“Дожинки-2018″ В Мяделе: тематические площадки

Працавала шмат тэматычных пляцовак. На адной з іх — “Дзівосныя травы” — годна прадстаўляў сябе “Аптэкарскі сад”. Гасцінна ўсіх ля ўваходу на пляцоўку вітала Бабуля Траўніца. Запрашала прайсці, каб пачаставацца смачным чаем, прыгатаваным на аснове натуральных траў, якія вырошчваюцца ў чароўным райскім куточку Нарачанскага краю, а магчыма, штосьці з прадукцыі і для сябе набыць. Можна было таксама паўдзельнічаць у гульнях, конкурсах і нават пераадолець лабірынт, зроблены з саломы сёлетняга ўраджаю, каб у якасці ўзнагароды паляжаць на ложку з сенніком з духмяных траў. Чым не асалода? Была і бяспройгрышная латарэя. А яшчэ жадаючыя маглі паспаборнічаць у шахматным і шашачным турнірах, дзе гульнёвымі дошкамі служылі арыгінальныя драўляныя калоды, пагуляць у “крыжыкі-нолікі”. Многія, паспытаўшы духмянага фітачаю, давалі высокую ацэнку прадукцыі “Аптэкарскага саду”. Карыстаўся попытам і чай “Калі ласка” — зялёны і чорны — з натуральнымі дабаўкамі і без іх, як ліставы, так і ў пакеціках. Дадам толькі, што разам з Бабуляй Траўніцай гаспадарыў на пляцоўцы і Дзед-Барадзед. Казачныя героі ўздымалі наведвальнікам настрой, а адначасова і здаровы лад жыцця прапагандавалі.
***
Напэўна, няма сферы, якая б не была прадстаўлена на “Дажынках”. Так, у палатцы РУП “Белпошта” мелася магчымасць набыць друкаваную прадукцыю, паштоўкі, маркі, канцылярскія тавары, сувеніры, паслаць пісьмо, тэлеграму, атрымаць іншыя паштовыя паслугі. Прычым усе яны аказваліся работнікамі Мядзельскага ўчастка Вілейскага РВПС хутка і якасна. Акрамя таго, можна было паўдзельнічаць у акцыі “Падары дзіцяці радасць”. Праводзіўся і розыгрыш “Шчаслівае пісьмо”. Дарэчы, тры яго пераможцы атрымалі падарункі — парасоны ад “Белпошты”.
Працавала і пляцоўка “Ясна” ад РУП “Белтэлекам”, дзе праводзіліся розныя конкурсы. А яшчэ можна было шмат цікавага даведацца пра паслугі, якія аказваюць насельніцтву і прадпрыемствам работнікі электрасувязі. Шырока прадстаўлялася і новая прадукцыя. У прыватнасці, “Відэакантроль”, паслуга “Разумны дом”, тарыфны план “Ясна гульнявы”. Менавіта дзякуючы прыходу ў Мядзел і к. п. Нарач новых тэхналогій у жыхароў гэтых населеных пунктаў з’явілася магчымасць карыстацца самай сучаснай электрасувяззю.
Дзейнасць лясной гаспадаркі прапагандавалі на свяце Вілейскі доследны, Валожынскі і Маладзечанскі лясгасы. Напрыклад, віляйчане прапаноўвалі мёд, яблыкі, саджанцы хвойных і ліставых парод дрэў. Можна было пазнаёміцца і з узорамі прадукцыі, якая даступна насельніцтву. І, найперш, з вырабамі з дрэва, піламатэрыяламі.
Сацыяльную сферу разам з іншымі адпаведнымі ўстановамі прадстаўлялі Мядзельскі ТЦСАН і Свірскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых. Хачу зазначыць, што годна выглядалі вырабы, якія падрыхтавалі наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання інвалідаў і для грамадзян пажылога ўзросту азёрнага краю. Здзіўляла і творчасць пражываючых у доме-інтэрнаце: талеркі з керамікі, дыванкі, сурвэткі, пано, дэкупаж, вышыўка і многа чаго іншага.
Шмат цікавага можна было пабачыць і на падворку “Наш ветэранскі ўраджай — у агульны каравай”. А гэта ўжо заслуга актывістаў Мядзельскай, Вілейскай, Маладзечанскай і Валожынскай раённых ветэранскіх арганізацый, якія праявілі фантазію і талент, каб прыгожа і з густам паказаць прадукцыю, вырашчаную ўласнымі рукамі.
***
Прываблівала і сцэнічная пляцоўка “Маладзёжная”. Там на “ўра” праходзіла выступленне дзіцячых творчых калектываў, якія адпачываюць у НДЦ “Зубраня”. Вельмі цёпла прымалі гледачы юных танцораў, спевакоў, горача апладзіравалі ім. Да месца былі і выставы, арганізаваныя так званым “Беларускім Артэкам”, дзе можна было атрымаць цікавую інфармацыю як пра сам цэнтр, так і пра справы, якімі жывуць яго выхаванцы. Запомніўся “Павільён творчасці” з прэзентацыяй работы гурткоў і клубаў па інтарэсах, а таксама студый рознай накіраванасці. Вельмі да месца была акцыя “Чытаем Максіма Танка”. Пранікнёна гучалі ў выкананні юных чытальнікаў вершы нашага знакамітага земляка пра родны край, яго прыгажосць, шчырых працавітых людзей. Рэкламавалі сябе Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж, Ільянскі дзяржаўны аграрны каледж, Вілейскі дзяржаўны каледж, Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй і іншыя сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы Міншчыны, якія рыхтуюць кадры для розных галін народнай гаспадаркі і, найперш, для сельгасвытворчасці.

Багатай, як і сам ураджай, была культурная праграма. З ранку да вечара на розных сцэнічных пляцоўках весялілі гасцей і ўдзельнікаў абласных “Дажынак” самадзейныя артысты. Канцэртную праграму на сцэнічнай пляцоўцы “Вітаем герояў свята” распачалі добра вядомыя ў нашым азёрным Нарачанскім краі калектывы: народны ансамбль народнай песні “Радаўніца” Нарацкага СДК і ансамбль народнай песні “Скарбніца” Мядзельскага ГДК. Эстафету ад мядзяльчан перанялі артысты з іншых рэгіёнаў Міншчыны. Былі арганізаваны сцэнічныя пляцоўкі і ў гандлёвых радах, дзе тоўпілася цэлы дзень шмат народу. Весялілі публіку самадзейныя калектывы Маладзечанскага хлебакамбіната, агракамбіната “Сноў”, Мінскага, Слуцкага, Барысаўскага мясакамбінатаў і многіх іншых прадпрыемстваў сталічнай вобласці. Да самага вечара не сціхала музыка і каля палаткі агракамбіната “Дзяржынскі”, якая размяшчалася на плошчы Шаранговіча. Давялося пабачыць, як “задавалі жару” прама каля дарогі аношкаўскія музыкі з Нясвіжскага раёна. Стваралі прысутным настрой і раставыя лялькі, якіх можна было пабачыць практычна паўсюдна на кірмашы.

***
Ажыўлена было і на дзіцячай пляцоўцы. Мелася магчымасць пакатацца на машынках, розных атракцыёнах, якіх было столькі, што вочы разбягаліся. Побач прадаваліся сувеніры, розныя прысмакі. Працаваў і цір. Ну а аматараў лагічна думаць і разважаць прыцягвалі вялізныя шашкі і шахматы, якія размясцілі проста на зямлі. За шашачнай баталіяй застала членаў сям’і Танана з Мядзела: Анастасія гуляла з братам Яўгенам і дачкой Аляксандрай. “Гэта ў нас сямейнае, — прызналася маладая матуля. — Вось і тут не ўстрымаліся: вырашылі паспаборнічаць між сабой. Дарэчы, дома гуляем і ў шахматы… А ўвогуле такое цудоўнае свята сёння атрымалася. Проста душа радуецца. Мядзел, лічу, годна сустракае гасцей”.
У захапленні былі ад фестывалю-кірмашу і Леакадзія Бяляўская з унучкай Машай. “Сёння так добра, прыгожа, усё проста клас! І нам, дарослым, ёсць з чаго падзівіцца, дзецям і ўнукам — таксама. А колькі атракцыёнаў, музыкі, песень! Гудзе наш Мядзел, весяліцца! А гэта так здорава!”
***
На гарадскім стадыёне гулялі ў пляжны валейбол (перамогу святкавалі Алеся Корсак, Ксенія Малевіч і Андрэй Русак, Віталій Варанец), у футбол, дзе першае месца занялі віляйчане, другое — мядзяльчане, а трэцяе — каманда з Маладзечна. На спартыўнай пляцоўцы СДЮШАР ладзілі міні-футбол, Спартландыю, фігурнае ваджэнне веласіпеда.

АГРАЭКАТУРЫСТЫЧНУЮ пляцоўку свята прадстаўлялі паўдзясятка сядзіб вобласці, якія працуюць у гэтым накірунку. Кожная мае сваю адметнасць, каларыт і нават смак. Так, так! Напрыклад, аграсядзіба “Дары Вялеса” прапаноўвала пакаштаваць сметанковае масла, прычым збіць яго трэба самому госцю. Не зусім атрымліваецца? Не бяда! Зайчаня (раставая лялька) дапаможа. Узнагародай жа будзе не толькі масла, але і дыплом — за захаванне культурнай спадчыны, фальклору і этнаграфіі роднага краю. Мядзяльчанка Аліса Януковіч акурат такі і атрымала. Задаволеная дзяўчынка, прыхапіўшы створаны прадукт, разам з матуляй пайшла далей.

— Мы працуем у асноўным для дзяцей, — расказвае гаспадыня Анжаліка Шлык. — Да нас прыязджаюць групы школьнікаў, для якіх падрыхтавана дзесяць анімацыйных праграм: “Каляды”, “Масленіца”, “Гуканне вясны”, “Камаедзіца” і гэтак далей. Знаёмім дзяцей са святамі, задзейнічаем раставыя лялькі (іх у нас некалькі), рабяты абавязкова ствараюць сваімі рукамі тэматычны сувенір (цацку-абярэг або жаваранка з цеста), ці б’юць маселка.
— Можа, тварог ёсць? — адрывае нас ад размовы пажылая жанчына, якая праходзіла міма.
— Не, бабуля. У нас толькі маселка, ды і тое самому трэба збіць.
— То выбачайце, — расчаравана кажа жанчына і губляе да нас цікавасць.
Аграсядзіба знаходзіцца ў вёсцы Блужа, што за 15 кіламетраў ад Мар’інай Горкі. Гасцей прымаюць усёй сям’ёй: муж, жонка і дачка. Разам шчыруюць і ў агародзе, садзе. Бо, як кажа гаспадыня, калі шмат дзяцей, то павінна быць і шмат варэння. Яго нарыхтавана каля дзясятка відаў: з агрэсту, гарбузоў, яблыкаў, сліў, лясных ягад… Варэнне з блінамі і чаем — ад такога пачастунку рэдка якое дзіця адмовіцца. А чай таксама свой, для гэтага вырошчваецца дванаццаць відаў траў. А яшчэ на падворку ёсць поні, вослік і в’етнамскае парася, якія таксама забаўляюць юных наведвальнікаў аграсядзібы.
Ала і Павел Мазок з Чырвонага Кастрычніка, што на Пухавіччыне, прадстаўляюць аграсядзібу “Палачанка”. Прывезлі пачастункі з прадукцыі сваёй гадоўлі: сала, мяса, мёд. Пацікавілася, ці вялікую гаспадарку трымаюць муж і жонка. Аказалася, сотню свіней і парасят.
— Вельмі зручна, — кажа гаспадар. — Калі якое свята, то кабанчыка абавязкова колем. Вось і да “Дажынак” таксама падрыхтаваліся. А яшчэ робім медавуху і хрэнавуху, усё афіцыйна. І прадаём, і пакаштаваць даём. Сажалку маем, дзе нашы наведвальнікі могуць парыбачыць.
— Да выпечкі — чай з зёлкамі, калі ласка! — запрашае гаспадыня. — Грэйцеся!
— Што за піражкі такога прыемнага жоўтага колеру?
— З гарбуза. І робяцца лёгка. Гарбуз дробна рэжацца, засыпаецца цукрам, дадаецца крыху вады і ставіцца ў духоўку, каб пратушыўся. Палову сумесі ўзбіваю, каб не было камячкоў, і ўводжу ў дражджавое цеста, а другую частку, адціснуўшы сок, пакідаю на начынку. Сфармаваныя піражкі мажу ўзбітым яйкам і паліваю сокам, які застаўся. Смаката!
Аграсядзіба “Людміла” месціцца ў аграгарадку Новы Двор Мінскага раёна. Яе гаспадары прыехалі на абласное свята з пончыкамі, кейк-попсамі, карамельнымі яблыкамі, іншымі прысмакамі, а галоўнае — з майстар-класамі, падчас якіх можна самому зварыць мыла, размаляваць падушку-антыстрэс з полістырольнымі шарыкамі, стварыць духмянае сашэ з воску ці, напрыклад, змайстраваць пастку для сноў.
— ??? — у маіх вачах нямое пытанне.
— Нічога складанага, — адказвае гаспадыня. — Асаблівым чынам пляцём з наведвальнікам павуцінку, якая потым вешаецца над месцам адпачынку. Праз яе не могуць праціснуцца дрэнныя сны, а добрыя — наадварот, прыцягваюцца.
Аграсядзіба таксама працуе з дзецьмі, тут праводзяць экскурсіі для іх, створана праграма, дзе шмат анімацыі. І ўсё — у накірунку экалогіі: як утылізуецца смецце (ёсць міні-завод па перапрацоўцы другаснай сыравіны), як карыстацца вадой і ўвогуле як жыць і берагчы прыроду.
Яшчэ дзве аграэкасядзібы (адна з Гайны, што на Лагойшчыне, а другая з Міжрэчча, што на Валожыншчыне) займаюцца пчалярствам. Прычым гаспадары валодаюць настолькі дасканалымі ведамі, што міжволі хочацца паглыбіцца ў гэту сферу. А яны і не супраць, бо “Гаенскія вытокі” — гэта магчымасць зазірнуць усярэдзіну пчалінага жытла, убачыць працу пчалінай сям’і, даведацца пра абавязкі маткі, трутня, пакаштаваць самыя разнастайныя прадукты пчалярства, а таксама… адпачыць на вуллях (выключна з мэтай паляпшэння здароўя!). У гаспадароў “Мядовай каралевы”, дзе муж і жонка Аляксандр і Анастасія Хаўрукі — пчаляры не толькі па закліку душы, але і па прафесіі, правядуць экскурсію па пчальніку, а таксама і адкрыты ўрок. Паводле іх слоў, пчолы сапраўды дапамагаюць палепшыць якасць жыцця.



05 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

0-178 0-170     Паруснікі                          возера Глубелька

Пабрацімы Мядзела