадоў. У людзей адбілі ахвоту да дзяржаўных грамадскіх аб’яднанняў, камсамол перастаў існаваць, і нам даводзілася праводзіць растлумачальную работу, для чаго патрэбна новая арганізацыя — Беларускі патрыятычны саюз моладзі. Нам нельга было браць у арганізацыю работнікаў міліцыі, МНС. І тым не менш, мы працавалі. Узгадваецца галодны для жывёлы 1999 год, калі моладзь усё лета працавала на нарыхтоўцы чароту — на азёрах, балотах. Вы кажаце, што за плячыма ў вас была партыя. А я ўзгадваю падтрымку Іосіфа Сцяпанавіча Варановіча. Як ён нас абараняў, адстойваў! Нас было каля тысячы, магчыма, гэта і няшмат, але на кожнага можна было абаперціся. І мы годна неслі вашу эстафету, камсамольцы, і перадалі яе новаму пакаленню. А наша дабрачынная навагодняя акцыя, калі мы на старэнькіх “жыгулях”, якія нам дапамагла ўзяць Наталля Аляксееўна (дарэчы, мы былі першыя ў вобласці з аўтамабілем), віншавалі малышоў са святам. Бясплатна! Я — Дзед Мароз, за рулём, другі сакратар — Снягурка. Мы едзем па плошчы, а людзі ўсміхаюцца, махаюць нам рукамі.
Іна Барыева:
— Наш райкам БПСМ стварыў сваё маладзёжнае радыё і нас транслявалі на ўсю вобласць. Уяўляеце? Гэта была наша першая фішка. А другая — патрыятычны клуб, які прапанаваў стварыць Валерый Хацяновіч з Будслава, а Павел Уладзіслававіч падтрымаў. Клуб меў поспех. Таму ўсе нашы агульныя ўспаміны, увесь гэты вялізны мех нясём з сабой, кожны туды ўкладвае нейкую сваю разыначку, сваё індывідуальнае, каб перадаць іншым. У нас багатае, цікавае мінулае і не менш цікавыя цяперашняе і будучыня.
***
Напрыканцы гутаркі, напоўненай цёплымі ўспамінамі і шчырай зацікаўленасцю,
удзельнікі падрыхтавалі капсулу часу. Марына Апанасёнак зачытала пасланне нашчадкам, якое яны адкрыюць праз пяцьдзясят год, а актывісты маладзёжнага руху розных часоў паставілі там свае подпісы. Капсулу вырашылі на захаванне аддаць у музей народнай славы. Прадоўжылася мерапрыемства ў маладзёжным скверы, дзе ўдзельнікі сустрэчы пасадзілі тры дубы: адзін — камсамольцы, другі — члены БПСМ і трэці — актывісты БРСМ. Наступным пунктам святочнай праграмы стаў тэматычны канцэрт, які адбыўся ў раённым Цэнтры культуры. Падчас яго ўдзельнікі сустрэчы пакаленняў атрымалі ўзнагароды — юбілейныя медалі да 100-годдзя ВЛКСМ.

Іна ЯРЧАК.

Фота Аляксандра Высоцкага.



08 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Царква ў Слабадзе wjx6x-f4hhi 0-178 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела