Гатоўнасць да зімы

Адышло ў гісторыю яшчэ адно лета, папесціўшы нас у першай палове верасня цёплымі і сонечнымі дзянькамі. Яны змяніліся ветраным надвор’ем пад пахмурным небам, з якога нярэдка церушыць халодны асенні дождж — першы прадвеснік надыходу зімы. Ці гатовы да яе народна-гаспадарчы комплекс азёрнага краю? Гэта пытанне якраз і разглядалася на чарговым пасяджэнні райвыканкама на мінулым тыдні. Як аказалася, пашпарты гатоўнасці на канец верасня мелі ўсе наяўныя крыніцы і спажыўцы цеплавой энергіі. Прыкрае прамаруджванне з атрыманнем дакумента назіралася толькі ў Крывіцкім спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу. Там яшчэ летась выявілі парушэнні пры эксплуатацыі электрычнага шчытка ў будынку кацельні. І хаця кіраўніцтва ўстановы ў гарантыйным лісце запэўнівала, што хібы ўхіляць у самыя кароткія тэрміны, праблему зацягнулі да канца сёлетняга верасня. Таму пазней дырэктару вучылішча Андрэю Дубаневічу давялося даваць тлумачэнні. І не толькі яму, але і дырэктарам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандру Чарняўскаму, “ДРБУ-133” — Івану Чайко, таварыства “Мядзелаграсэрвіс” — Уладзіміру Бабкевічу.
Няма пытанняў па жыллёва-будаўнічых кааператывах. Бадай, найбольшы шэраг мерапрыемстваў планаваўся па жыллёва-камунальнай гаспадарцы. У дакладзе, з якім выступіла намеснік старшыні райвыканкама Жанна Апановіч, адзначалася, што яны выкананы ў поўным аб’ёме па аб’ектах цеплавой і водаправодна-каналізацыйнай гаспадарках, стварэнні запасу паліва для кацельных. Выключэнне складае замена старых трас на ПІ-трубу: пры плане 3,2 яе ўкладзена 2,92 кіламетра. Намячалася таксама ўстанавіць два эканамічныя катлы, аднак імпэту хапіла толькі на адзін. Не стае і дзесяці працэнтаў запасу дроў.
Выступленне Жанны Сцяпанаўны суправаджалася слайдамі. У ходзе праведзенага маніторынгу кацельняў, якія працуюць на мясцовых відах паліва, высветлілася, што большая частка дроў захоўваецца на адкрытых пляцоўках. А наяўныя паветкі запоўнены менш, чым напалавіну. Яўная безгаспадарчасць! Кожнаму зразумела, што пасля намакання паліва зніжаецца яго цеплааддача, а для спажыўцоў аўтаматычна павялічваецца кошт гігакалорыі. Шэраг недахопаў выяўлены і ў падрыхтоўцы жыллёвага фонду, некаторыя з хібаў не ўхілены з мінулага года. Не ў поўным аб’ёме выкананы неабходныя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага перыяду дарожна-будаўнічымі арганізацыямі. Найперш маецца на ўвазе назапашванне кампанентаў пясчана-салявой сумесі.
Нямала зроблена ў ходзе падрыхтоўкі да зімы на аб’ектах аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Так, капітальна адрамантаваны цеплавыя пункты ў раённым Цэнтры культуры, дзіцячай школе мастацтваў і Цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка, дзе заменены састарэлыя трубаправоды, вентылі, запорная арматура. Неабходны запас дроў і брыкету створаны ва ўстановах аховы здароўя і адукацыі. Акрамя гэтага, выкананы ўражальны аб’ём рамонтных работ. У прыватнасці, заменены вокны ў Мядзельскай сярэдняй школе №1 імя Уладзіміра Дубоўкі, Мядзельскім і Крывіцкім вучэбна-педагагічных комплексах, Цэнтры карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, яслях-садзе №4 горада і дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці ў курортным пасёлку…
Заяўкі на забеспячэнне дрывамі і брыкетам насельніцтва філіял дзяржаўнага прадпрыемства “Мінаблпаліва” выконвае на працягу тыдня. У першую чаргу — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і адзінока пражываючых. Скаргаў і папрокаў на яго работу ў райвыканкам і вышэйстаячыя арганізацыі не паступала. Грамадзяне, а такіх у нас 754 чалавекі, якія апякаюцца тэрытарыяльным цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, цалкам забяспечаны палівам на ацяпляльны сезон.
У цэлым жа аналіз ходу падрыхтоўкі да асенне-зімовага перыяду паказаў, што пераважная большасць суб’ектаў гаспадарання азёрнага краю з адказнасцю падрыхтавалася да чарговага ацяпляльнага сезона, выканала запланаваныя мерапрыемствы ва ўстаноўленыя тэрміны. Таму і раён больш упэўнена сустракае надыход зімы. Пацвярджэннем гэтаму можа быць той факт, што на сёння ўжо абаграюцца ўстановы аховы здароўя і адукацыі, жыллёвы фонд, на чарзе — падключэнне да цяпла адміністрацыйных будынкаў і іншых аб’ектаў. У прынятым па гэтым пытанні рашэнні райвыканкама ад жыллёва-камунальнай гаспадаркі патрабавана не пазней за 15 кастрычніка абследаваць жылыя дамы на наяўнасць вокнаў у падвальных памяшканнях, герметычнасць усіх уваходных дзвярэй і ўхіліць выяўленыя недахопы. А яшчэ да пачатку новага года завяршыць работы па мадэрнізацыі кацельні “Баравое” з устаноўкай дадатковага катла на мясцовых паліва-энергетычных рэсурсах. Дарожныя філіялы “ДРБУ-133” і “ДЭУ № 66” абавязаны да 12 кастрычніка выканаць рамонтныя і прафілактычныя работы снегаўборачнай тэхнікі і абсталявання, а таксама стварыць запасы пясчана-салявой сумесі і супрацьгалалёдных рэагентаў не менш за 70 працэнтаў ад плана. І яшчэ адзін вельмі актуальны момант: ад кіраўнікоў арганізацый і ўстаноў пад персанальную адказнасць патрабавана забяспечыць штомесячную 100-працэнтную аплату за спажытыя прыродны газ, электрычную і цеплавую энергію.

Павел ЖУКАЎ



08 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Афіцыйна

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 06-043 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Шэметава

Пабрацімы Мядзела