Олег Бендасов: “Санаторий “Белая Русь” – моя судьба, моя жизнь

Сёння санаторый “Белая Русь” — адна з сучасных здраўніц еўрапейскага ўзроўню. Гэта спецыялізаваная ведамасная ўстанова (належыць Міністэрству ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь) карыстаецца попытам не толькі ў супрацоўнікаў структуры, ваеннаслужачых унутраных войск, пенсіянераў сістэмы і членаў іх сем’яў, але і ў жыхароў блізкага і далёкага замежжа. Тут з задавальненнем адпачываюць расіяне, палякі, літоўцы, латышы, немцы, армяне, азербайджанцы… Дапамагаюць здраўніцы заставацца запатрабаванай выдатныя ўмовы пражывання, якаснае харчаванне, моцная сучасная лячэбная база і, вядома ж, вялікі і дружны калектыў, які сваёй стараннай працай, добразычлівасцю садзейнічае высокаму рэйтынгу санаторыя на рынку аздараўленчых паслуг. Сярод супрацоўнікаў установы — і ўрач ультрагукавой дыягностыкі Алег Бяндасаў.

Алег Іванавіч родам з Астраўца. Ён яшчэ са школьных гадоў марыў лячыць людзей, дапамагаць ім пераадольваць хваробы. Прыкладам для хлопца быў яго бацька, Іван Пятровіч, які працаваў урачом у Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы. Не без яго ўплыву вырашыў звязаць свой лёс з медыцынай і Алег. Паступіў вучыцца ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. У 1978 годзе закончыў яго і з дыпломам на руках вярнуўся на радзіму. Працаваў таксама ў Астравецкай ЦРБ: адразу — участковым тэрапеўтам, пасля загадваў кардыялогіяй.
— А як апынуліся на Мядзельшчыне? Ведаю, што вы стаялі ля вытокаў здраўніцы. Раскажыце, калі ласка, пра гэта, — прашу свайго суразмоўцу.
— Са студзеня 1988 года працую ў “Белай Русі”. Пачынаў разам з Мардвінавым. Васілій Васільевіч быў начальнікам санаторыя, а мяне запрасіў на пасаду намесніка начальніка па медыцынскай частцы, — апавядае ён. — Калі прыехаў сюды, тут стаялі толькі сцены. Пад нашым непасрэдным кіраўніцтвам закладваліся ўсе патрэбныя камунікацыі, праводзіліся аддзелачныя работы, устанаўлівалася неабходнае абсталяванне. Мы і кадры разам набіралі. На той час у спісе жадаючых уладкавацца ў здраўніцу было каля 800 чалавек. Таму праводзілі адбор, улічвалі дзелавыя, прафесійныя якасці людзей. Каго бралі адразу, каго нейкі перыяд вывучалі, каму — адмаўлялі. А ўвогуле нам пашчасціла сабраць добры і дружны калектыў. Вядома, з гадамі ён часткова змяняўся: нехта звальняўся, хтосьці прыходзіў на яго месца. Але касцяк нам удалося сфарміраваць і захаваць. А гэта — галоўнае. Дарэчы, многія прысвяцілі здраўніцы практычна ўсё сваё працоўнае жыццё.
— Што яшчэ ўзгадваецца?
— Хутка “Белая Русь” увайшла ў тройку лепшых санаторыяў сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Савецкага Саюза, якому падпарадкоўвалася (налічвалася ў сістэме 25 здраўніц). Пасля развалу СССР фінансаванне стала не саюзнае, а рэспубліканскае. Апошнія восем год мы — на гаспадарчым разліку і грошы зарабляем самі. Вядома, даводзіцца “круціцца”, каб быць на плыву. Шмат займаліся рэкламаваннем сваёй дзейнасці, паляпшалі матэрыяльна-тэхнічную базу, набывалі сучаснае абсталяванне. Словам, не стаялі на месцы, пастаянна развіваліся. Профіль санаторыя — захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, страўнікава-кішачнага тракту і касцёва-мышачнай сістэмы. Але лячэбная база, якая ў нас створана, прафесійны ўзровень супрацоўнікаў дазваляюць лячыць яшчэ і захворванні органаў дыхання, нервовай і апорна-рухальнай сістэмы. Зараз вялікае значэнне надаецца і дыягностыцы захворванняў. Гэта ўсё ў комплексе, у спалучэнні з выдатнымі, камфортнымі ўмовамі, цудоўнымі нарачанскімі краявідамі, дазваляе нам круглы год пры нармальнай загрузцы прымаць на аздараўленне жадаючых. Прычым не толькі са свайго ведамства, але і жыхароў блізкага і далёкага замежжа.
— За вашымі плячыма — 30 год працы ў здраўніцы. Менавіта тут вы сфарміраваліся не толькі як медык, але і як кіраўнік. Лічу, што вы пагодзіцеся са мной?
— Як ведаеце, санаторыю “Белая Русь” я прысвяціў вялікую частку свайго жыцця. Добрую кіраўніцкую школу прайшоў пры Мардвінаве. Многаму ў яго навучыўся. Як у намесніка начальніка па медыцынскай частцы было ў мяне ў падпарадкаванні нямала падначаленых, за работу якіх непасрэдна адказваў. Акрамя таго, пастаянна займаўся і напаўненнем лячэбнай базы, і многімі іншымі пытаннямі. Пасля таго, як Васілій Васільевіч пайшоў на заслужаны адпачынак, здраўніцу прапанавалі ўзначаліць мне. Вось і адпрацаваў на пасадзе кіраўніка 11 год: быў начальнікам, галоўным урачом. Стараўся працягваць пачатыя Васіліем Мардвінавым традыцыі, клапаціўся пра прэстыж курортнай установы, пра яе загружанасць, развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, пра персанал. Шмат часу займалі, вядома, гаспадарчыя справы. Давялося і ў эканоміку паглыбляцца, і ў фінансы, без чаго сучаснаму кіраўніку не абысціся… Не заўсёды было проста і лёгка, былі спады і пад’ёмы, але санаторый змог утрымацца і заняць адпаведную нішу на рынку аздараўленчых паслуг, што не можа не радаваць. У гэтым, лічу, заслуга ўсяго калектыву. Вядома, і самому прыемна, што недарэмна займаў кіраўніцкае крэсла, хоць мне заўсёды больш падабалася лячэбная справа, якой цяпер і займаюся.
Не прызнаўся Алег Іванавіч, што, калі быў яшчэ намеснікам начальніка па медыцынскай частцы, яму не раз прапаноўвалі ўзначаліць іншую здраўніцу. Але кожнае такое “сватанне” нічым не заканчвалася, бо Бяндасаў упарта стаяў на сваім: “Буду тут, нікуды не паеду”. Па ўсім бачна, душой прыкіпеў да Нарачанскага краю і здрадзіць яму ўжо не мог. Так і стала Мядзельшчына для майго суразмоўцы другой радзімай.
— Можа б хацелі каго з калектыву назваць, пра каго расказаць? — цікаўлюся.
— Як ужо казаў, калектыў у нас на самай справе вельмі добры. Адносіны між усімі — шчырыя, прыязныя. Дапамагаем адзін аднаму, падтрымліваем. Пераважная большасць хварэе душой за даручаную справу, умее ладзіць з адпачываючымі, хоць тут таксама часам бывае няпроста, — працягвае Алег Іванавіч. — Выпадковыя людзі ў здраўніцы не затрымліваюцца, і развітвацца з імі не шкада. Ва ўрачоў кваліфікацыйная катэгорыя — не ніжэйшая за першую. Кампетэнтны і сярэдні медыцынскі персанал. А папрацаваць разам
давялося з многімі. Заўсёды добрым словам узгадваю сумесную работу з начальнікам Васіліем Мардвінавым, з яго намеснікам па гаспадарчай частцы Пятром Палубяткам. Шанцуе санаторыю і на ўрачоў. Выдатнымі спецыялістамі зарэкамендавалі сябе Дзмітрый Галаўко, Людміла Калеснік, Алена Шыбаева, Ібрагім Крыніцкі, Зоя Лапцік, Жанна Васіліцкая, Інэса Русак… Некаторыя з іх і сёння ў страі. Напрыклад, Інэса Яўгенаўна зараз — намеснік дырэктара па медыцынскай частцы. Яна тут на сваім месцы: як урач, кіраўнік вялікага падраздзялення — уважлівая, кампетэнтная, як чалавек — добразычлівая, душэўная. Лічу, што адносіны жанчыны да даручанай справы — прыклад, варты пераймання.
Вельмі спадабалася, з якой павагай, любоўю гаварыў Алег Іванавіч пра санаторый “Белая Русь”, пра калектыў. І цяпер адчуваецца яго неабыякавасць да лёсу курортнай установы, з якой звязаны тры дзясяткі гадоў працоўнай дзейнасці. Дарэчы, і мне самой неаднойчы даводзілася па рабоце сустракацца з Алегам Бяндасавым. Імпанавала яго шчырасць, неабыякавасць. Не зважаючы на пастаянную занятасць, ён заўсёды знаходзіў час, каб расказаць пра здраўніцу, будзённыя клопаты і перспектывы развіцця. А таксама пра людзей, якія дзякуючы глыбокім ведам і вялікаму практычнаму вопыту, лепшым чалавечым якасцям, цеплыні рук і сэрцаў рабілі ўсё для таго, каб адпачываючыя адчувалі сябе камфортна і захацелі зноў прыехаць на аздараўленне ў наш цудоўны Нарачанскі край.
Хутка будзе чатыры гады, як Алег Іванавіч з’яўляецца ўрачом ультрагукавой дыягностыкі. Прызнаецца, што мае магчымасць поўнасцю прысвяціць сябе канкрэтнай справе, якая падабаецца, і для яго не новая: пачынаючы з 1991 года паралельна са сваёй асноўнай дзейнасцю ёй займаецца, мае і пэўныя напрацоўкі. Доктар лічыць ультрагук вялікім дасягненнем у медыцыне, якое дазваляе абследаваць стан органаў пацыента, выявіць іх паталогію і па атрыманых выніках паставіць папярэдні дыягназ. Прычым ён, па меркаваннях многіх, хто звяртаўся да Бяндасава, практычна заўсёды пацвярджаецца.
— Нагрузка вялікая. Іншы раз да 18 чалавек у мяне за дзень пабывае, — апавядае ўрач. — Прыходзяць не толькі адпачываючыя з нашага санаторыя, але і з іншых здраўніц, дзе такога абсталявання няма, мясцовыя жыхары. Не ў кожнага ёсць магчымасць паехаць у Мінск, Бараўляны, таму абследуем усіх жадаючых. Так і грошы зарабляем, і на імідж санаторыя працуем.
Заўважыла на сценах кабінета, дзе ўрач вядзе прыём, шмат розных грамат, падзяк.
— Вашы ўсе? — пацікавілася.
— Так, тут Ганаровая грамата Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, а таксама граматы Міністэрства ўнутраных спраў СССР і Беларусі. Яшчэ ўзнагароджаны знакам “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, маю медаль Гіпакрата, юбілейныя медалі. Так што, як бачыце, мая сціплая праца не засталася незаўважанай. Яна адзначалася, што было вельмі прыемна. Адначасова гэта служыла і дзейсным штуршком, каб яшчэ больш старацца.
Хочацца дадаць, што ў Алега Бяндасава ўсё выдатна складвалася не толькі на працы, але і ў сямейным жыцці. Яго жонка Марыя Браніславаўна па адукацыі бухгалтар. Яна заўсёды падтрымлівала мужа, дапамагала яму. Ніколі не “пілавала”, калі затрымліваўся на працы позна. Наадварот, з разуменнем ставілася да яго кіраўніцкай пасады, усе хатнія клопаты ўзяла на сябе. Бяндасавы выхавалі дзвюх дачок. Абедзве атрымалі вышэйшую адукацыю. У кожнай ужо свая сям’я. Маюць Алег Іванавіч і Марыя Браніславаўна і ўнукаў: трынаццацігадовую Паліну і шасцігадовага Арцёма, з якіх шчыра цешацца. А тыя з задавальненнем праводзяць канікулы ў любых дзядулі і бабулі.
Сёлета санаторый “Белая Русь” адзначыў свой трыццацігадовы юбілей. Падчас мерапрыемства ўшаноўваліся лепшыя работнікі здраўніцы. Разам з іншымі Алег Бяндасаў быў узнагароджаны медалём “100 год міліцыі Беларусі”, які атрымаў з рук міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь генерал-лейтэнанта міліцыі Ігара Шуневіча.
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота Іны Ярчак.



30 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Курорт, Людзі нашага краю

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  223_ 0-170 на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела