Хоць і чужыя, а ўсё роўна як свае, родныя!

Напісаць пра прыёмную маці Жанну Залатуху з Будслава параіла галоўны спецыяліст па апецы ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алена Яцына. Шчырай, добразычлівай, неабыякавай назвала жанчыну Алена Канстанцінаўна. А яшчэ і дадала: “Абавязкі прыёмнай маці для Жанны Віктараўны — не толькі прафесія, а нашмат больш. Згадзіцеся, як трэба любіць дзяцей, не ўласных, вядома, каб яны не адчувалі сябе чужымі, былі як родныя, гарнуліся, туліліся…”

Мая суразмоўца мае двух сваіх сыноў: Сашу і Ілью. Старэйшы жыве і працуе ў Мінску. Малодшы другі год займаецца ў Плешчаніцкай дзяржаўнай сярэдняй школе-вучылішчы алімпійскага рэзерву. Паступіў туды пасля восьмага класа.
— Раскажыце, калі ласка, — прашу Жанну Віктараўну, — як вырашылі стаць прыёмнай маці.
— Такое жаданне прыйшло
адзінаццаць гадоў таму. У мяне два хлопчыкі, а так хацелася мець дзяўчынку: песціць яе, апранаць у прыгожыя строі. Мне заўсёды здавалася, што дачушкі бліжэй да матуль, чым сыночкі, хоць і мае хлопцы — добрыя, клапатлівыя… Лёс не падараваў яе мне… Але ў сэрцы па-ранейшаму жыла нязбытная мара… Падштурхнула мяне міжволі да такога кроку і Таццяна Волкава, якая ў нас у Будславе стала першай прыёмнай маці. Гледзячы на яе, вырашыла і сябе паспрабаваць у гэтай ролі. Параілася з мужам Станіславам Іванавічам, з сынамі. Яны падтрымалі. Так з таго часу і пайшло…
— А каго ўсё ж такі адразу ўзялі сабе, дзяўчынку ці хлопчыка? — цікаўлюся.
— Напэўна, і самі здагадаліся, — апавядае жанчына. — Вядома ж, дзяўчынку. Гэта была трохгадовая Маргарыта, якая тады выхоўвалася ў Барысаве ў Доме малюткі. Як толькі яна з’явілася ў нашым доме, адразу атуліла яе нерастрачанай любоўю і пяшчотай. Мае ж сыночкі выраслі, знаходзяцца далёка ад дому… Займалася з ёй. Палюбіла ўсім сэрцам. Яна таксама прывязалася і да мяне, і да маіх блізкіх, якім я шчыра ўдзячна за дапамогу. Бо ў адной, нават не ведаю, ці атрымалася б што… Але праз год матуля дзяўчынкі ўзнавіла свае бацькоўскія правы і забрала яе.
— Не шкада было развітвацца з малышкай?
— Шкада, вядома. Як свая яна стала, — працягвае Жанна Віктараўна. — Але разам з тым і радаваліся, што родная матуля апамяталася, змагла вярнуць дачушку.
— Мяркую, што Маргарыта была ў вас першай, але не апошняй з прыёмных дзяцей?
— Пасля Маргарыты ў нас з’явілася Крысціна. Яе забралі з прытулку з Маладзечна, — успамінае мая суразмоўца. — На той час дзяўчынка была чацвёртакласніцай. Дзякуючы галоўнаму спецыялісту па апецы і папячыцельтве ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алене Канстанцінаўне Яцыне, якая верыла ў мяне і заўсёды падтрымлівала — добрым словам, парадай, — я змагла стаць патрэбнай чужым дзецям, якія пазбаўлены бацькоўскай ласкі. І гэта сагравае душу.
— А Крысціна і цяпер у Будславе?
— Не. Дзяўчынка пражыла з намі 8 гадоў. Расла стараннай, руплівай, адказнай. Вучылася добра, мне па гаспадарцы дапамагала. Сёлета яна закончыла Будслаўскую сярэднюю школу імя Паўліны Мядзёлкі і паступіла ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Мы ўсе вельмі рады за яе.
— А каго вы яшчэ выхоўвалі? — цікаўлюся.
— Пяць гадоў пражыла ў нас Надзя з Баяр. Калі родная маці ўзнавіла свае бацькоўскія правы, забрала яе. А трохгадовая Рыта з Мядзела толькі год у Будславе была. Яе ўдачарыла сям’я з Мінска. Няхай расце там на здароўе, толькі б была шчаслівай.
— А зараз у вас толькі гэта малышка, што тупае побач, ці яшчэ хто ёсць?
— Я — багатая. У мяне трое прыёмных дзетак. Цяпер
вы бачыце Ясенію, — кажа Жанна Віктараўна. — Калі забіралі, ёй было два гады і два месяцы. Ужо амаль паўгода, як яна тут… Яшчэ ёсць васьмігадовая Мілана. Яна — першакласніца. А таксама яе шасцігадовы брацік Лёша, які наведвае дзіцячы сад. Яны прыехалі крышку пазней за Ясенію. Што датычыць малышкі, то ў яе пакуль усе жанчыны — мамы. Але нічога, падрасце, паразумнее і разбярэцца, хто ёсць хто. Напачатку з Ясеніяй было няпроста. Не ўмела трымаць ні кубак, ні лыжку. У дзяўчынкі недастаткова развіта маторыка рук, адсюль —
і многія праблемы, асабліва з вымаўленнем слоў. Праўда, за час, пакуль яна з намі, ёсць і зрухі: ужо навучылася сама есці, любіць маляваць. Не ўсё яшчэ, вядома, атрымліваецца, але стараемся. Гуляем, чытаем казкі, вучым невялікія вершыкі і проста размаўляем…
— А бацькоў сваіх выхаванцаў ці ведаеце? Ці падтрымліваеце з імі сувязі?
— Пра маму і тату Міланы, Лёшы нічога не ведаю. А вось матуля Ясеніі жыве ад нас непадалёку, лічы, па суседству. Яна часта прыходзіць, каб пабачыць дзяўчынку. І мяне гэта радуе. Вельмі спадзяюся, што з часам забэрэ дачушку. Лічыла і лічу, што бацькі, якія далі сваім дзецям жыццё, павінны клапаціцца пра іх, шкадаваць, аберагаць. Але, на жаль, у цяперашнім свеце не рэдкасць, калі хлопчыкаў і дзяўчынак пры жывых татах і мамах выхоўваюць чужыя людзі. Хоць так і не павінна быць, але гэта, на жаль, ёсць. Дзякуй Богу, з’явіліся дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, прыёмныя сем’і, дзе стараюцца замяніць дзецям біялагічных бацькоў, даць ім любоў, ласку, цяпло, утульнасць. Я асабіста пераканана, што ніякі, нават самы лепшы, дзіцячы дом не заменіць сям’ю. Вось і стараюся стаць для сваіх выхаванцаў роднай.
— Клопатаў, напэўна, хапае?
— Як і ва ўсіх матуль, у каго невялікія дзеці. Хатнія справы — гатаваць, прыбіраць у пакоях, мыць бялізну, адзенне і гэтак далей — ніхто ж не адымаў. З самай раніцы патрэбна пабудзіць Мілану і Лёшу, накарміць, завесці ў школу і дзіцячы сад. Ды і назад забраць іх адтуль трэба. Шмат увагі патрабуе і Ясенія, якая застаецца на цэлы дзень са мной дома. А таму, каб усюды паспець, неабходна “круціцца”. Але разам з тым задаволена, бо дзеці дагледжаны, адчуваюць сябе камфортна. Яны адказваюць любоўю на нашу пяшчоту, увагу і клопат. Без іх сябе наогул цяпер не ўяўляем… Яны — часцінка нашага жыцця…
Пазалетась на жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі Жанна Віктараўна атрымала Падзяку старшыні раённага выканаўчага камітэта. Так была адзначана яе неабыякавая, плённая праца ў якасці прыёмнай маці. Сама ж жанчына найлепшай узнагародай за сваё старанне лічыць шчаслівыя вочы дзетвары. Яна сцвярджае: “Калі дзецям добра, то і мне — таксама”.



11 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Лебедзі на Нарачы від на Мядзел 1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела