Санаторий “Спутник”: “На первом месте – люди”

Унітарнае прадпрыемства “ААБ Санаторый “Спадарожнік” — адна з сучасных нарачанскіх здраўніц, вядомая не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Працуе стабільна, “загружана” поўнасцю круглы год. Размяшчаецца яна ў маляўнічым сасновым масіве на беразе возера Нарач — жамчужыны Беларусі. Прычым прываблівае адпачываючых не толькі прыгажосцю прыроды, але і выдатнымі ўмовамі, створанымі для пражывання, якасным харчаваннем, моцнай лячэбнай і дыягнастычнай базай. Па меркаванні энергічнага, ініцыятыўнага і мудрага дырэктара Уладзіміра Сяржанта, дарэчы, медыка-прафесіянала, садзейнічае высокаму рэйтынгу санаторыя на рынку аздараўленчых паслуг і руплівая, шчырая праца вялікага і дружнага калектыву. У тым ліку і службаў, якія менш вядомыя, а то і зусім нябачныя для адпачываючых. А гэта — аддзел маркетынгу і  бухгалтэрыя.

Найперш —чалавечы фактар
Важным участкам у дзейнасці санаторыя з’яўляецца аддзел маркетынгу.
Менавіта ад яго эфектыўнай работы ў значнай ступені залежыць напаўняльнасць здраўніцы. У абавязкі супрацоўнікаў уваходзіць браніраванне і рэалізацыя пуцёвак, правядзенне маніторынгаў па вывучэнні попыту і прапаноў, а таксама рэкламная дзейнасць, якая дапамагае “раскручваць” санаторна-курортную ўстанову на сусветным рынку аздараўленчых паслуг і прывабліваць сюды на адпачынак жыхароў блізкага і далёкага замежжа. Па словах начальніка аддзела Наталлі Гарадзецкай, за апошнія гады значна павялічыўся паток іншаземцаў, якія з задавальненнем наведваюцца ў санаторый. За 10 месяцаў бягучага года тут прайшлі аздараўленне жыхары 23 краін свету.
— З замежнікаў у нас найбольш адпачывае расіян і прыбалтаў, — дзеліцца Наталля Міхайлаўна. — Пачынаючы з 2016 года прымаем прадстаўнікоў беларускай дыяспары з Літвы. Праграма ажыццяўляецца дзякуючы кіраўніку нашай здраўніцы пры дапамозе Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у гэтай дзяржаве Аляксандра Караля. Нашы суайчыннікі, якія жывуць у Літве, карыстаюцца льготамі па аплаце пуцёвак. Акрамя таго, іх забіраюць у санаторый і адвозяць назад транспартам установы. Многія з іх праходзяць аздараўленне на Нарачы па тры і больш разоў. Вядуцца перамовы па прыцягненні на адпачынак і беларускіх суполак з Латвіі. А ўвогуле вельмі шырокая геаграфія краін, з якімі супрацоўнічаем. У ліку нашых кліентаў грамадзяне Фінляндыі, ЗША, Ізраіля, Азербайджана, Вялікабрытаніі… Сёлета ўжо другі раз прыязджалі японцы. Спадабалася ў нас таксама жыхарам Кіпра і Саудаўскай Аравіі.
Пра ўсіх супрацоўнікаў аддзела гаварыла Наталля Гарадзецкая з павагай і цеплынёй. Кожнаму давала станоўчую характарыстыку. Напрыклад, Таццяна Крыштафовіч — вядучы маркетолаг. У здраўніцы яна з самага адкрыцця. Зарэкамендавала сябе кампетэнтным спецыялістам. Умее выслухаць, адказаць на любое пытанне, якое датычыць як санаторыя ўвогуле, так і яе непасрэднай работы. З 2013 года працуе маркетолагам Людміла Брагінец. Яна не толькі прафесіянал сваёй справы, але і шчыры, неабыякавы чалавек. Усе пастаўленыя задачы выконвае толькі на “выдатна”. З 2014 года ў штаце Міхаіл Вайсковіч. Ён маркетолаг. Гэта — старанны, адказны малады чалавек, які выдатна ведае камп’ютар, умее ладзіць з людзьмі.
— У нас падабралася дружная, зладжаная каманда, — сцвярджае Наталля Міхайлаўна. — Усе супрацоўнікі маюць вышэйшую адукацыю, камунікабельныя, ініцыятыўныя, добрасумленныя. Гэта ўніверсалы, бо ведаюць не толькі свае непасрэдныя абавязкі, але і работу іншых, што дазваляе ў выпадку неабходнасці замяняць адзін аднаго. І ўрэшце — агульнымі намаганнямі на высокім узроўні, прафесійна вырашаць пастаўленыя перад службай задачы.
У У штаце аддзела і два адміністратары, якія займаюцца размяшчэннем адпачываючых, аказваюць ім патрэбную інфармацыйную дапамогу, як наконт бытавых умоў, так і аздараўлення. Працуюць на гэтай пасадзе Наталля Бабіч і Тамара Булаўка. Па меркаванні Наталлі Гарадзецкай, абедзве жанчыны шчырыя, добразычлівыя. Водгукі адпачываючых пра іх работу самыя цёплыя.
На сваім месцы
Наколькі ведаю, ва ўсіх арганізацыях, прадпрыемствах і ўстановах вядзецца ўлік матэрыяльна-таварных каштоўнасцей і асноўных сродкаў, налічваецца заработная плата, складаюцца самыя розныя справаздачы. Не выключэнне — і санаторый “Спадарожнік”, дзе таксама без бухгалтарскіх работнікаў не абысціся.
— У мяне ў падпарадкаванні пяць чалавек, — кажа галоўны бухгалтар Таццяна Шуванава. — Гэта Таісія Мацюшонак, Жанна Жук, Марына Пагуда, Кацярына Піліпюк і Таццяна Філіповіч. У кожнай з іх — свой участак работы, а значыць, розныя і абавязкі. Тым не менш, больш вопытныя супрацоўнікі навучаюць маладзейшых, дапамагаюць ім. Увогуле ўсе бухгалтары — адказныя, кампетэнтныя. Хварэюць душой за даручаную справу, за імідж здраўніцы, стараюцца не падвесці ні сябе, ні кіраўніцтва. Пра іх прафесіяналізм сведчаць вынікі праверак, якія перыядычна праводзяць вышэйстаячыя службы. З улікам таго, што ўласнікам санаторыя з’яўляецца ААБ “Беларусбанк”, вельмі высокія патрабаванні і да правядзення гаспадарчых і фінансавых аперацый. На спецыфіцы бухгалтарскай работы адбіваецца таксама і тое, што ў нас шмат розных відаў дзейнасці. У тым ліку — рознічны гандаль, які ажыццяўляецца праз уласны магазін. Займаемся і грамадскім харчаваннем, бо на тэрыторыі здраўніцы ёсць сваё кафэ. Акрамя таго, аказваюцца платныя медыцынскія і SPA-паслугі, паслугі пракату. І хоць наша праца непасрэдна не звязана з адпачываючымі, але і ад нас залежыць нармальнае функцыянаванне прадпрыемства. А таму сваю работу імкнёмся выконваць добрасумленна і своечасова.
Ад сваёй суразмоўцы даведалася, што яна ў санаторыі практычна з самага адкрыцця. Прыйшла сюды з Мядзельскай цэнтральнай раённай бальніцы, дзе працавала пасля заканчэння інстытута народнай гаспадаркі, па запрашэнні Уладзіміра Сяржанта. На той час на плечы бухгалтара клалася вялікая адказнасць за асваенне грашовых сродкаў пры рэканструкцыі і мадэрнізацыі старога будынка пансіяната, які застаўся ў спадчыну ад радыёзавода “Спадарожнік”. Пачынаць давялося практычна з нуля, але кіраўніцтва санаторыя ў асобе Уладзіміра Францавіча і яго надзейнай каманды, у якой была, дарэчы, і Таццяна Леанідаўна, усе цяжкасці пераадолела: 21 кастрычніка 2006 года санаторна-курортная ўстанова прыняла першых адпачываючых. Паступова развівалася, удасканальвалася матэрыяльна-тэхнічная база, устанаўлівалася сучаснае медыцынскае абсталяванне. Новы імпульс для развіцця курорта даў прыезд у Нарачанскі край Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. У адпаведнасці з Указам кіраўніка дзяржавы № 514 ад 30 верасня 2010 года пачалося будаўніцтва другога спальнага корпуса са SPA-цэнтрам. Пазней былі ўзведзены свая кацельня з уласнай энергакрыніцай і пральняй… Сёлета здадзены ў эксплуатацыю спартыўны басейн, дзе чатыры плавальныя дарожкі. На другім яго паверсе — кабінеты для праходжання працэдур, баракамера. Дзякуючы энтузіязму дырэктара, які не жыве толькі сённяшнім днём, а думае пра перспектыву, з’явілася ва ўстанове шмат новага дыягнастычнага абсталявання. У бліжэйшых планах — набыццё апарата для правядзення МРТ, без якога проста немагчыма ўявіць сучасную медыцыну.
Таццяна Леанідаўна не абмінула ўвагай службы, з якімі найбольш цесна супрацоўнічаюць бухгалтарскія работнікі, і, найперш, адзначыла эканаміста Таццяну Сербіненку. Працуе жанчына з адкрыцця санаторыя. Займаецца аналізам і планаваннем дзейнасці прадпрыемства, разлічвае цэны, складае бізнес-планы развіцця. У якасці надзейнага партнёра назвала і вядучага юрысконсульта Іну Гладкую, якая з веданнем справы аказвае ўсім вялікую прававую падтрымку і дапамогу. Напрыканцы размовы Таццяна Шуванава нагадала пра Міжнародны дзень бухгалтара, які адзначаецца 10 лістапада. І павіншавала з ім, напярэдадні гэтай даты, сваіх калег. Пажадала ўсім здароўя, дабрабыту, ажыццяўлення планаў і задумак, поспехаў у працы, шчасця ў сямейным жыцці.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



06 лiстапада 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

від на Мядзел 06-043 _06-040 лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела