Анатолій ВАЙНІЛКА: Да новых здзяйсненняў і здабыткаў

Скажу шчыра, калі мінулай восенню ўпершыню пачуў пра тое, што сталіцай урачыстасці мяркуецца зрабіць Мядзельшчыну, затурбавала пытанне: “Ці здолеем усё зрабіць як след, не ўдарыць, як людзі кажуць, тварам у гразь?” А з іншага боку — не святыя ж гаршкі лепяць! Зараз усе тагачасныя хваляванні адышлі ў гісторыю.
Працаўнікі раёна прадэманстравалі, што нашаму краю пад сілу такія мерапрыемствы. За невялікі прамежак часу горад на беразе возера Мястра набыў новае, больш сучаснае і прывабнае аблічча. З гэтым не зможа паспрачацца нават самы заядлы скептык. Сапраўдным упрыгажэннем старадаўняга пасялення, якое вядзе свой летапіс з 1324 года, сталі новы гатэль з цудоўнай залай для рэгістрацыі шлюбаў, абноўленыя плошча Леніна і будынкі райвыканкама, паштовай сувязі, Дома быту, філіялаў банкаў, раёна газазабеспячэння, шматкватэрнікі па вуліцы
17 верасня, стадыён, многія дваровыя тэрыторыі і шмат чаго іншага. Надалі Мядзелу маляўнічасці скульптурныя кампазіцыі ў скверах, той жа вугор каля практычна новага амфітэатра амаль на тысячу месцаў, падрамантаваныя вуліцы. Выкананы вялікі аб’ём работ і па далейшым развіцці гарадской інфраструктуры. Маю на ўвазе найперш замену каля адзінаццаці кіламетраў сеткі водазабеспячэння, укладку на значнай плошчы тратуарнай пліткі, некалькі кіламетраў дарожнага і тратуарнага бардзюра. Многія бытавыя праблемы зняліся са здачай у эксплуатацыю дзвюх новых артэзіянскіх свідравін, якія даюць якасную пітную ваду.
За ўсім гэтым — вялікая праца вельмі многіх людзей, гараджан, якія прымалі актыўны ўдзел у суботніках па навядзенні ў Мядзеле прыгажосці. Нямала пра каго з іх ужо распавяла на сваіх старонках наша газета “Нарачанская зара”. Дадам, што вялікі ўклад у падрыхтоўку да фестывалю ўнеслі калектывы прадпрыемства меліярацыйных сістэм, унітарнага прадпрыемства “Нарачпрафбуд”, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, філіялы дарожных арганізацый. Мноства добрых спраў на рахунку прадстаўнікоў першага з іх у асобе намесніка галоўнага інжынера Пятра Батурына, прараба Фёдара Міхайлава, машыністаў экскаватара Генадзя Кубацкага, аўтакрана — Міхаіла Пашкевіча, трактарыста Дзмітрыя Місючэнкі, тынкоўшчыцы-маляра Эмы Бабок, дапаможнага рабочага Віктара Паршуты… З другога ладны ўклад у будаўніцтва гатэля на сто месцаў па вуліцы Набярэжнай з загсам, які сёння ўрачыста адкрыюць, унеслі муляр, ён жа і брыгадзір Валянцін Клямята, маляры Ірына Кос і Святлана Казакова, цясляр Аляксандр Лушчык, тынкоўшчыца Зоя Пупкевіч. Адчувальны ўнёсак у абнаўленне горада і камунальнікаў: вадзіцеляў аўтапагрузчыка Віталія Парфёнава, аўтавышкі — Віктара Івашкі, укладчыка пліткі Аляксандра Роўды, качагара Васіля Малаша, які нямала папрацаваў на абкосцы тэрыторый, дворніка Марыны Звяругі… З дарожнікаў найбольшай руплівасцю вызначыліся прараб Віктар Тачыцкі, вадзіцель Віталь Глухоўскі, рабочыя Андрэй Роўда і Пётр Маслоўскі, Алег Чарняўскі і Валерый Чарняўскі.
Ва ўстаноўленыя тэрміны справіліся з пастаўленымі задачамі па прывядзенні падведамасных аб’ектаў у належны стан упраўленне па адукацыі, спорце і турызме, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, арганізацыі. Дбайна пазавіхалася каля сваіх дамоў і вялікая колькасць неабыякавых жыхароў. Тым больш прыемна нам будзе ўшаноўваць пераможцаў у конкурсе на лепшую дваровую тэрыторыю, які аб’явіў яшчэ вясною райвыканкам. Моцна дапамаглі ў справе добраўпарадкавання горада суботнікі. Людзі адпрацавалі на іх каля трох тысяч чалавека-дзён. І, безумоўна, той, хто ўнёс асабісты ўклад у падрыхтоўку Мядзела да “Дажынак”, заслугоўвае самых шчырых слоў удзячнасці. Скажу і наступнае: імкненне да прыгажосці ў нас пасля правядзення свята ні ў якім разе не спыняецца. Мы павінны не толькі захаваць усё добрае, што створана ў азёрным краі, але і прымножыць.
Ад душы парупіліся сёлета таксама працаўнікі вёскі. І хаця для хлебаробаў год выдаўся не вельмі спрыяльны, яны імкнуліся адзначыць яго важкімі набыткамі. На вялікі жаль, атрымалася не ва ўсіх. Бясспрэчным лідарам па многіх сельскагаспадарчых параметрах выйшла таварыства “Сваткі”. Зусім не выпадкова ў час жніва яго прадстаўнікі часцей за іншых удастойваліся пашаны быць занесенымі на раённую Дошку гонару. Маю на ўвазе дырэктара гаспадаркі Мікалая Вараб’я, галоўнага агранома Тамару Мінчук, галоўнага інжынера Уладзіміра Кайко, а таксама старшага камбайнера Пятра Скурко, які намалаціў больш за ўсіх у азёрным краі збожжа — 956,1 тоны. Адтуль і машыніст збожжасушыльнага комплексу Віталій Ганчароў, які вызначыўся на дапрацоўцы новага ўраджаю — 2627 тон. Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых у “Сватках” склала 27,6 цэнтнера з гектара. Вышэйшая яна толькі ў Нацпарку “Нарачанскі” — 36,1 цэнтнера, які і жніво-2018 завяршыў у раёне раней за ўсіх. З гэтай цудоўнай нагоды раённы выканаўчы камітэт і раённы Савет дэпутатаў павіншавалі калектыў хлебаробаў тэлеграмай, пажадалі новых вытворчых поспехаў дзеля далейшага росквіту слаўнай Мядзельшчыны. На адвозцы хлеба пальма першынства ў кіроўцаў транспартных сродкаў Івана Куркуля з таварыства “Занарачанскі”, Юрыя Чабатара — “Нарачанская Ніва 2004”, а сярод маладых вадзіцеляў — Міхаіла Шчуцкага са “Сватак”. З маладзёжных экіпажаў камбайнераў даволі важкія намалоты, на ўзроўні 646-751 тоны, забяспечылі Іван Сурвіла і Яраслаў Вяршыла з ААТ “Занарачанскі”.
Нельга не ўзгадаць і тых, хто ствараў падмурак новага ўраджаю, шчыраваў на падпрацоўцы глебы, падкормцы пасеваў, іх апрацоўцы, унясенні арганікі. І не проста працаваў, але і спаўна выкарыстоўваў свой хлебаробскі вопыт, прафесійнае майстэрства. У ліку механізатараў, якія складаюць залаты фонд азёрнага краю, — Леанід Буянаў, Аляксандр Шчамель, Аляксей Селюкоў, Іван Зянонавіч Сурвіла з таварыства “Занарачанскі”, Раман Маслоўскі, Іван Іосіфавіч Таразевіч, Анатоль Вайцяховіч, Алег Папок, Васіль Лісіцкі — “Мядзельскае аграпрамэнерга”, Іван Люцыянавіч Таразевіч, Аляксандр Крыўко, Мікалай Папко — сельскагаспадарчы філіял “Дзягілі” і многія іншыя.
Па выніках работы за восем месяцаў прагрэс у жывёлагадоўлі па вытворчасці малака найперш забяспечвалі працаўнікі ферм таварыства “Сваткі”, сельскагаспадарчай вытворчасці Нацпарку “Нарачанскі” і “Нарачанскай Нівы 2004”, дзе надой ад каровы склаў ад 4604 да 4839 кілаграмаў. Ёсць і прыбаўка ў параўнанне з адпаведным перыядам мінулага года. Найвышэйшая яна ў апошняй з гэтага пераліку гаспадарцы — 840 кілаграмаў. Як і сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы — 750 грамаў. Цалкам заканамерна, што з гэтых калектываў і лепшыя аператары. У раёне добра ведаюць перадавую ферму “Новікі”, якую ўзначальвае брыгадзір Таццяна Субач.Там жа завіхаюцца адметныя аператары машыннага даення, сапраўдныя майстры сваёй справы Ірына Бабровіч, Марыя Субач і Святлана Герасімовіч. А на ферме “Сваткі” прыклад у атрыманні зайздросных прываг, якія перавышаюць кілаграм, дэманструюць Святлана Нікіфарава і Таццяна Балахонава. Да такога ж паказчыка імкнецца і аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы з фермы “Швакшты” Зоя Гірдзей. А на свінакомплексе “Брусы” ўзорны прыклад эфектыўнай і выніковай працы дэманструюць руплівыя майстры гадоўлі пагалоўя Таццяна Маціна, Тамара Яўгель, Святлана Балаховіч.
Ні для каго не сакрэт: каб мець багата малака і мяса, неабходна належным чынам паклапаціцца аб грунтоўнай кармавой базе. Радуе, што сёлета мы куды лепш папрацавалі па яе стварэнні. На ўмоўную галаву жывёлы ўжо маем больш за дваццаць тры цэнтнеры кармавых адзінак. Значыць, зможам практычна бязбольна кампенсаваць недабор фуражнага збожжа без зніжэння прадукцыйнасці грамадскага статка. У пераліку тых, хто найбольш грунтоўна падрыхтаваўся да зімоўкі, — таварыствы “Зані” і “Сваткі”, Нацпарк “Нарачанскі” і сельскагаспадарчы філіял “Дзягілі”. Гэта стала магчымым дзякуючы адказнаму стаўленню механізатараў да выканання сваіх абавязкаў, іх плённай працы на роднай зямлі. Калі коратка спыніцца на цяперашніх асноўных задачах працаўнікоў вёскі, то гэта — завяршэнне сяўбы азімых збожжавых культур, падрыхтоўкі ферм да стойлавага перыяду і актыўны ўздым зябліва, што дазволіць хлебаробам наступнай вясной хутчэй управіцца з палявымі работамі ў пасяўную-2019.
Сапраўдны гаспадар заўсёды наводзіць у сваім доме парадак, калі чакае гасцей. Сёння з раніцы да нас іх завітала каля тысячы. Мы пастараліся, каб Мядзел нікога не расчараваў. Спадзяёмся, што і той, хто патрапіць сюды ўпершыню, усёй душой палюбіць наш азёрны край і яшчэ неаднойчы вернецца ў якасці вандроўніка альбо адпачываючага ў адзін з цудоўных санаторыяў на беразе Нарачы, якія вядомы ў многіх краінах свету. Не выклікае аніякага сумнення і тое, што шыкоўны фестываль, які ўрачыста праводзіць сталічная вобласць, дазволіць кожнаму яго ўдзельніку ад душы павесяліцца і натхніць усіх на новыя вытворчыя здзяйсненні і здабыткі на карысць нашай слаўнай Беларусі. Жадаю шаноўным гасцям і ўсім працаўнікам раёна, ветэранам сельскагаспадарчай вытворчасці моцнага здароўя, шчасця, удачы і дабрабыту. Няхай ваша жыццё заўсёды будзе светлым, мірным і стваральным!



01 кастрычнiка 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Навіны

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_06-040 Сядзіба Максіма Танка  лебедзі на Мястры 06-012

Пабрацімы Мядзела