Жанчына няпростага лёсу (да 125-годдзя з дня нараджэння Паўліны Мядзелкі)

Кожны будслаўчанін ведае домік па вуліцы Зялёнай, дзе апошнія 27 гадоў свайго жыцця правяла Паўліна Мядзёлка — актрыса, педагог, заслужаны дзеяч культуры БССР. А яшчэ — жанчына, у якую быў закаханы сам Янка Купала і прысвяціў ёй сваю п’есу “Паўлінка”. Гэтай восенню грамадскасць адзначае 125-годдзе з дня нараджэння нашай знакамітай зямлячкі.

Наколькі рамантычным аказалася знаёмства будслаўскай дзяўчыны і беларускага паэта, мы можам толькі здагадвацца, пагартаўшы старонкі кнігі мемуараў Паўліны Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”. Дарэчы, саму кнігу, якая выйшла ў сярэдзіне 1974-га тыражом 5 тысяч экзэмпляраў, Паўліна Вінцэнтаўна так і не паспела ўбачыць — памерла 13 лютага таго ж года. Менавіта гэтыя ўспаміны леглі ў аснову сцэнарыя мерапрыемства, прысвечанага памятнай даце, якое адбылося ў мясцовым Доме культуры. Гледачоў сабралася поўная зала, нават крэслы даносілі. Ушанаваць памяць Паўліны Мядзёлкі прыехалі і ганаровыя госці — доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Белдзяржуніверсітэта Вячаслаў Рагойша, кандыдат філалагічных навук, намеснік дэкана філалагічнага факультэта БДУ Павел Навойчык. А перад урачыстасцю госці наведалі магілу Паўліны Вінцэнтаўны, напярэдадні свята адноўленую нераўнадушнымі мясцовымі жыхарамі, завіталі ў касцёл, дзе адбылася імша з нагоды юбілейнай даты знакамітай будслаўчанкі.
Жанчына няпростага лёсу, з моцным характарам, харызматычная і таленавітая. Гэта ўсё яна — Паўліна Мядзёлка, жыццё якой і сёння выклікае шмат пытанняў, напоўнена таямніцамі, трагізмам і… адзінотай.
…З Янкам Купалай яна пазнаёмілася ў Вільні, куды прыехала на вучобу. Ёй ледзь споўнілася сямнаццаць гадоў. Паэту было 29, і яго вершы ўжо друкаваліся. Яна чакала ўбачыць змрочнага генія, а тут — “Купала жартаваў, пытаўся ў мяне, ці шмат у Вільні прыгожых дзяўчат”, — узгадвае ў кнізе Паўліна Вінцэнтаўна. А ў 1913 яны сустрэліся зноў, на гэты раз у Пецярбургу, дзе дзяўчына працягвала вучобу. Паэт прапанаваў Мядзёлцы сыграць у яго п’есе “Паўлінка”, і тая згадзілася. Пастаноўка прайшла з вялікім поспехам. На памяць пра падзею аўтар падараваў выканаўцы галоўнай ролі два экзэмпляры п’есы, на адным з якіх быў напісаны прысвечаны ёй верш…
Паўліна Вінцэнтаўна круцілася ў коле прагрэсіўных на той час людзей, была на грэбені падзей, што і вызначыла далейшы яе лёс. Падчас Першай Сусветнай вайны знаходзілася ў эвакуацыі ў Царыцыне, з восені 1916 была сакратаром Беларускага камітэта дапамогі ахвярам вайны ў Петраградзе, пазней працавала ў Кіеве, настаўнічала ў Мінску. З вясны 1919 года кіравала Грамадой беларускай моладзі і драматычным гуртком у Гродне, была арыштавана польскімі ўладамі за ўдзел у выданні мясцовай газеты “Родны край”. Праз год яна ўжо ў Мінску сядзела ў польскай турме, на гэты раз з мужам Тамашом Грыбам (беларускім грамадска-палітычным і культурным дзеячам). Дарэчы, у якім годзе яны пажаніліся, як пазнаёміліся, чаму разышліся, Паўліна Вінцэнтаўна ў мемуарах не расказвае. Пазней у Коўне нястомная Паўліна займалася выданнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Заходняй Беларусі. Потым быў яшчэ адзін арышт і суд у Латвіі, дзе яна працавала ў беларускай гімназіі ў Дзвінску. Перыядам вяртання на савецкую радзіму заканчваюцца мемуары Паўліны Мядзёлкі. Але былі яшчэ беларускі горад Горкі, Масква, арышт за “антысаветчыну”, допыты і ссылка ў Казань. Вярнуўшыся ў 1932 годзе ў Маскву, яна да 1947 працавала там у школе, а пасля прыехала да адзінокай маці ў Будслаў. Тут выкладала ў мясцовай школе, арганізавала хор, ставіла спектаклі і ладзіла канцэрты.
— Памятаю, як Паўліна Вінцэнтаўна прыйшла да нас у хату запісваць мяне ў школу, — расказвае са сцэны ўраджэнка Будслава Людміла Бунас. — А я за печку схавалася, бо напярэдадні з іншымі дзецьмі яблыкі ў чужым садзе цягалі. Дык думала, што яна шукае мяне па гэтай прычыне…
А потым узгадала выпадковую сустрэчу на аўтобусным прыпынку ў Мінску з “сівагаловай настаўніцай з маладымі вачамі”. Паўліна Вінцэнтаўна, калі даведалася, што дзяўчына з Будслава, размаўляла з ёй, як з родным чалавекам.
Цёплыя словы пра зямлячку, напоўненыя гонарам і павагай, гучалі з вуснаў настаўніцы мясцовай школы Яніны Дземідовіч:
— Постаць Паўліны Мядзёлкі вельмі адметная ў беларускай культуры. Яна несла асвету дзеткам, народу і пакінула значны след у гісторыі і развіцці беларускага тэатральнага мастацтва. Яе памятаюць у аграгарадку, школа носіць імя Паўліны Мядзёлкі, вуліца, нават кафэ называецца “Паўлінка”.
Вядучая імпрэзы Галіна Аксючыц ўзгадала і Соф’ю Грышкевіч, якая даглядала Паўліну Вінцэнтаўну перад смерцю. Немаладая ўжо сваячка таксама прыйшла на мерапрыемства.
Прафесар Вячаслаў Рагойша асабіста ведаў Паўліну Мядзёлку. Пазнаёміўся з ёй у далёкім 1966 годзе. Завуч школы Васіль Жук разам з калегам са Сватак Міколам Пашкевічам запрасілі беларускіх пісьменнікаў на Мядзельшчыну. У гэтай кампаніі апынуліся Уладзімір Караткевіч, Генадзь Бураўкін, Язэп Семяжон, Алег Лойка. У першую чаргу ўсе завіталі да Паўліны Вінцэнтаўны. Яна, на жаль, хварэла і не магла прыйсці на вечарыну ў школу. Жанчына, седзячы на ложку, радасна ўсіх сустрэла, не хацела адпускаць…
— Яна ў свой час сапраўды рыхтавала адраджэнне бацькаўшчыны і Беларусі, — узяўшы слова, пачаў Вячаслаў Пятровіч. — Прычым незалежнай Беларусі, што з’яўляецца зараз нашым самым важным дасягненнем у ХХІ стагоддзі… Паўліна Вінцэнтаўна была ля асноў гэтай незалежнасці. За свае ідэі яна сядзела ў польскай, нямецкай, латвійскай і нават савецкай турмах. І, прайшоўшы праз усё гэта пекла, цвёрда несла ідэю беларускасці — сваю праўду. Ужо за гэта яе варта ўспамінаць добрым словам.
Вячаслаў Пятровіч паведаміў прысутным і важную навіну. У хуткім часе свет пабачыць поўнае выданне кнігі “Сцежкамі жыцця” Паўліны Мядзёлкі на шасцістах старонках з падрабязнымі каментарыямі. Падрыхтавала яе дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка. Выданне з’явіцца ў серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. Там ёсць і савецкі перыяд жыцця Паўліны Мядзёлкі, які не ўвайшоў у кнігу першапачаткова.
Закончылася свята цудоўным канцэртам ансамбля беларускай песні “Паўлінка” беларускай абшчыны “Мара” з Латвіі, які прыехаў па запрашэнні дырэктара Будслаўскага сельскага Дома культуры Вячаслава Бабкевіча. Жартаўлівыя, сучасныя і па-майстэрску выкананыя песні нікога не пакінулі раўнадушным і сталі выдатным завяршэннем культурнай падзеі, што адбылася ў Будславе.
Іна ЯРЧАК.
Фота А. Фаміной, г. Ліепая, Латвія.
Р. S. Пакуль матэрыял рыхтаваўся да друку, стала вядома, што 5 лістапада ў 16 гадзін у будынку Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (г. Мінск, вул. Кірыла і Мяфодзія, 4) адбудзецца прэзентацыя новай версіі кнігі Паўліны Мядзёлкі “Сцежкамі жыцця”.



31 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Культура

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Засвіры   1-12 06-012 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела