“Зубренок” на международном фестивале во Владивостоке!

Прадстаўнікі Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня» нярэдка ўдзельнічаюць у розных фестывалях і конкурсах. Але на гэты раз іх закінула аж за 10 тысяч кіламетраў ад Беларусі: другі міжнародны фестываль «Важацкая каманда» праводзіўся ва ўсерасійскім дзіцячым цэнтры «Акіян» ва Уладзівастоку. «Зубраня» на ім прадстаўлялі важатыя Вераніка Нямірава, Наталля Богдзя, Юрый Жылко, Ілья Сцяпанаў, настаўніца Кацярына Жураўская і спортінструктар Віталь Філіповіч.

Шлях іх быў далёкі, з перасадкамі ў Маскве і Іркуцку. Падчас апошняга прыпынку не толькі паспелі пазнаёміцца са славутасцямі горада, а і пабывалі на Байкале — самым глыбокім возеры свету. Падняліся на Камень Чэрскага — вяршыню, з якой адкрываецца неверагоднай прыгажосці від на возера.
І вось першы дзень у «Акіяне»: знаёмства з Уладзівастокам, рэпетыцыі і падрыхтоўка да адукацыйнай выставы. Землякі расказваюць, што адразу адчулі ветлівасць, разуменне і бясконцае жаданне дапамагчы супрацоўнікаў «Акіяна».
Назаўтра, адразу пасля адкрыцця фестывалю, прадстаўнікі каманд
удзельнічалі ў спаборніцтвах па плаванні ў вольным стылі. Наступным этапам стала адукацыйная выстава і паказ візітовак цэнтраў.
— Сярод чатырох прадстаўленых на фестывалі цэнтраў прэзентацыя «Зубраняці» стала вялікім сюрпрызам для ўсіх гледачоў і журы, — расказвае Наталля Богдзя.
— Пра Нарач і «Зубраня» там расказвалі?
— Так. У рамках адукацыйнай выставы знаёмілі гасцей з нашым цэнтрам. Вельмі многія цікавіліся, дзе мы знаходзімся, і хацелі б прыехаць, а тыя, хто ведае і быў — адклікаліся станоўча.
Адбыліся яшчэ спаборніцтвы па дартсе і шахматах. Супрацоўнікі «Зубраняці» ў камандным заліку занялі адпаведна другое і трэцяе месцы.
У другі дзень фестывалю прайшлі спаборніцтвы па чэрлідынгу, спартыўная эстафета паміж камандамі дзіцячых цэнтраў. Увечары адбыўся турнір па валейболе — у ім перамога была за камандай «Зубраняці». Разбаўлялі спартыўныя спаборніцтвы конкурсы важацкіх творчых нумароў і відэаролікаў «Мы праз прызму лета». Выступленні атрымаліся яркімі і запамінальнымі. А прадстаўнікі «Зубраняці» правялі віртуальную экскурсію па сваім цэнтры з дапамогай запальнічак.
У апошні фестывальны дзень усіх удзельнікаў запрасілі на ўрачыстую лінейку «Пад гукі акіянскага горна»: на ёй можна было ўбачыць першаадкрывальнікаў «Акіяна» і пачуць шматлікія віншаванні цэнтру. На лінейцы абвясцілі вынікі ўсіх конкурсных этапаў. Да ўжо раней вядомых беларусы даведаліся, што занялі трэцяе месца ў конкурсе атрадных талентаў і першае ў конкурсе відэаролікаў.
— Якія выпрабаванні на фестывалі даліся прадстаўнікам «Зубраняці» найцяжэй? — пытаю ў Наталлі Богдзі.
— Адносна конкурсаў: няма нічога складанага, калі ёсць каманда. А застанецца ў памя-
ці надоўга гульня «Снайпер» — вось з ёй звязаны, напэўна, самы эмацыянальны момант успамінаў.
— А чым запомніўся Уладзівасток?
— Дабрадушнымі людзьмі, прыгожымі краявідамі і творчай атмасферай, што пануе там. «Жыві, рабі, кахай» — дэвіз, які хочацца павезці з сабой з поўнай рашучасцю здзяйсняць вялікія справы. Архітэктура горада здзіўляе разнастайнасцю: гатычныя саборы размясціліся побач з сучаснымі вышыннымі дамамі ў стылі мадэрну, а помнікі ўзведзены не толькі ў гонар людзей, але і ў памяць пра караблі. Самы цікавы з іх — легендарнай падводнай лодцы «С-56».
— Уладзівасток — цудоўны горад, — гэта ўжо адказвае Віталь Філіповіч. — У першую чаргу запомнілася Японскае мора. Таксама вельмі ўразіў Залаты вантавы мост праз бухту Залаты Рог.
— Увогуле, якія ўражанні засталіся ад фестывалю?
— Безумоўна, добрыя і незабыўныя. Гэта абумоўлена не толькі тым, што мы пераадолелі вялікую адлегласць, але і тым, што знайшлі маладых людзей з такімі ж думкамі, апантанасцю і натхнёнасцю сваёй справай, — кажа Наталля Богдзя.
— А ў мяне самыя яркія эмоцыі на фестывалі выклікалі спартыўныя спаборніцтвы: бег, валейбол, «Снайпер», хоць праявіў сябе і ў творчасці, — дадае Віталь Філіповіч. — І хачу сказаць, што ўсерасійскі дзіцячы цэнтр «Акіян» — тое месца, дзе спраўджваюцца дзіцячыя мары. Як і ў «Зубраняці».

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
На здымку: прадстаўнікі «Зубраняці».
Фота аўтара



09 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 возера Мястра Касцёл у Засвіры   на Блакітных азёрах

Пабрацімы Мядзела