Шчырая праца ацэнена па заслугах

Яшчэ напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі сустрэлася з мядзяльчанкай Зояй Роўдай. Спатканне наша не было выпадковасцю, бо жанчына на самай справе мае дачыненне да гэтай даты. Яна, як і многія прадстаўнікі яе пакалення, вызначылася добрасумленнай, шчырай і стараннай працай на карысць Радзімы, за якую і была адзначана ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. А ўвогуле гэтай высокай дзяржаўнай узнагароды, як сведчыць гісторыка-дакументальная хроніка “Памяць”, было ўдастоена ў нашым азёрным краі 12 чалавек.

Зоя родам з вёскі Лук’янавічы. Там расла. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было шэсць гадоў. Усе цяжкасці акупацыі роднай зямлі нямецка-фашысцкімі захопнікамі зведала дзяўчынка на сабе. І сёння памятае, як жыхароў іх вёскі — і малых, і старых — ворагі гналі ў Мядзел. Начавалі ў хляве, не ведалі, што кожнага чакае. А назаўтра было “сартаванне”: пажылых, хворых — у адзін бок, маладых, здаровых — у другі. Апошніх адбіралі для адпраўкі ў нямеччыну. Іх сям’і пашанцавала: ні бабуля з дзядулем, ні бацькі Зоі не сталі вязнямі. Яны вярнуліся дадому. Праўда, чакалі іх там чорныя коміны, бо вёску спалілі фашысты… На два тыдні іх сям’ю прытулілі ў Азарках сваякі. А дзядуля як чалавек рукасты ўзяўся адразу за ўзвядзенне зямлянкі, у якую дружна ўсе перабраліся. Пасля ён пабудаваў варыўню, якая некаторы час служыла для сям’і жыллём… А потым і дом пакрысе ўзвёў на радасць усім…
Як цешыліся, што нарэшце прыйшло доўгачаканае вызваленне. Нават не верылася, што доўгія выпрабаванні засталіся ззаду. Але, на жаль, не ўсе дачакаліся Дня Перамогі. Не вярнуўся з фронту і родны дзядзька дзяўчынкі: загінуў смерцю героя за свабоду і незалежнасць Радзімы. Балюча перажывалі гэту незваротную страту. Але нічога не паправіш: ва ўсім вінавата вайна праклятая. Падчас яе шмат людзей палегла, у тым ліку і мірных жыхароў. Ім жа, дзякуй Богу, пашчасціла ўцалець. Вось і трэба было жыць далей, працаваць…
З маленства Зоя расла руплівай, стараннай. Яна была галоўнай памочніцай бацькоў па гаспадарцы, дапамагала маці, якая працавала даяркай на ферме “Лук’янавічы”. А неўзабаве і сама ўладкавалася туды на работу. Як кажуць, пайшла дачка па шляху матулі. У групе, якую ёй даверылі, былі 22 каровы, якіх трэба было накарміць, падаіць. Механізацыі ж на той час не было ніякай. Зоя Антонаўна і зараз успамінае, якой нялёгкай тады была праца ў жывёлагадоўлі. Раздавалі каровам сілас, рэзалі сечку, запарвалі… Даілі кароў уручную. Самі ж чысцілі стойлы ад гною… Але ніхто не скардзіўся на цяжкасці. Працавалі дружна, з агеньчыкам, адзін аднаму дапамагалі. Людзі, якія перанеслі вайну, умелі цаніць жыццё і мірнае неба над галавой.
— У свае васямнаццаць я пазнаёмілася з будучым мужам. Мікалай быў родам з суседняй вёскі Азаркі-Пудавінка. Якраз тады вярнуўся са службы ў арміі. Убачыліся на танцах, пачалі сустракацца, а праз чатыры гады справілі вяселле. З часам наогул памянялі месца жыхарства і працы: перабраліся ў Мядзел, — успамінае мая суразмоўца. — Я, напрыклад, уладкавалася афіцыянткай у сталовую. Як магла, старалася. І з кліентамі была добразычлівай. Па ўсім бачна, заўважыў мае шчырыя адносіны да работы тагачасны загадчык сталовай Леанід Сняжкоў і праз месяц адправіў мяне ў клуб буфетчыцай. Год там адпрацавала, а потым мяне запрасілі на работу ў гастраном. Маімі напарніцамі былі Соня Місуна, Ліда Шабовіч, Валя Бруй і Жалязнова, на жаль, яе імя не памятаю. Калі ж гэта было! Ды і няма жанчыны ўжо на зямлі: адышла ў свет іншы. Як прыйшла ў магазін — так і засталася там на 32 гады. З іх 17 была загадчыцай аддзела. Да работы адносілася адказна. Сачыла за асартыментам прадукцыі, за тэрмінамі яе рэалізацыі. І да кліентаў была ветлівая, уважлівая. Я не хвалюся, але яшчэ і цяпер многія ў горадзе пры сустрэчы не толькі вітаюцца, але і адзначаюць, якой была адказнай, добрай да наведвальнікаў крамы. Вядома, прыемна чуць цёплыя словы ў свой адрас. Але ж па-іншаму я працаваць не магла, не ўмела. Ды і што казаць, пераважная большасць людзей майго пакалення былі такімі. Вайна, пасляваенныя цяжкасці нас загартавалі, навучылі даражыць кожным пражытым днём, цаніць і паважаць тых, хто побач… Муж жа працаваў вадзіцелем: адразу на грузавой машыне, а пасля ў аўтабазе на аўтобусе — і на міжгорадзе, і на гарадскіх маршрутах.
Добрасумленная, шчырая праца маёй гераіні не засталася незаўважанай, была ацэнена па заслугах. Акрамя ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі, Зоя Антонаўна была яшчэ ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР. Дарэчы, грамату гэту жанчына па просьбе супрацоўнікаў Мядзельскага музея народнай славы перадала ўстанове, дзе яе можна і ўбачыць. Змяшчаўся фотаздымак прадаўца і на раённай Дошцы гонару.
Хочацца назваць і яшчэ адну лічбу з жыцця Зоі Роўды, а гэта 78. Менавіта да такога ўзросту шчыравала жанчына, не зважаючы на тое, што знаходзілася на пенсіі. Чатыры гады была дворнікам у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, а апошнія дзесяць — прыбіральшчыцай у Мядзельскай дзіцячай школе мастацтваў, дзе пра яе і дагэтуль успамінаюць з цеплынёй, павагай і любоўю.
Увогуле па жыцці Зоя Антонаўна была актыўнай, энергічнай. І на рабоце паспявала, і дома. Хутчэй за ўсё, менавіта праца давала ёй сілы жыць і адчуваць сябе патрэбнай.
Засталося дадаць, што разам з мужам Мікалаем Мікітавічам Зоя Роўда выхавала двух сыноў. Мае яна двух унукаў і ўнучку, а таксама праўнука Улада і праўнучку Сашу. Яны — яе самае галоўнае багацце на гэтай зямлі. Вось і просіць штодзень Бога, каб падараваў ім годнае і шчаслівае жыццё пад мірным небам.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



08 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi від на Мядзел Касцёл у Мядзеле  Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела