Алег Смалячкоў: «Там, дзе няма развіцця, пачынаецца дэградацыя»

Такую думку выказаў вядучы заатэхнік дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Нарачанскі”Алег Смалячкоў. Ён перакананы, што нельга дасягнуць высокіх паказчыкаў, ігнаруючы тэхнічныя і прафесійныя навіны, а таксама лічыць, што залог поспеху — гэта калектыў прафесіяналаў, якія гараць сваёй справай. І яму адразу верыш, бо малочнатаварная ферма “Брылі” паказвае выдатныя вынікі. Алег Уладзіміравіч распавядае, як калектыў дасягае высокіх паказчыкаў:

Аб дарозед а Нацпарку
— Я нарадзіўся ў вёсцы Чырвоная Слабада, што ў Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці. Яшчэ калі быў маленькі, мама вырашыла пераехаць у Віцебскую вобласць, а потым вярнуліся на радзіму. Пасля школы паступіў у Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію на зоаінжынерны факультэт. Па размеркаванні трапіў у Мядзельскі раён. Але не адразу — у Нацыянальны парк. На маім першым месцы працы было не вельмі камфортна, таму праз паўгода вырашыў перавесціся. Так атрымалася, што прыкладна ў гэты ж час патэлефанавалі з Нацпарку і запрасілі да сябе. Я пагадзіўся, і за тыя дзесяць гадоў, што тут, яшчэ ні разу аб гэтым не пашкадаваў.
Аб вытворчым працэсе
— Гэта не тое месца, куды можна прыйсці ў восем раніцы, пайсці ў пяць вечара і лічыць, што адпрацаваў дзень. Тут свой расклад. Мая асноўная задача заключаецца ў тым, каб сфарміраваць рацыён жывёлы ў адпаведнасці з тэхналогіямі — ад нараджэння цяляці да каровы. У складанні рацыёну прытрымліваюся
афіцыйных норм Рэспубліканскага рэгламенту, заўсёды сачу за выступленнямі вучоных у гэтай сферы, за навінамі. Ва ўсім трэба ведаць меру, напрыклад, шмат канцэнтраваных кармоў даваць нельга — шкодна, але калі не даваць іх наогул, не атрымаем прыбаўлення ў вазе і павелічэння надою малака. У нас праблем з гэтым няма, усіх відаў кармоў хапае. Стараемся рабіць запасы ў разліку на паўтара года. Так што цяпер, напрыклад, карыстаемся яшчэ леташнімі кармамі. Нарыхтоўваем усё на сваіх палях і ўласнымі сіламі. Гатовыя рацыёны для кожнай з груп перадаю брыгадзіру Любові Агурок. І яна павінна пракантраляваць, каб усе патрабаванні выконваліся.
Аб калектыве
— Начальнік сельскагаспадарчай вытворчасці Нацпарку — Мікалай Мягкоў. У нас не вельмі вялікая ферма, разам са мной тут працуе семнаццаць чалавек. Кагосьці аднаго вылучыць вельмі цяжка, таму што увесь калектыў сумленны і адказны. Добрыя аператары машыннага даення: Крысціна Баравая, Наталля Жогла, Ірына Вярэшка, падменшчыца — Валянціна Лукашэвіч. Разам з даяркамі за якасцю малака сочыць слесар Юрый Казлоў: мяняе фільтры, мые даільную апаратуру і гэтак далей. На дарошчванні і доглядзе цялят працуе Жанна Перадрэева, на адкорме — Вольга Заіка, жывёлаводы — Аляксандр Баравы, Ігар Яцына, Аляксандр Яцына, на падмене — Іна Мацулевіч. Вядучы ветэрынарны ўрач — Вадзім Юнусаў.
Усе яны — адказныя работнікі, прафесіяналы. І менавіта дзякуючы намаганням кожнага з іх мы дабіваемся высокіх паказчыкаў. Бесперабойнае кармленне, даенне, тэхнічнае забеспячэнне працэсу — праца, якая патрабуе ведаў і ўменняў. Таму і не бывае такога, каб усе поспехі былі заслугай кіраўнікоў, я адзін нічога не зраблю. Але калі побач працуюць старанныя і сумленныя людзі — будуць і вынікі.
Пра поспехі
— За восем месяцаў надой ад каровы склаў 4804 кілаграмы. План на год — 7066, мы яго перавыканаем. На сёння сярэднясутачны ўдой — дваццаць літраў ад каровы. Рэкардсменка — карова Жучка, яна неяк дала 35,9 літра малака за суткі. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе склалі за жнівень 671 грам, а з пачатку года — 677.
Мы стараемся штогод павышаць свае паказчыкі. А таксама ўвесь час імкнёмся да ўдасканалення працоўнага працэсу. Змены адбываюцца абсалютна на ўсіх этапах вытворчасці. І гэта тычыцца нават тэрыторыі фермы. Стараемся, каб усюды было чыста і прыгожа. Генеральны дырэктар Нацыянальнага парку Васіль Васільевіч Каржоў пастаянна нагадвае пра тое, што трэба ўдасканальвацца, не спыняцца на дасягнутым. І гэта правільна, бо там, дзе няма развіцця, пачынаецца дэградацыя.

Запісала
Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота
Аляксандра Высоцкага.



03 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Сядзіба Максіма Танка  0-178 Рэчка Нарачанка            Паруснікі

Пабрацімы Мядзела