“Дожинки-2018″ в Мяделе: как это было (1)

Вернасць справе  і роднай зямлі

АПАГЕЕМ фестывалю-кірмашу з’явіліся ўрачыстае шэсце па абноўленых вуліцах Мядзела дэлегацый раёнаў Міншчыны “Шлях да хлеба” і ўзнагароджанне перадавікоў жніва. Хаця слова “шэсце” ў гэтым выпадку не зусім адпавядае рэчаіснасці. Гэта быў сапраўдны тэатралізаваны паказ, падрыхтаваны з душой творчым людам з усіх куткоў сталічнай вобласці. Шматлікія гараджане і госці, якія сабраліся ўздоўж вуліц 17 верасня, Савецкай, энергічна і радасна віталі святочную калону, а найбольш шчыра — прадстаўнікоў нашага роднага азёрнага краю. Пры іх падыходзе да плошчы Шаранговіча вядучыя адзначылі, што сталіца “Дажынак-2018” — гэта дзівосны куточак беларускай зямлі. Ён даў свету многіх вядомых і знакамітых людзей — народнага паэта Максіма Танка, народнага мастака Васіля Шаранговіча, народную артыстку Марыю Захарэвіч… Ды яшчэ тое, што дастойна падрыхтаваўся да хлебаробскага свята шэраг калектываў працаўнікоў вёскі: сельскагаспадарчага філіяла “Дзягілі” Мінскага маторнага завода, таварыстваў “Сваткі”, “Занарачанскі”. На ўборцы збожжавых плённа папрацавалі камбайнеры Пётр Скурко, Уладзімір Швайкоўскі, Аляксандр Кашурэнка, на адвозцы новага ўраджаю — вадзіцелі Іван Куркуль, Ігар Гуско, Юрый Чабатар. Важкі ўклад у спрадвечную хлебаробскую справу таксама моладзі, сям’і Сурвілаў з Занарачы…
Пасля святочнага шэсця дэлегацыі сабраліся ў абноўленым амфітэатры на падвядзенне вынікаў работы Міншчыны на жніве, для ўшанавання тых, хто сеяў, вырошчваў, убіраў ураджай і заслугоўвае самых высокіх ацэнак і слоў удзячнасці. Па добрай славянскай традыцыі кіраўнікі перадавых таварыстваў “Старобінскі” Салігорскага раёна Таццяна Кудзелка і “Гарадзея” Нясвіжскага Мікалай Салавей, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, уручылі губернатару сталічнай вобласці Анатолію Ісачанку каравай Міншчыны. Тут жа Мікалай Аляксандравіч адрапартаваў, што ўраджай гэтага года склаў 1 мільён 300 тысяч тон збожжа. Такім чынам, аграрыі цэнтральнага рэгіёну ўнеслі самы важкі ўклад у рэспубліканскі каравай. Павітаўшы працаўнікоў сельскай гаспадаркі, удзельнікаў і гасцей фестывалю, Анатолій Міхайлавіч адзначыў, што ў кожнага свята ёсць свае вытокі, свае асаблівасці і адметныя рысы. Гэта каштоўна для нас удвайне: як даніна павагі нашым продкам і як магчымасць сказаць сардэчныя словы ўдзячнасці ўсім працаўнікам вёскі.
“Дажынкі, — адзначыў Анатолій Ісачанка, — добрая і старадаўняя традыцыя

ўшаноўваць і дзякаваць тым, хто, сумленна працуючы ў полі ў будні і ў выхадныя,

праяўляючы высокі прафесіяналізм, адказнасць і працавітасць, дасягнуў найлепшых вынікаў. Сёлета неспрыяльныя ўмовы надвор’я значна паўплывалі на ўраджайнасць збожжавых культур, і нам не ўдалося дасягнуць мінулагодніх паказчыкаў. Аднак, не зважаючы на гэта, Мінская вобласць па-ранейшаму ўтрымлівае статус асноўнай жытніцы краіны і надзейнага пастаўшчыка харчавання для жыхароў сталіцы, іншых рэгіёнаў. Перш за ўсё, гэта заслуга нашых працавітых людзей: кіраўнікоў і спецыялістаў сельгасарганізацый, камбайнераў, вадзіцеляў, тых, хто працаваў на сушцы збожжа, гатаваў абеды для ўдзельнікаў жніва”.
Самых добрых слоў удзячнасці ў свой адрас заслугоўваюць усе, хто прымаў актыўны ўдзел ва ўборцы ўраджаю і ўклаў часцінку працы ў фарміраванне абласнога каравая: студэнты і навучэнцы, работнікі РАНС і праваахоўных органаў, гандлю і грамадскага харчавання, культуры, медыцыны, бытавога абслугоўвання насельніцтва. Значную падтрымку працаўнікам аграрнай галіны аказалі таксама шэфствуючыя прадпрыемствы і арганізацыі Мінска. “У асаблівасці, — падкрэсліў Анатолій Міхайлавіч, — хачу выказаць удзячнасць сем’ям хлебаробаў, маці, жонкам, якія ў перыяд гарачай пары ўзялі дамашнія клопаты на свае плечы. Сардэчная ўдзячнасць і ветэранам галіны за перадачу свайго вопыту і ведаў падрастаючаму пакаленню. Ваша мудрасць заслугоўвае ўсеагульнай павагі і годнага прызнання. Нельга не падзякаваць за выкананую работу раённай уладзе і жыхарам Мядзела. Дзякуючы вашай стараннасці горад ператварыўся ў камфортны для пражывання і прывабны для турыстаў цэнтр, а мы сёння маем магчымасць акунуцца ў атмасферу гэтага грандыёзнага і добрага свята…”
Урачыста і хвалююча праходзіла таксама цырымонія ўшанавання пераможцаў абласнога спаборніцтва на ўборцы ўраджаю-2018. Правёў яе губернатар Міншчыны Анатолій Ісачанка. Вядучыя Паліна Шуба і Яўген Лашкоўскі запрашаюць на сцэну для заахвочвання старшыню Дзяржынскага райвыканкама Мікалая Арцюшкевіча і яго першага намесніка, начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Андрэя Атрушкевіча. Ураджайнасць збожжавых у гэтым рэгіёне склала 45 цэнтнераў з гектара, і ён стаў лепшым на Міншчыне па намалоце.
З таварыстваў у лідарах “Гастэлаўскае” сталічнага раёна, якім кіруе Станіслаў Сакалоўскі. Па ўраджайнасці яно стала чэмпіёнам не толькі ў вобласці, але і ў краіне — 90 цэнтнераў збожжа з гектара. На ганаровую сцэну ўздымаліся для ўзнагароджання і іншыя кіраўнікі раёнаў, гаспадарак, спецыялісты, хлебаробы… Парадавала, што сярод трох лепшых сямейных дынастый вобласці аказалася і адна наша — Сурвілаў з таварыства “Занарачанскі”. Яна прадстаўлена трыма пакаленнямі хлебаробаў, агульны стаж працы на зямлі ў гэтай сям’і складае, вы толькі падумайце, 141 год! Пачатак дынастыі заклалі руплівы механізатар Зянон Віктаравіч і яго жонка Алена Іванаўна, якія шчыра працавалі ў колішнім калгасе імя Калініна. За высокія вытворчыя паказчыкі іх неаднаразова заахвочвала кіраўніцтва гаспадаркі. Як і бацькі, засталіся вернымі роднай зямлі іх сын Іван і нявестка Наталля. З сельскай гаспадаркай звязалі свой лёс і ўнукі Іван і
Аліна, за непрацяглы тэрмін змаглі зарэкамендаваць сябе перспектыўнымі і адказнымі спецыялістамі. Сям’ю Сурвілаў, як і астатнія дзве, сардэчна павітаў Анатолій Міхайлавіч, уручыў узнагароды.
Запомнілася таксама ўшанаванне камбайнера таварыства “Агранёманскі” Стаўбцоўскага раёна Генадзя Цвірко, для якога сёлетняя ўборачная стала ажно пяцьдзясят трэцяй па ліку! Вось гэта стаж! А па выніках конкурсу на лепшы паказ раёна ў ходзе шэсця перадавікоў жніва “Шлях да хлеба” лепшым журы прызнала Бярэзінскі. Бадай, гэтаму нямала паспрыяла тое, што яго дэлегацыя даволі ўдала скапіравала з музычнай камедыі “Вяселле ў Малінаўцы”, як Міхаіл Пугаўкін у ролі Яшкі-артылерыста маршыраваў з мясцовымі жанкамі па вуліцы ўкраінскай вёскі… Губернатар Анатолій Ісачанка ўручыў старшыні райвыканкама Аляксандру
Бабічаву падарункавы сертыфікат на турыстычную паездку ў Гродна на 80 чалавек. Вялікі шэраг лепшых працаўнікоў цэнтральнага рэгіёну атрымаў заслужаныя ўзнагароды і ад Савета Міністраў краіны, Міністэрстваў сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. А завяршылася афіцыйная частка фестывалю-кірмашу святочным канцэртам. Сваім выступленнем гледачоў парадавалі многія слынныя калектывы, заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева. З вялікай удзячнасцю шаноўная аўдыторыя ўспрыняла і выступленне нашай знакамітай зямлячкі, народнай артысткі Марыі Захарэвіч, якая прачытала верш Максіма Танка “Ёсць у сусвеце планета Зямля…” Што датычыцца правядзення наступнага абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019”, то старшыня нашага райвыканкама Анатолій Вайнілка перадаў эстафету свайму калегу з Барысаўскага раёна Генадзію Дзенгалёву.

 

Материал выходит с продолжением.



04 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

 возера Мястра  на Блакітных азёрах        Царква ў Слабадзе лебедзі на Мястры

Пабрацімы Мядзела