“Дожинки-2018″ в Мяделе: открытие ЗАГСа

ЯРКАЙ падзеяй у калейдаскопе святочных дажыначных мерапрыемстваў стала ўрачыстае адкрыццё загсу. Аб адзінаццатай гадзіне каля яго ўваходу, не зважаючы на пранізлівы вецер з возера, сабраліся гледачы. Па баках прыступак высокага ганку стаялі па-святочнаму прыбраныя дзеці з белымі паветранымі шарамі. Не толькі забаўлялі, але і эпаціравалі публіку артысты-анёлы на хадулях, якія з фантастычным уменнем і спрытам перамяшчаліся па прыступках, шырока ўсміхаючыся ў адказ на воклічы. Некаторыя не гублялі дарма часу і фатаграфаваліся, напрыклад, у карэце, што нагадвае мультфільм пра Папялушку. Дарэчы, каваная белага колеру карэта — сапраў-
дны твор мастацтва, які ўражвае вытанчанай дасканаласцю, бязважкасцю і нейкай казачнай прыгажосцю…
— Сённяшні дзень пакіне след у гісторыі горада не толькі правядзеннем галоўнага сельскагаспадарчага свята “Дажынкі”, але і тым, што жыхары Мядзельшчыны адчыняць дзверы ў новы загс, у сценах якога ва ўрачыстай абстаноўцы адбудуцца самыя яркія і самыя важныя падзеі ў жыцці чалавека, — распачынае святочную цырымонію вядучая Галіна Красоўская. — Гэта дарагі і вельмі важны падарунак гораду.
Першым слова мае старшыня абласнога выканаўчага камітэта Анатолій Ісачанка:
— У рамках любога свята заведзена рабіць падарункі. Думаю, што новы загс, Палац шлюбу — выдатны падарунак для жыхароў Мядзельскага раёна. Гэты будынак створыць выдатныя ўмовы і для працы, і для рэгістрацыі моманту стварэння сям’і, які павінен быць прыгожым і радасным. Віншую вас з такой знакавай падзеяй у вашым рэгіёне і жадаю, каб дзверы сюды не зачыняліся, каб часцей заходзілі маладыя і шчаслівыя пары, жаніліся і рэгістравалі нараджэнні сваіх дзяцей. Са святам вас!
Набліжаецца ўрачысты момант пераразання стужкі. Але спачатку — уручэнне сімвалічнага ключа ад людзей, якія ўклалі душу ў стварэнне гэтага палаца. Для цырымоніі запрашаюцца дырэктар упраўлення капітальнага будаўніцтва раёна Аляксандр Звяруга і начальнік аддзела загс райвыканкама Галіна Калмук. Ганаровае права адкрыць новы загс і перарэзаць стужку даецца губернатару Міншчыны Анатолію Ісачанку і старшыні раённага выканаўчага камітэта Анатолію Вайнілку. Пад апладысменты прысутных у неба ўздымаюцца паветраныя шары — загс адкрыты!
Хто ж гэтыя шчасліўчыкі, якія першымі рэгіструюць шлюб у новай зале пад прыцэлам тэлевізійных камер, фотаапаратаў, у прысутнасці ганаровых гасцей?
— Сёння, 29 верасня 2018 года, повяззю кахання і вернасці злучаюць свае лёсы грамадзяне Рэспублікі Беларусь Аляксандр Дземідовіч і Святлана Ціхановіч, — урачыста аб’яўляе Галіна Калмук. — Прашу маладых зайсці ў залу.
Як высветлілася пазней, Святлана і Аляксандр дату стварэння сваёй сям’і выбіралі без уліку абласнога мерапрыемства. Адразу нават планавалі распісвацца ў Вілейцы, адкуль родам маладая. А тое, што дзень супаў, стала шчаслівай выпадковасцю. Напярэдадні ім патэлефанавалі і прапанавалі быць першай парай для ўрачыстай рэгістрацыі ў новым загсе. Яны пагадзіліся. І не пашкадавалі. Згадзіцеся, нямногія могуць пахваліцца, што першым са стварэннем сям’і іх павіншаваў губернатар і ўручыў на памяць тэлевізар.
Наведвальнікі мерапрыемства маглі таксама зазірнуць у залу для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу, падзівіцца на яе шыкоўнае беласнежнае ўбранства, паглядзець пакоі маладой і маладога, залу з камінам, дзе можна ўзняць бакал з шампанскім за шчасце новай сям’і. У фае загса святочны настрой стварала класічная музыка ў выкананні калектыву скрыпачоў. І нават падлога, якая свяцілася святлодыёднымі палосамі, звяртала на сябе ўвагу. Так што, хлопцы, мужчыны! Калі вы чакалі моманту зрабіць сваёй каханай прапанову рукі і сэрца, лічыце, што ён надышоў. Новая зала для рэгістрацыі вашага шлюбу чакае!



04 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

wjx6x-f4hhi _dsc1133-3 223_ 1-12

Пабрацімы Мядзела