Мастацкая галерэя Васіля Шаранговіча

МІНУЛЫ тыдзень запомніцца нам цудоўнымі асеннімі дзянькамі залатой восені — сапраўднае бабіна лета. І не толькі. Адзінаццатага кастрычніка і наогул увойдзе ў гісторыю, бо ў чацвер у цэнтры культуры і вольнага часу курортнага пасёлка адкрылі шыкоўную персанальную галерэю твораў народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. А ў ёй ажно сто трыццаць работ майстра — яскравае сведчанне творчага багацця нашага знакамітага земляка. Перад пачаткам мерапрыемства мэтр станковай і кніжнай графікі з непадробнай цікавасцю паназіраў, як юныя мастакі азёрнага краю, паставіўшы мальберты на пляцоўцы перад колішняй школай, спрабавалі адлюстраваць на паперы чароўныя фарбы дзівоснай навакольнай прыроды…

На ўваходзе ў цэнтр гасцей сустракалі гукі музыкі: сваё майстэрства дэманстраваў інструментальны ансамбль Мядзельскай дзіцячай школы мастацтваў. Адкрыццю галерэі папярэднічаў кароткі аповед
вядучай Вікторыі Багінскай пра ўраджэнца вёскі Качаны нашага раёна Васіля Шаранговіча — народнага мастака Беларусі, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Польшчы, акадэміка Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Творы Васіля Пятровіча можна ўбачыць у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, у музеях гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснага выяўленчага мастацтва, Янкі Купалы і Якуба Коласа, зборах Беларускага саюза мастакоў і Саюза мастакоў Расіі, мемарыяльным комплексе “Хатынь”, у прыватных калекцыях ў Італіі, ЗША, Германіі, на Тайвані. А зараз пастаянная персанальная мастацкая галерэя Васіля Шаранговіча будзе ў курортным пасёлку, прадстаўленыя ў ёй сто трыццаць работ майстра — падарунак роднай Мядзельшчыне!
Як адзначыў потым старшыня райвыканкама Анатолій Вайнілка, удзельнікі ўрачыстасці з’яўляюцца сведкамі знакавай падзеі не толькі ў гісторыі нашага раёна, але і ўсёй Беларусі — адкрыцця галерэі твораў народнага мастака, ганаровага грамадзяніна Мядзельшчыны Васіля Шаранговіча.
— Наш рэгіён, — заўважыў Анатолій Мар’янавіч, — стаў радзімай многіх выдатных людзей, і мы ганарымся гэтым бясцэнным духоўным багаццем, беражліва ставімся да захавання гістарычнай спадчыны. Стварэнне мастацкай галерэі пры фінансавай падтрымцы абласнога выканаўчага камітэта — таму прыклад. Імя выдатнага майстра станковай і кніжнай графікі Васіля Шаранговіча шырока вядома ва ўсім свеце, але мастак ніколі не забывае родны край, заўсёды прыязджае на малую радзіму, ахвотна ўдзельнічае ў значных мерапрыемствах, сустракаецца з землякамі. Творчасць Васіля Пятровіча непарыўна звязана з нашым азёрным краем. Тут ён нарадзіўся і вырас, адсюль з благаславення бацькоў адправіўся ў вялікае жыццё. Большасць пейзажных работ мастака — пра непаўторнасць і ні з чым не параўнальную прыгажосць Мядзельшчыны.
Звяртаючыся да Васіля Пятровіча, Анатолій Вайнілка падкрэсліў, што на долю мастака выпаў няпросты, але шчаслівы лёс, і многае ў жыцці адбылося дзякуючы вялікаму таленту і непераможнаму жыццялюбству вялікага майстра:
— Створаныя Вамі творы нясуць велізарную маральную
і духоўную энергетыку, дзякуючы якой яны карыстаюцца нязменным поспехам у шматлікіх аматараў мастацтва і сталі сапраўдным народным здабыткам… Жадаю Вам моцнага здароўя, дабрабыту, далейшых творчых поспехаў. І, мяркую, мастацкая галерэя будзе папаўняцца новымі творамі і стане сапраўдным ўпрыгажэннем любай Мядзельшчыны — малой радзімы вялікага мастака!
Наогул на ўрачыстасці было нямала выступоўцаў. Так, старшыня беларускага Саюза мастакоў, прэзідэнт міжнароднай канфедэрацыі саюза мастакоў Рыгор Сітніца запэўніў, што сёння для яго асабіста вялікая ўрачыстасць, бо ён прыехаў, каб разам з шаноўным спадарствам распачаць жыццё галерэі свайго настаўніка:
— Можна доўга пералічваць высокія званні Васіля Пятровіча, якія ён заслужыў, — сказаў Рыгор Сямёнавіч, — аднак для мяне самае пачэснае сярод іх — “мой настаўнік”. Я таксама нечага дасягнуў у жыцці, але не забываю, дзякуючы каму. Вялікая заслуга гэтага чалавека, што ён уславіў нашу геніяльную літаратуру, нашу цудоўную Бацькаўшчыну. А яшчэ — стварыў такую мастацкую школу, якую не проста заўважылі ў свеце, але і палюбілі, і якой зараз захапляюцца. Гэта ўнікальная нацыянальная беларуская школа графікі. І я шчаслівы, што прыналежны да яе.
Наконт таго, што яны з’яўляюцца выхаванцамі рэктара Шаранговіча, з гонарам казалі і загадчыкі кафедраў скульптуры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Слабодчыкаў, малюнка — Уладзімір Тоўсцік, графікі — Юрый Хілько. Першы намеснік начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама Святлана Баранок нагадала, што сёлетні год для сталічнай вобласці юбілейны. Праз некалькі месяцаў адзначыць сваё 80-годдзе і Васіль Пятровіч, што з’яўляецца глыбока сімвалічным. Святлана Аляксандраўна выказала Васілю Шаранговічу словы ўдзячнасці за шыкоўны падарунак, які ён зрабіў сваёй малой радзіме. А малая радзіма стварыла цудоўныя ўмовы для таго, каб з творчасцю Васіля Пятровіча, яго працамі змаглі пазнаёміцца як жыхары Мядзельшчыны, так і турысты, якія прыязджаюць сюды на аздараўленне з розных куткоў Беларусі і іншых краін. Святлана Баранок таксама заўважыла, што азёрны край даў свету не толькі Васіля Шаранговіча, але і народную артыстку Беларусі
Марыю Захарэвіч, народнага паэта Максіма Танка. Бадай, ніводзін іншы рэгіён нашай краіны не можа пахваліцца такім багаццем творцаў найвышэйшага ўзроўню…
Па словах старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуша Стружэцкага, мастацкія галерэі ў нашай краіне адкрываюцца не так і часта, а персанальных і наогул — адзінкі. Што датычыцца сённяшняй, то яна адна з лепшых на Беларусі. Яго намеснік, пісьменнік Анатоль Бутэвіч, акцэнтаваў увагу прысутных на некалькіх момантах. Першае, што Васіль Шаранговіч адважыўся гэтулькі ўласных прац перадаць мясцовым гледачам. Добрую справу зрабіла і мясцовая ўлада, падрыхтаваўшы выдатнае памяшканне пад галерэю. Так, трэба ўбіраць ураджай, паляпшаць дарогі, аднак ўсяму гэтаму спрыяе і духоўнае, культурнае жыццё. І, дзякуй Богу, што такое разуменне ёсць у кіраўніцтва раёна. Значыць, можна чакаць новых праектаў. Найперш Анатоль Іванавіч тут меў на ўвазе тое, што ў гэтым будынку можна прадставіць і іншых выбітных асоб азёрнага краю — Марыю Захарэвіч, Максіма Танка. Тады пад адным дахам атрымаецца сапраўдны культурны цэнтр, дзе турысты змогуць паглядзець, чым багаты наш народ, беларуская глыбінка. Яшчэ адна вельмі важная акалічнасць — талент і высілкі Васіля Шаранговіча дазвалялі Беларускаму фонду культуры выдаваць кнігі, ілюстраваныя Васілём Пятровічам, якія сёння сталі вялікай рэдкасцю. Маюцца на ўвазе паэмы “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча і “Новая зямля” Якуба Коласа.
Хвалюючай душэўнай шчырасцю запомнілася выступленне народнай артысткі Беларусі Марыі Захарэвіч. Марыя Георгіеўна прыгадала, як яны з Васільком Шаранговічам аднымі сцежкамі хадзілі ў Мядзельскую школу. У завіруху і залатую восень хлопец з вёскі Качаны дабіраўся на ўрокі за многія кіламетры. І гэтыя сцежкі, навакольныя краявіды, васільковыя палі і зрабілі зямляка вялікім мастаком, якім можа ганарыцца народ.
— Сённяшняе ўшанаванне Васіля Пятровіча, — мяркуе Марыя Захарэвіч, — заслужанае. Ад кожнай карціны мастака вее цеплынёй, у яе ўкладзена душа. Ці то гэта будзе вугал хаты з акенцам, ці палявыя кветкі альбо куточак прыроды. Адусюль ідзе дабро. Гэта сапраўды наш гонар, наша нацыянальнае багацце. Я нідзе больш не бачыла такой прыгажосці, такой галерэі…
На завяршэнне ўрачыстай часткі слова меў галоўны герой дня — Васіль Шаранговіч:
— З вялікай душэўнай удзячнасцю, — нягучна і няспешна казаў Васіль Пятровіч, — праслухаў вашы прамовы. Можа, вы трохі і перабольшвалі ў чымсьці. Прайшло ўжо шмат гадоў, як быў малады, марыў стаць мастаком. І я сапраўды ўсё сваё жыццё служыў народу. Хачу падзякаваць усім за аказаную мне падтрымку, што дапамагло стаць проста чалавекам. Канечне, я стараўся. І вы ўбачыце на сценах выявы тых, каго я любіў і люблю. У асноўным гэта людзі Мядзельшчыны, хто добра ведае — пазнае, хаця многіх ужо няма… Гэта той народ, сярод якога я жыў, працаваў і якому пастараўся аддаць належнае!..
Неўпрыкмет надыходзіць самы ўрачысты момант сустрэчы. Сімвалічную чырвоную стужку пад апладысменты прысутных пераразаюць Васіль Шаранговіч і Анатолій Вайнілка, тым самым адкрываючы мастацкую галерэю. Экскурсію па ёй для ўсіх жадаючых правяла мастацтвазнаўца, дачка Васіля Пятровіча Наталля Шаранговіч. Калі праходзіў па залах светлай і шыкоўнай галерэі, знаёміўся з творамі слыннага мастака, мне падумалася вось аб чым. Мабыць, і добра, што персанальную галерэю Васіля Шаранговіча адкрылі толькі цяпер, хаця першыя захады наконт гэтага рабіліся і шмат гадоў таму. Па той простай прычыне, што такога царскага памяшкання пад яе раней не знайшлі б. А карціны, ілюстрацыі да твораў класікаў, станковыя работы, акварэлі і малюнкі мастака і сапраўды грэюць, уражваюць. Пра гэта можна шмат расказваць, аднак лепш за ўсё кожнаму выбрацца ў курортны пасёлак і пабачыць на ўласныя вочы…

Павел ЖУКАЎ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



17 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Культура

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Як вы праводзіце лета?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

    Паруснікі                          Царква ў Крывічах Касцёл у Засвіры   Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай

Пабрацімы Мядзела