У шчырым імкненні да лепшага

У маладосці я крыху папрацавала ў магазіне, а ўсё маё далейшае жыццё звязана з фермай “Лотва”.
Пераехаць у Лотву параіла мая матуля. Маўляў, маладой сям’і няма дзе жыць, а тут дамы пабудавалі, ды і ўвогуле калгас моцны. Сама я тутэйшая, з Ражкоў, мама ў гэтай гаспадарцы ўсё жыццё на фермах адпрацавала: спачатку авечак даглядала, а калі аўчарнік у нашай вёсцы закрылі, кароў у Лотве даіла.
Сапраўды, жыллём гаспадарка нас забяспечыла. Пасля дэкрэтнага водпуску я выйшла на ферму (у 2002 годзе). Спачатку была падменнай даяркай, потым раздойвала пяршачак, набрала сабе групу. Калі пабудавалі залу, перайшла туды. Да кожнай справы прывыкнуць трэба. Працаваць з каровамі, якія знаходзяцца на прывязным утрыманні, цяжкавата: пры трохразовай дойцы тройчы за дзень кожную прывязаць-адвязаць трэба. Але і ў зале нялёгка: прыбіраць шмат даводзіцца, да чысціні патрабаванні высокія. На першым часе рукі моцна балелі: іх даводзіцца ўверх трымаць, калі кароў да апарата падключаеш. Але да новых умоў працы прызвычаілася хутка.
Калектыў у нас дружны. Узначальвае яго загадчыца Ганна Базарэвіч. Цэлы дзень яна знаходзіцца на ферме. Разам са мной даяркамі ў зале працуюць Вольга Хвашчэўская і Галіна Вярцінская. Ёсць два слесары (яны ж і загоншчыкі): Уладзімір Вярцінскі і Сяргей Мінько. Кормяць і пасуць жывёлу Уладзімір Папок, Аляксандр Борыс, Павел Ждановіч, Мікалай Рогач і Міхаіл Жураўлёў. Дзённымі вартаўнікамі працуюць Эма Каралёва (яна і выхадныя нам дае) і Іна Нявельская.
Па ўдоі малака ад каровы наша гаспадарка займае чацвёртае месца ў раёне. Вядома, ёсць яшчэ да чаго імкнуцца, але і цяперашні вынік, лічу, нядрэнны.
Чыя праца за ім стаіць? Агульная. І не толькі тых, каго назвала. Вялікая заслуга ў нашых надоях вопытнага асемянатара Алены Крывенькай, галоўнага ветэрынарнага ўрача Юліі Сусалко (яна — малады спецыяліст, сёлета з “чырвоным” дыпломам закончыла акадэмію). І брыгады электрыкаў, якая абслугоўвае даільнае абсталяванне, і механізатараў. І галоўнага інжынера Ігара Карабейніка, дзякуючы якому аператыўна ўхіляюцца ўсе непаладкі. І кіраўніка падсобнай гаспадаркі Марыны Сіўчак, якая і палявыя работы арганізуе, і да нас зазірнуць паспявае. І, вядома, дырэктара таварыства Віктара Васілевіча. Гэта строгі і патрабавальны, кампетэнтны ва ўсіх пытаннях кіраўнік.
Умовы працы ў нас добрыя. На ферме ёсць душ, пральная машына, халадзільнік, чайнік… Праўда, за чаем збіраемся нячаста: на гэта асабліва няма часу. У вёсцы ёсць магазін таварыства, свае работнікі могуць набываць прадукты ў лік зарплаты. А малако можна выпісваць з фермы — так танней атрымліваецца.
Заробкі нам выплачваюць своечасова. Ці высокія? Нічога, хоць і ад вышэйшых, вядома, ніхто не адмовіўся б. На канчатковую суму ўплываюць многія акалічнасці: і надоі, і працоўная дысцыпліна. А каб заробкі радавалі, трэба павышаць вытворчыя вынікі: і надоі, і якасць малака. Так што будзем працаваць…

К. ПЯТРОВІЧ.
Аператар машыннага даення кароў ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”.
Фота Аляксандра Высоцкага



03 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Жывёлагадоўля

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

1-12 dsc_5774-3 Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела