Суд по делу “Незаконная ловля рыбы”

Судом раёна разгледжана крымінальная справа па абвінавачванні грамадзян Ч. і Т. у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага часткай 4 артыкула 281 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконная здабыча рыбы).
У час пасяджэння абвінавачваныя сваю віну прызналі. Яны паведамілі, што 13 чэрвеня бягучага года па папярэдняй дамоўленасці паехалі на аўтамабілі на возера Баторына. Там з дапамогай вёславага судна “Кефаль” устанавілі тры нераты, якія з’яўляюцца забароненымі для аматарскага рыбалоўства прыладамі. 20 чэрвеня каля 13 гадзін 30 мінут прыехалі зноў на возера, знялі нераты з уловам, а рыбу склалі ў мяшок. Па дарозе да аўтамабіля былі затрыманы са здабычай супрацоўнікам Мядзельскай міжраённай дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Былі незаконна здабыты 82 ліні агульнай вагой 23 кілаграмы 125 грамаў, іншая рыба, у тым ліку вугры. Сваімі дзеяннямі парушальнікі прыродаахоўнага заканадаўства нанеслі дзяржаве матэрыяльны ўрон у асабліва буйным памеры, які згодна з разлікамі на падставе пункта 1.4 адпаведнага Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь склаў 812 базавых велічынь, альбо 19894 рублі.
Суд уважліва вывучыў усе дакументы па гэтай справе. Выслухаў грамадзян, якія апынуліся на лаве падсудных, а таксама сведкаў. І прыйшоў да высновы, што дзеянні абвінавачваных падлягаць кваліфікацыі па частцы 4 артыкула 281 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь як здабыча рыбы забароненымі прыладамі і спосабамі (незаконная здабыча рыбы), што прычыніла навакольнаму асяроддзю ўрон, які перавысіў у 250 і больш разоў памер базавай велічыні, устаноўленай на дзень учынення злачынства.
Пры вынясенні прыгавору суд зыходзіў з прынцыпу індывідуалізацыі пакарання, улічыў характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, матэрыялы справы, якія характарызуюць асобы абвінавачваных, змякчаючыя і абцяжарваючыя адказнасць абставіны. Да змякчаючых аднесены добраахвотнае кампенсаванне нанесенага ўрону, а для грамадзяніна Т. — яшчэ і знаходжанне на яго ўтрыманні непаўналетняга дзіцяці. Абставінай, якая абцяжарвае адказнасць, з’яўляецца ўчыненне злачынства групай асоб па папярэднім згаворы.
Здзейсненае злачынства адносіцца да катэгорыі менш цяжкіх, накіравана супраць інтарэсаў грамадства і дзяржавы ў сферы аховы прыродных рэсурсаў. Прыменены сродак здабычы рыбы заведама мог прывесці да масавага яе вылаву. Дзеянні падсудных пры гэтым былі матываваныя імкненнем задаволіць асабістыя патрэбы. Абвінавачваныя прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства і зноў, маючы дзеючыя адміністрацыйныя спагнанні, наўмысна парушылі заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя.
Суд прызнаў грамадзян Ч. і Т. вінаватымі ў незаконнай здабычы рыбы і прызначыў ім пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады са штрафам у памеры 250 базавых велічынь (6125 рублёў) кожнаму. Аднак, прымяніўшы артыкул 78 Крымінальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, вырашыў не прыводзіць у выкананне прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі на працягу трох гадоў абодва мужчыны не ўчыняць новае злачынства і будуць выконваць ускладзеныя на іх абавязкі. Мера абмежавання ім — падпіска аб нявыездзе і належных паводзінах — пакінута. Канфіскавана ў даход дзяржавы вёславае судна “Кефаль”. Арышт, накладзены на маёмасць абвінавачваных, пакінуты ў забеспячэнне платы імі штрафу. Акрамя таго, суд абавязаў грамадзян Ч. і Т., кожнага, пасля ўступлення прыгавора ў законную сілу на працягу шасці месяцаў выплаціць крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры па 100 базавых велічынь, у суме 2450 рублёў.
Як бачна, незаконна здабытая рыба не прынесла аматарам лёгкай нажывы багацця. Наадварот, набылі за яе шмат непрыемнасцей і праблем. Хочацца, каб усё, што здарылася, паслужыла для іх урокам, і яны больш ніколі не пераступалі мяжу закона. Высновы з гэтай гісторыі, мяркуем, варта зрабіць усім, хто жыве несумленна. Бо колькі вяровачцы ні віцца — рана ці позна канец будзе!

А. МІСЮК.
Суддзя суда раёна.
М. ЛУБНЕЎСКАЯ.
Супрацоўнік рэдакцыі газеты
“Нарачанская зара”.



08 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Шэметава   Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай 06-043 Касцёл у Засвіры

Пабрацімы Мядзела