Сумленныя, адказныя і вельмі дружныя

Наша ферма стабільна лідзіруе па надоях малака па гаспадарцы і ў раёне. Нядрэнна ідуць справы на сучасным даільным блоку, дзе ўтрымліваюцца 354 галавы. Тут усе працэсы механізаваны, таму і штат работнікаў невялікі, толькі тры даяркі. Яны працуюць па дзве, па два дні праз дзень. Гэта сёстры Святлана Герасімовіч і Ірына Бабровіч, а таксама Марыя Субач. Святлана ў жывёлагадоўлі з 2002 года. Яна ўвесь час працуе даяркай. Пачынала на ферме “Няверы”, а калі ўвялі ў дзеянне сучасную даільную залу ў Новіках, перайшла сюды. Вопыту ёй не пазычаць, руплівасці — таксама. Не раз была правафланговай не толькі па сваёй гаспадарцы, але і ў раёне. Ірына тут працуе амаль два гады, таксама вызначаецца стараннасцю, адказнасцю. Марыя Субач прыехала на нашу Сваткаўскую зямлю з Астравеччыны. У жывёлагадоўлі яна звыш 10 гадоў, так што ўжо — вопытны спецыяліст. Усе даяркі шчырыя, сумленныя, адказныя і вельмі дружныя. Яны хварэюць душой за даручаную справу, любяць жывёлу, дапамагаюць адна адной.
Дойка ў даільнай зале трохразовая. Таму па сутнасці амаль увесь дзень жанчынам даводзіцца быць на нагах. Тут малако ідзе ў агульную скарбонку, а таму і паказчык у дзяўчат аднолькавы. Дарэчы, нядрэнны. За 8 месяцаў бягучага года яны атрымалі ў сярэднім ад кожнай рагулі па 6151 кілаграму малака, а гэта на 923 кілаграмы больш, чым мелі на гэты ж перыяд летась. Зараз сярэднясутачны надой малака ад каровы складае 21 кілаграм. Вядома, вялікага скачка ўверх у параўнанне з адпаведным мінулагоднім паказчыкам няма, але і не мінусуем. Калі штодзённа на Нарачанскі вытворчы ўчастак ААТ “Маладзечанскі малочны камбінат” адпраўляем з фермы “Новікі” па 10 тон малака, пераважна вышэйшым сортам, то дзве трэці яго — з даільнай залы.
Складнікаў такога поспеху шмат. У нас нядрэнная кармавая база. У рацыёне рагуль — свежая трава, кукурузная маса, якія дастаўляюцца з поля. Даём яшчэ сянаж, камбікорм свайго памолу, у які дабаўляем жмых, а таксама соль і соду харчовую. Строга выконваюцца ўсе тэхналагічныя патрабаванні, якія датычаць як кармлення, так і даення. Адпаведная работа праводзіцца па ўзнаўленні дойнага статка. Выдатным спецыялістам з’яўляецца аператар па штучным асемяненні кароў Вольга Усовіч, а таму шмат у нас расцёлаў. Дарэчы, у Вольгі за мінулы год выхад цялят на 100 кароў і цялушак склаў 104%. Згодна з папярэднім прагнозам, не меншы паказчык чакаецца і па выніках гэтага года. Пастаянна бывае ў нас галоўны ветэрынарны ўрач Вольга Суздалева. Яна — малады спецыяліст, прыехала сёлета ў гаспадарку па размеркаванні. З першых дзён работы на гэтай пасадзе спадабалася Вольга нам. Дзяўчына сумленна адносіцца да ўскладзеных абавязкаў, стараецца ва ўсё паглыбіцца, ва ўсім разабрацца, і да жывёлы ўважлівая. Зыходзячы з уласнага вопыту (а працую загадчыцай семнаццаты год, пачынала на ферме “Няверы”), пераканалася, што ў любой справе шмат вырашае чалавечы фактар. Сапраўды, менавіта ад людзей, іх руплівасці, неабыякавасці вельмі многае залежыць. На шчасце, усе жывёлаводы ў нас падабраліся адказныя, шчырыя, дысцыплінаваныя. Кожны перажывае за даручаны ўчастак, што станоўча адбіваецца на вытворчых выніках. А яшчэ мне вельмі па душы, што мае падначаленыя не жывуць адным днём, а думаюць пра перспектыву. Няма пытанняў і па даглядчыках жывёлы. Іх у нас трое: Аляксей Сташкевіч, Тадэвуш Страла, Сяргей Чарняўскі. Яны і заганяць кароў у даільную залу дапамагаюць. З добрага боку хачу назваць слесара Віктара Свірыду. Ён тут з самага адкрыцця даільнай залы. Адказны, старанны. Са сваімі асноўнымі сумяшчае таксама абавязкі загоншчыка жывёлы.
Цялятак ад кароў з даільнай залы з першых дзён з’яўлення на свет да перыяду перадачы на дарошчванне даглядае цялятніца Зоя Купрэвіч, таксама шчырая, добразычлівая жанчына. З любоўю ставіцца да сваіх гадаванцаў, клапоціцца пра іх. Дзякуючы яе адказным адносінам да даручанай справы захаванасць цялят высокая — 100%.
Часта бываюць у нас на ферме дырэктар таварыства Мікалай Варабей, спецыялісты. Яны заўсёды знаходзяць час, каб пагутарыць з жывёлаводамі, пацікавіцца справамі, вынікамі работы. Людзям падабаюцца ўважлівыя адносіны з боку кіраўніцтва гаспадаркі. Вось і стараюцца адказаць на паўсядзённы клопат, падтрымку сваёй руплівай працай.

Т. СУБАЧ.
Брыгадзір малочнатаварнай
фермы “Новікі” ААТ “Сваткі”.
На здымку: даяркі Марыя Субач, Ірына Бабровіч, Святлана Герасімовіч з брыгадзірам фермы Таццянай Субач.
Фота Аляксандра Высоцкага.



01 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Касцёл у Мядзеле      Паруснікі                          Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай  возера Мястра

Пабрацімы Мядзела