Конкурс “Властелин села” на “Дожинках-2018″

На абласным свяце працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2018” было прадстаўлена мноства розных вытворчасцей, але яшчэ здалёк кідаліся ў вочы некалькі палатак: замест латкоў — багата накрытыя сталы, замест прадаўцоў — людзі ў нацыянальных строях. Ды і афармленне нестандартнае — стваралася адчуванне, што ідзеш не каля гандлёвых радоў, а міма вясковых падворкаў. Так яно і было. Бо тое, што здалёку здавалася палаткамі, аказалася сапраўднымі падворкамі, якія прадстаўлялі сем’і-фіналісты абласнога этапа конкурсу “Уладар сяла”.

Конкурс праходзіў 22 верасня ў пасёлку Сёмкава Мінскага раёна. Пасля самых разнастайных выпрабаванняў з дваццаці дзвюх сямей было абрана пяць, якія прэтэндавалі на галоўны прыз — магчымасць прадставіць вобласць на рэспубліканскім этапе. Але ўзнагароджанне адбылося толькі зараз, на “Дажынках-2018” у Мядзеле. І таму асабліва прыемна, што сярод фіналістаў апынуліся нашы! Гэта
сям’я Захаравых, якая прыехала з вёскі Навасёлкі Свірскага сельсавета.
— Гэта, можна сказаць, наша радавое гняздо. Там жыў мой бацька, а потым і я пабудаваў дом, завёў гаспадарку, стварыў моцную сям’ю, — дзеліцца галава сямейства Генадзь, які працуе інжынерам на БелАС. — Навасёлкі — вёска маленькая, як і многія іншыя, яна вымірае, але мы нават не думаем, каб памяняць родны дом на гарадскую кватэру.
Яго падтрымлівае жонка Анжаліка:
— Для нас гэта як асноўная мэта: сваім прыкладам паказаць, што нават у маленькім населеным пункце можна жыць і быць шчаслівымі. Зараз я ў водпуску па доглядзе дзіцяці, малодшага сына Ільі. Браціка дапамагае гадаваць старэйшы сын Дзіма. Сама захапляюся вышыўкай і вязаннем, мой
муж — вельмі талковы пчаляр. А яшчэ складае прыпеўкі.
Усё гэта сям’я старалася паказаць на конкурсе ў візітоўцы, якую Генадзь напісаў у вершаванай форме. Таксама, па словах сям’і, для іх важна было паказаць сваю любоў да малой радзімы, тым больш, што менавіта ёй прысвечаны 2018 год.
Да сваіх захапленняў Захаравы імкнуліся прыцягнуць і гасцей. На іх дворыку наведвальнікаў чакала мноства конкурсаў. Напрыклад, правільна “абслужыць” пчалінае жытло: распаліць дымар, адчыніць домік, уставіць рамку. Але нават тых, хто не спраўляўся з заданнем, чакалі смачныя пачастункі і вясёлы настрой.
— Мы хочам падзякаваць за дапамогу раённаму камітэту БРСМ: яны рыхтаваліся да конкурсу разам з намі, вельмі перажывалі, да самага спаборніцтва працавалі над дэкарацыямі, сцэнарыем. Без гэтых людзей мы б не дасягнулі такога выніку.
Сёння суседзямі Захаравых стала сям’я з аграгарадка Драчкава Смалявіцкага раёна. Гаспадыня дома Кацярына Бачыла сустракала гасцей прыпеўкамі, але пакуль тыя не выканаюць некалькі заданняў, не пускала нават на двор! Мне давялося пераадолець дыстанцыю, крочачы на бярозавых калодках, а ў канцы яшчэ і станцаваць.
— Мы рыхтавалі выступленне ў беларускім стылі, хацелі перадаць нацыянальны каларыт, — распавядае Кацярына. — А для выставы на “Дажынках” асобна прыдумлялі сустрэчу гасцей, конкурсы і гатавалі пачастункі. Па назіраннях, людзям асабліва падабаецца выпрабаванне, у якім трэба віламі паставіць гаршчок у печ.
У Кацярыны і яе мужа Аляксандра двое дзяцей: старэйшая дачка Караліна і сыночак Ягор. У дзецях бацькі імкнуцца выхоўваць пачуццё павагі і любові адзін да аднаго, распавядаюць пра тое, як важна паразуменне і ўменне мірна вырашаць канфлікты.
У Драчкаве сям’я пабудавала дом і плануе далей развіваць сельскі лад жыцця.
— Гэта мая родная вёска, яе вельмі люблю. Жартую нават, што, калі раптам пашанцуе выйграць кватэру, ні за што ў жыцці не пераеду.
Яшчэ адны ўдзельнікі — сям’я Шуцілаў з Клецкага раёна, з аграгарадка Кухчыцы. Прыехалі яны ўсе разам: мама Кацярына, тата Павел і два сыны, Дзіма і Ілья.
Якраз дзеці і ўгаварылі бацькоў удзельнічаць у конкурсе.
— Мы яшчэ сумняваліся, раіліся, а хлапчукі сказалі: “Хочам!” Вось і вырашылі, што трэба ўдзельнічаць. На конкурсе паказалі сцэнку ў казачным стылі пра наша маленькае сямейнае царства. Расказвалі пра гаспадарку, трымаем трусоў, курэй, гусей, — падзяліўся галава сям’і.
На падворку не магла не прыцягнуць увагі газавая гарэлка і патэльня — гэта атрыбуты конкурсу “Хто хутчэй прыгатуе бліны”. Побач у велізарным казане смажылася бульбачка, так што на гэтым двары кожны наведвальнік адчуваў сябе, як у сапраўдным доме, дзе смачна пахне сняданкам. А прызамі на конкурсах была хатняя выпечка, госці маглі ацаніць усю разнастайнасць уменняў гаспадароў.
На падворку сям’і, якая прадстаўляла агракамбінат “Ждановічы” (Мінскі раён), гасцей сустракаў гаспадар… у гіпсе! Аказалася, што Аляксандр Гармаза зламаў нагу якраз падчас конкурсу 22 верасня. Адбылося гэта ў працэсе эстафеты, калі ён скакаў на хуткасць у мяшку.
— Такая вось у майго мужа воля да перамогі, — смяецца гаспадыня Аксана. — Пры гэтым ён не сышоў з дыстанцыі, завяршыў эстафету і нават стаў пераможцам!
Сям’я ў гэтым годзе пераехала ў вёску, таму пакуль толькі плануе завесці гаспадарку. На іх двары быў прадстаўлены ўраджай з агарода, хатнія нарыхтоўкі. Здзіўлялі наведвальнікаў конкурсы, а больш за ўсё — знакамітая гульня “Воўк і яйкі” ў рэальнасці! Не дзіўна, што на пляцоўцы Гармазаў заўсёды было поўна гасцей.
Апошнім наведалі падворак прадстаўнікоў вёскі Бабоўня Капыльскага раёна Дзмітрыя і Вольгі Калевічаў. На імправізаваных сценах — ручная вышыўка, крыжыкам вышытыя карціны, ручнікі і сурвэткі.
— Вышыўка — гэта маё вялікае хобі, умею і гладдзю, і крыжыкам, займаюся ў вольны час. І, вядома, для ўпрыгожвання дома выкарыстоўваю, — распавядае Вольга.
Дарэчы, дом сям’я атрымала зусім нядаўна, тры месяцы таму, так што цяпер актыўна абжываецца, стварае ўтульнасць, рыхтуецца завесці гаспадарку.
— На конкурсе расказвалі пра сваю сям’ю і захапленні, — дзеліцца галава сямейства, — але, на самай справе, нейкай канцэпцыі для выступлення не прыдумлялі, проста было велізарнае жаданне перамагчы. Вядома, тыдзень чакаць вынікаў было цяжка, хваляваліся, але гэта было таго варта! У прынцыпе, будзем рады любому выніку, бо лічым, што ўвайсці ў пяцёрку — гэта ўжо добра!
Усе фіналісты атрымалі прызы з рук першага сакратара Мінскага абласнога камітэта БРСМ Кірыла Шыка, а вось пераможцаў назвалі падчас урачыстай цырымоніі на галоўнай сцэне. Першае месца заняла
сям’я Шуцілаў, якую павіншаваў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка. А ўжо 6 кастрычніка яны паедуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу “Уладар сяла” ў Слуцк.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



08 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

84     Паруснікі                          1-12 Сядзіба Максіма Танка

Пабрацімы Мядзела