Святлана ВАЛАЧКО: “Прафесія бібліятэкара не вельмі запатрабаваная, але цікавая”

БІБЛІЯТЭКАР санаторыя “Нарачанка” Святлана ВАЛАЧКО карыстаецца ў сваім калектыве заслужанай павагай. А яшчэ Святлана Леанідаўна — бясспрэчны аўтарытэт у чытацкіх справах і цікавы суразмоўца. У апошнім можаце пераканацца самі…

Пра малую радзіму
і выпадковае знаёмства
— Чаму працую ў “Нарачанцы”? — перапытвае Святлана Валачко. — Мой тата — ваенны. Калі звольніўся са службы, сям’я пераехала ў курортны пасёлак Нарач. Бліжэй да роднай вёскі Гуменікі, што ў Пастаўскім раёне, але зусім недалёка. Я заўсёды хацела жыць і працаваць паблізу, каб часцей бачыць бацькоў. Пасля заканчэння інстытута культуры размеркавалася ў бібліятэку аўтакемпінга “Нарачанка”. Было гэта ў 1988 годзе. Так і засталася на Мядзельшчыне. Муж — з Ратамкі, што пад Мінскам. Пазнаёміліся яшчэ студэнтамі ў чарзе да білетнай касы. Але тады пагутарылі і разышліся. Праз тры з паловай гады ён прыехаў адпачываць у “Нарачанку” — сустрэліся, узгадалі адзін аднаго… А як пажаніліся, муж перабраўся на Мядзельшчыну.
Калі ў аўтакемпінгу пачаліся праблемы — узімку ён не працаваў — мне давялося звольніцца. Была выхавальнікам у дзіцячым садку, пасля запрасілі сюды.
Пра выбар прафесіі
— Чаму вырашыла стаць бібліятэкарам? Заўсёды вельмі любіла кнігі. Шмат чыталі таксама дзядуля і бацька.
Цяпер прафесія бібліятэкара не вельмі запатрабаваная. Але па-ранейшаму цікавая. Бо, па-першае, патрабуе пастаянна быць у курсе кніжных навінак. А па-другое, прадугледжвае зносіны з людзьмі, цікавыя знаёмствы.
У “Нарачанцы” Навум Гальпяровіч адпачываў, кнігу сваю падараваў з аўтографам. Вельмі цікавы чалавек! Часта да нас на адпачынак прыязджаюць менш вядомыя аўтары. Праводзім творчыя сустрэчы з імі, яны пакідаюць свае кнігі ў дар бібліятэцы. Цікавых людзей шмат і сярод чытачоў.
Пра бойку ў бібліятэцы
і станоўчую тэндэнцыю
— Сёння ад кніг многія пазбаўляюц-
ца, — канстатуе Святлана Леанідаўна. — А раней… Быў выпадак, яшчэ калі ў аўтакемпінгу працавала. Там і справамі таварыства кнігалюбаў займалася. Каб мець магчымасць набыць добрую кнігу, амаль усе нашы работнікі былі яго членамі. І вось аднойчы прывезлі нам “Трох мушкецёраў” Аляксандра Дзюма. Я сваіх кнігалюбаў забяспечыла, і засталося яшчэ некалькі экзэмпляраў. Прапанавала адпачываючым — адразу чарга выстраілася. І вось застаецца апошняя кніга. У чарзе жанчына метры пад два ростам,
а за ёй — невысокі мужчына. Двое, а кніга — адна! Яны пабіліся. Я іх вадой разлівала! Не магла спыніць — прасіла, крычала, адцягвала. Потым схапіла збан з вадой… Цяпер такое цяжка нават уявіць.
Хаця заўважаю станоўчую тэндэнцыю. Быў перыяд, калі моладзь амаль не чытала кніг: так захапілася гаджэтамі. Цяпер цікавасць да мастацкай літаратуры вяртаецца — і ў сярэдняга пакалення, і ў моладзі, і ў дзяцей. З’яўляецца жаданне кнігу ў руках патрымаць. Аднак старэйшае пакаленне чытае ўсё ж больш. Узімку шмат пажылых адпачывае ў нас па сацыяльных праграмах — чэргі ў бібліятэку стаяць. Былі муж з жонкай — 1925 года нараджэння! — набралі паэтычных зборнікаў.
Эстонцы адпачываюць — цікавяцца краязнаўчай літаратурай, хочуць больш ведаць пра нашы мясціны. Творы беларускіх пісьменнікаў (вядома, на рускай мове) з задавальненнем чытаюць расіяне. Найбольш папулярныя ў іх Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў і Максім Танк. А вось жыхары нашай краіны беларускую літаратуру рэдка бяруць. Больш газетамі цікавяцца.
Не прымУсам, а… гаджэтам!
— Як заахвоціць дзяцей да чытання? Дакладна — не прымУсам. Магчыма, праз гульню. Нават з выкарыстаннем гаджэтаў, праз адмысловыя камп’ютарныя праграмы: дзецям гэта падабаецца. Зацікавіць наступнае пакаленне кнігамі патрэбна абавязкова, бо без чытання не будзе развіцця.

Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота Аляксандра Высоцкага.



09 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле  dsc_5774-3 Царква ў Слабадзе 0-178

Пабрацімы Мядзела