“Дожинки-2018″ в Мяделе: Город мастеров

“Дажынкі-2018” прадставілі ўдзельнікам свята і гасцям Мядзела неверагодную колькасць майстроў з усіх куткоў нашай вобласці. Але і не толькі! Можна было сустрэць рамеснікаў з Мінска і нават з Гродна! Удзельнікі тэматычных гурткоў, або проста людзі, якія захапляюцца беларускай гісторыяй, прапанавалі ўсім ахвотным дакрануцца да нашай культуры праз старадаўнія рамёствы.
У невялікім кутку за накрытым вышыванымі абрусамі сталом сядзелі жанчыны ў нацыянальных строях і вышывалі. Як быццам і не было ўсяго гэтага свята вакол. Удзельніцы гуртка па інтарэсах з аграгарадка Забашавічы Барысаўскага раёна прывезлі ў Мядзел свае вырабы: уручную вышытыя ручнікі, сурвэткі, хусткі. Ну а каб часу дарма не губляць, вырашылі не адрывацца ад працы.
— Якія вырабы мы толькі не ствараем! Вось, напрыклад, вышыўка на касцюмах — таксама наша праца, — распавядае адна з удзельніц, Ніна Міхайлаўна. — У нас у гуртку займаюцца людзі ўсіх узростаў: і пенсіянеры, і дзеці. Я вось прыйшла сюды пяць гадоў таму. Вышыўка вельмі супакойвае, дапамагае адарвацца ад праблем і цяжкіх думак, за гэта яе і люблю. Да таго ж заўсёды прыемна ствараць прыгажосць сваімі рукамі. Мае вырабы і дом ўпрыгожваюць, і як падарункі выдатна разыходзяцца, ну і на заказ, вядома, раблю.
Гурток працуе ў Забашавіцкім сельскім Доме культуры пад кіраўніцтвам Тамары Мароз. Па словах удзельніц, зараз ручная вышыўка зноў уваходзіць у моду, і выдатна, калі атрымліваецца прыцягнуць новых людзей сваім прыкладам.
Традыцыйнае рукадзелле — ткацтва — прэзентавалі ўдзельнікі з Дзяржынскага раёна. Яны займаюцца на базе Станькаўскага Дома майстра. Я падышла да іх, калі праводзіўся гульнёвы майстар-клас: палатно ткалі з людзьмі замест станка. Ніткі-асновы даваліся ўдзельнікам у рукі, а майстрыха камандавала, калі якую трэба падымаць, і прапускала між імі клубочак.
Акрамя гэтага, былі прадстаўлены больш звыклыя віды ткацтва з дапамогай круга і берда (спецыяльнага станка). Але больш за ўсё людзей зацікавіў пояс, які загадчыца Дома майстра Дар’я стварала з дапамогай нітак і звычайных драўляных палачак для сушы.
— Гэта вельмі старажытны від пляцення, вынайшлі яго ў Японіі. Палачкі выкарыстоўваюцца як асновы, да якіх прымацаваны ніткі, і калі ты даплятаеш усю даўжыню палачкі, то проста працягваеш яе праз выраб, каб замацаваць нітку. Такім спосабам можна зрабіць палатно любой таўшчыні, але мы часцей за ўсё выкарыстоўваем шэсць палачак, таму што іх камфортна трымаць у руцэ і не трэба асобна прыдумляць, як замацаваць.
Усе ахвотнікі навучыцца старажытнаму мастацтву маглі паўдзельнічаць у майстар-класах, якія прадстаўнікі Станькаўскага Дома майстра цэнтралізавана праводзілі кожную гадзіну.
А аматары больш “мужчынскага” майстэрства маглі знайсці сабе занятак па душы на пляцоўцы ў Юрася Камандзірчыка, які займаецца разьбой па дрэве. Ён працуе ў тэхніцы садова-паркавай скульптуры. Мядзяльчане, безумоўна, знаёмыя з працамі гэтага майстра: яго драўляныя скульптуры ўпрыгожваюць абодва ўезды ў горад.
— Адна з апошніх маіх прац —дуб з назвай і датай заснавання нашага горада, размешчаны на трасе збоку Маладзечна. Паспеў скончыць яго акурат да “Дажынак”. І, дарэчы, падчас працы здолеў палічыць век дрэва па кольцах. Яму каля двухсот гадоў.
На свяце майстар прадстаўляў свае працы, на вачах у гасцей горада ствараў новую скульптуру — галаву лася, а таксама прапаноўваў усім ахвотным паспрабаваць сябе ў ролі разьбяра па дрэве. Я не змагла ўтрымацца і пад пільным наглядам майстра ўзяла ў руку стамеску, каб выразаць узор на кухоннай дошцы. Трэба сказаць, занятак гэты аказаўся не з лёгкіх, патрэбны спрыт і сіла.
А насупраць Юрася Камандзірчыка якраз размясцілася дзяўчына, якая шыла лялькі з тканіны. “Ну, гэта дакладна мне пад сілу”, — падумала я, але ўсё аказалася не так проста.
— Гэта традыцыйныя беларускія народныя лялькі, не цацкі, а хутчэй абярэгі, іх рабілі маці дочкам, бабулі ўнучкам, дарылі адзін аднаму сяброўкі. Таму сёння я і не прадаю свой тавар, а, хутчэй выстаўляю яго як калекцыю, — распавядае майстар Вольга з Клецка. — Імкнуся рабіць лялькі, якія цяпер малавядомыя, але ў старадаўнія часы былі вельмі папулярныя. Напрыклад, “жаночая сутнасць”, або “таўстушка”, як казалі ў народзе. Сваякі рабілі такую ляльку жанчыне, якая ў шлюбе доўга не магла нарадзіць дзіця. Або “сяміручка”, якую рабілі ў дапамогу маладой, каб яна ўсё паспявала.
У майстра з сабой і кніга, у якой сабрана мноства відаў лялек і павер’яў, звязаных з імі. Сваімі ведамі яна з гатоўнасцю дзялілася з наведвальнікамі “Горада майстроў”. Справа ў тым, што Вольга — метадыст па народнай творчасці і часта ездзіць па вёсках, дзе распытвае аб старажытных абрадах і легендах мясцовых жыхароў. З адной такой камандзіроўкі яна прывезла сапраўдную “набойку” трыццатых гадоў мінулага стагоддзя — абрус, узор на які набілі з дапамогай штампа з фарбай — гэта таксама старажытны
від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
— Асабліва прыемна было, калі падышла жанчына і стала распавядаць, як бабуля рабіла ёй такія лялькі ў дзяцінстве. Так што імкнуся папулярызаваць такое мастацтва ці хаця б зрабіць так, каб пра яго не забыліся. Таму што гэта — не проста рамяство, а частка духоўнай і нацыянальнай спадчыны.
Акрамя гэтага, у “Горадзе майстроў” можна было знайсці ўпрыгажэнні і сувеніры на любы густ: саломку, гліняныя і тканыя вырабы. Але асабліва важна, што гэта быў не проста кірмаш. За кожным майстрам стаяла доўгая гісторыя — наша, беларуская.
І хочацца верыць, што наведвальнікі здагадаліся падысці і спытаць, каб даведацца сакрэты вядомых рамёстваў.



05 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

возера Мястра на Блакітных азёрах        0-170 wjx6x-f4hhi

Пабрацімы Мядзела