Таццяна Казельская: “Вучацца ў тых, каго любяць!”

Гэты крылаты выраз даўно стаў галоўным дэвізам працоўнага жыцця для настаўніка матэматыкі гімназіі-інтэрната г. Мядзела Таццяны Казельскай. Яна — педагог, якога бязмерна паважаюць, якому давяраюць, якога любяць — і дзеці, і дарослыя.

Ураджэнка Мёршчыны, яшчэ калі вучылася ў 5-ым класе, цвёрда вырашыла стаць настаўнікам. Прычым толькі матэматыкі. Чаму менавіта гэтага прадмета, а не якога-небудзь іншага? Ды ўсё проста: тата з матуляй былі бухгалтарамі, і іх любоў да лічбаў, вылічэнняў перадалася дачцэ. Пасля заканчэння Язненскай сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Віцебскі педінстытут, які тады насіў імя Кірава. Займалася старанна. Прымала актыўны ўдзел і ў грамадскім жыцці ўстановы.
У 1981 годзе з дыпломам настаўніка прыехала Таццяна на радзіму. Яе першым месцам працы стала тады Узмёнская васьмігадовая школа. Не хапала вопыту, затое былі веды і вялікае жаданне праявіць сябе, якія і зрабілі сваю справу: маладога педагога палюбілі вучні, іх бацькі, а таксама калегі. Але праз два гады ёй давялося змяніць месца працы. Дзяўчына выйшла замуж і як нітка за іголкай падалася следам за каханым. Ён быў мясцовым, але на той час працаваў у Мядзеле. Так Нарачанскі край і ўвайшоў трывала ў жыццё маладой жанчыны, а з часам стаў для яе другой радзімай.
— Было гэта ў 1983 годзе, — успамінае Таццяна Васільеўна. — Тады мяне накіравалі на работу ў адзіную ў райцэнтры школу (зараз — Мядзельская СШ №1 імя Уладзіміра Дубоўкі), дзе адпрацавала без малога 25 гадоў. Гэта ўстанова адукацыі стала для мяне кузняй ведаў, сапраўднай школай жыцця. Менавіта там адбылося маё станаўленне як педагога. Я бязмерна ўдзячна кіраўнікам, настаўнікам, з якімі пашчасціла працаваць, за іх увагу, падтрымку, дапамогу. Дзякуючы калектыву, калегам прыйшоў з гадамі вопыт, а разам з ім — і першыя поспехі. У 1993 годзе наша школа стала наватарам у раёне па профільным навучанні. У ліку першаадкрывальнікаў такіх класаў была і я. Дзяцей падбіралі ў іх вельмі моцных. Сапраўды, з чатырох паралеляў, што налічваліся тады ва ўстанове адукацыі, зрабіць гэта было нескладана.
— Магчыма, памятаеце сваіх таленавітых вучняў дагэтуль? — цікаўлюся.
— Вядома. Шмат было адораных дзяцей. У ліку такіх — браты-блізняты Міхаіл і Аляксандр Лагуткі, Алег Руткевіч, Аляксандр Ганчар, Сяргей Новікаў, Сяргей Сабук, Павел Ганчарэнка, Вадзім Звяруга, мой старэйшы сын Сяргей і многія іншыя. З імі працаваць было адно задавальненне. З гімназістаў, а я тут ужо дванаццаты год, назаву Кірыла Самуленкава, Віталія Балашку, Дзмітрыя Балюка, Ілью Булыгу, Ілью Макіева. Прычым гэты спіс яшчэ можна доўга працягваць. Бо адораных, таленавітых дзяцей у нас на самай справе шмат. Сустракаемся з задавальненнем не толькі на занятках, але і на факультатывах — класных і міжшкольных, рыхтуемся да турніраў, алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый.
— Вынікі работы вас радуюць?
— Усё, што ведаю сама, стараюся данесці сваім вучням. Прыходзіш у клас, бачыш вочы дзяцей, разумееш, чаго чакаюць ад цябе, і пачынаеш тварыць. Нельга навучыцца матэматыцы, толькі бачачы, як іншыя рашаюць задачы, прыклады. Трэба кожнаму
самому прайсці праз гэта — думаць, аналізаваць. Хоць і ёсць зараз у дапамогу настаўніку камп’ютары, мультымедыйныя ўстаноўкі, інтэрактыўныя дошкі, але без крэйды і звычайнай дошкі ўсё роўна не абысціся. Бо пакуль не дойдзеш да ўсяго сам, не перарашаеш, што трэба, нічога не атрымаецца. Мне прыемна, што большасць маіх вучняў мае грунтоўныя веды па прадмеце, які выкладаю. Гэта даказвае раённы этап алімпіяды, дзе гімназісты, як правіла, у ліку пераможцаў. Ды і на цэнтралізаваным тэсціраванні па матэматыцы ўжо трэці мой вучань атрымаў 100 балаў. Першым быў Сяргей Новікаў, другім — Віталій Балашка, а сёлета такім вынікам парадаваў Ілья Хвалько. Лічу, што гэта наш сумесны поспех. Без творчага тандэму “настаўнік — вучань” нічога б не атрымалася.
— За доўгія гады журналісцкай працы мне неаднойчы даводзілася чуць сярод прозвішчаў лепшых мядзельскіх педагогаў ваша. Прычым ад выпускнікоў розных гадоў. Як вы лічыце, чаму?
— Для мяне, дзе б ні працавала, заўсёды на першым месцы быў вучань, яго душа, настрой, а пасля ўжо матэматыка. На самай справе, калі дзецям на ўроку псіхалагічна камфортна, цікава, калі адносішся да іх з павагай, на роўных, прымушаць вучыцца не трэба, ім самім гэтага захочацца. Яшчэ Чэхаў гаварыў: “Калі не возьмеш ласкай — не возьмеш і строгасцю”. На ўласным вопыце пераканалася, што вучацца ў тых, каго любяць. Бо калі вучняў паважаеш, цэніш, дапамагаеш, за іх перажываеш, яны гэта заўважаць і абавязкова пацягнуцца да настаўніка.
— Матэматыкаў хапае, здаецца, і нядрэнных, кампетэнтных. Але чамусьці не кожны можа, што ведае сам, данесці вучням. А вам гэта ўдаецца гадамі. У чым сакрэт?
— Ёсць настаўнікі і выкладчыкі. Гэта розныя спецыяльнасці, а не тое самае, як многім здаецца. Дарэчы, у школах працуюць і адны, і другія. А таму, хоць вучэбныя праграмы аднолькавыя, але методыкі раскрыцця тэм крыху розныя. Настаўнік павінен вучыць, і нас нацэльвалі ў педінстытуце на гэта. Ставілася задача так растлумачыць новы матэрыял, каб яго зразумелі не некалькі чалавек, а ўсе ў класе маглі рашаць па гэтай тэме задачы, прыклады. Вядома, у залежнасці ад ўзроўню выкладання прадмета — базавага ці павышанага. Ужо з гадамі, маючы за плячыма вопыт, разумееш, на што трэба больш звярнуць на ўроку ўвагу, на што — менш. Ды і пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання гэта абавязкова ўлічваеш.
З павагай Таццяна Васільеўна апавядае пра калектыў гімназіі — дружны, згуртаваны, дзе ўсе хварэюць за даручаную справу, клапоцяцца пра вучняў, не забываюць пра прэстыж установы адукацыі, дзе працуюць. На месцы і адміністрацыя, якая пастаянна ідзе насустрач педагогам па ўсіх пытаннях, падтрымлівае, дапамагае. Ва ўстанове адукацыі створаны рэсурсны цэнтр па матэматыцы, дзе ёсць неабходныя дыдактычныя матэрыялы, метадычныя распрацоўкі, назапашваецца банк даных па рабоце з адоранымі дзецьмі, аказваецца дапамога маладым спецыялістам.
Шмат год запар была педагог кіраўніком куставога метадычнага аб’яднання па матэматыцы, шчодра дзялілася з калегамі вопытам работы. Душу ўкладвае настаўнік і ў класнае кіраўніцтва. Падчас працы ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі ў Таццяны Васільеўны былі тры выпускі, і ў кожным з іх яна была надзейным сябрам сваіх падапечных з пятага па адзінаццаты клас. Адправіла ў самастойнае плаванне яна ўжо і групу гімназістаў. Зараз пад апекай вопытнага педагога дзевяцікласнікі. Цяпер іх вучыць самастойнасці, адказнасці, быць дружнымі, умець пастаяць адзін за аднаго, а самае галоўнае — у любой сітуацыі заставацца людзьмі з вялікай літары. Нездарма за доўгія гады работы на ніве адукацыі азёрнага краю Таццяна Казельская ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі, падзякамі раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, а таксама адпаведных галіновых упраўленняў.
Ад сваёй суразмоўцы даведалася, што яна вельмі любіць сваю работу і ўвогуле не ўяўляе жыцця без яе. Часам даводзіцца на працы затрымлівацца пазней. Ды і дома неабходна да ўрокаў падрыхтавацца, тым больш да адкрытых, якія нярэдка трэба даваць, і сшыткі з дамашнімі заданнямі, самастойнымі ці кантрольнымі праверыць. І так пастаянна. Таму жанчына з удзячнасцю ўзгадвае мужа, сыноў, якія яе пастаянна падтрымліваюць, дапамагаюць. У старэйшага сына яна з сёмага класа вяла ўрокі матэматыкі. Не было сорамна за яго перад астатнімі вучнямі, бо рос Сяргей дапытлівым, цікаўным, ды і з логікай у яго быў поўны парадак. Юнак закончыў школу з залатым медалём. Потым вучыўся ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце на факультэце “міжнародных адносін”. Зараз узначальвае ў Мінску прэстыжную буйную кампанію. У яго свая сям’я, у якой падрастаюць тры хлопчыкі: старэйшы Захар і блізняты Ціхан і Мацвей. У малодшага сына Аляксандра таксама ўсё ў парадку. Ён атрымаў адукацыю, працуе ў сталіцы ў органах Міністэрства ўнутраных спраў.
Хочацца ад шчырага сэрца павіншаваць педагога з прафесійным святам. Пажадаць і надалей несці грунтоўныя веды сваім вучням, быць для іх надзейным сябрам, дарадцам. Здароўя вам, шаноўная Таццяна Васільеўна, заставайцеся яшчэ доўга бадзёрай, жыццярадаснай, актыўнай.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.
Фота
Аляксандра Высоцкага



09 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 0-170 Касцёл у Мядзеле  wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела