Необычная история молодого повара Кривичской школы

У Крывіцкім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад-сярэдняя школа завяршаецца маштабны рамонт. Будынак радуе яркім фасадам, а вось вучні больш за ўсё ў захапленні ад новага харчблока. Аднак у сталовай памянялася не толькі тэхнічнае абсталяванне і знешні выгляд — з новага навучальнага года поварам прыйшоў малады выпускнік каледжа Павел Дубінін.
— Ён прыехаў да нас у гэтым годзе і з першага дня ўліўся ў калектыў, — прадстаўляе новага работніка старшыня прафсаюзнага камітэта ўстановы адукацыі Галіна Ярчак. — Вельмі актыўны, старанны малады чалавек. Дзеці новаму повару неверагодна рады, сказалі, што ён вельмі смачна гатуе.
— Хлусяць, але прыемна, —адказвае Павел Дубінін і смяецца. — Тое, што маю працу так цэняць дзеці і калегі, безумоўна, радуе, але сам сябе хваліць не прывык. Проста стараюся зрабіць усё максімальна якасна і выканаць тое, што ад мяне залежыць.
Я прыйшла пагаварыць з новым поварам якраз перад самым абедам, і малады чалавек быў цалкам заняты працай, але ўсё ж знайшоў хвілінку адказаць на пару пытанняў.
У Крывічы ён прыехаў з Мінска, дзе жыў з чатырох гадоў (нарадзіўся ў Смалявічах). Пасля заканчэння дзявятага класа паступіў у Мінскі дзяржаўны механіка-тэхналагічны прафесійна-тэхнічны каледж па спецыяльнасці “паўфабрыкатчык-повар”. І можна было б падумаць, што ў Мядзельскі раён прыехаў па размеркаванні, але гэта гісторыя крыху цікавейшая.
— Мае бацькі паехалі ў падарожжа, і трэба было, каб нехта прыглядаў тут за домам. Так што, можна сказаць, што сюды занёс лёс. Нейкіх цяжкасцей дарослага самастойнага жыцця не адчуваю, таму што адзін жыву ўжо з шаснаццаці гадоў, прывык вырашаць усе бытавыя пытанні. У цэлым аб пераездзе зусім не шкадую. Я вёў вельмі актыўнае жыццё, а кожнаму чалавеку трэба часам адпачываць. І для мяне такая змена становішча — магчымасць аднавіцца, перавесці дух.
— А што ўваходзіць у азначэнне “актыўнае жыццё”?
— Навучэнцам каледжа часта працаваў з дзецьмі і падлеткамі. У Мінску ўзначальваў валанцёрскі рух Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Кастрычніцкага раёна. Са сваімі валанцёрамі было расставацца цяжэй за ўсё, ды і яны адпускаць не хацелі. Напэўна, і не прыехаў бы ў Крывічы, каб не было ў мяне такіх выдатных начальніка і намесніка, якія падтрымалі, вельмі ўдзячны ім за гэта. Акрамя таго, займаўся яшчэ адным валанцёрскім праектам — праводзіў забаўляльныя гульні з дзецьмі ў 3-й гарадской клінічнай бальніцы ў аддзяленні гастраэнтэралогіі. Быў старшынёй прафкама ў каледжы. Як бачыце, не сумаваў, у Крывічы прыехаў з задавальненнем.
— Чаму ж тады такая нятворчая спецыяльнасць?
— Яе абраў практычна выпадкова. Не было ў гэтым ніякага душэўнага парыву ці меркантыльнага разліку, проста паўстала пытанне, куды паступаць, а нічога цікавага для сябе не знайшоў. Знаёмыя параілі каледж, прыгледзеўся да гэтай спецыяльнасці, вырашыў: чаму б і не? І за ўсе тры гады ні разу не пашкадаваў аб сваім выбары. Бо ў каледжы не толькі прафесіі вучаць, але і надаюць вялікую ўвагу творчаму патэнцыялу навучэнца. Педагогі і адміністрацыя — як мамы і таты. Каледж быў для мяне другой сям’ёй, час там прайшоў весела і з карысцю. Да працы стаўлюся спакойна. Лічу, што незалежна ад абставін ты павінен якасна выконваць свае абавязкі. Але ў Крывічах, што вельмі прыемна, і ў калектыве, і на месцы справы ідуць выдатна.
— Гэта значыць, у школе працаваць вам падабаецца?
— Так, мяне вельмі цёпла і душэўна сустрэлі ў першы дзень працы. Ведаеце, бывае такі страх — не ўліцца ў новы калектыў? Дык вось, тут у яго не было шанцаў. Адразу стала зразумела, што мне ў школе рады. Калегі вельмі таварыскія, заўсёды гатовы дапамагчы. Пры гэтым яшчэ запрашаюць на сустрэчы па-за працоўным часам. Вось, напрыклад, літаральна ў першы дзень мяне запрасілі спяваць у школьным настаўніцкім хоры. Я вырашыў паспрабаваць — і мне спадабалася.
— А не думалі пра тое, каб далучыцца да якой-небудзь арганізатарскай працы?
— Шчыра кажучы, пакуль уся ўвага засяроджана на маіх асноўных абавязках, тым больш, што цяпер я адзіны повар на кухні, працы хапае. Ды і дома ёсць чым сябе заняць. У мяне два пародзістыя сабакі, з імі трэба доўга гуляць, даглядаць. Участак вялікі, дваццаць шэсць сотак, — працы шмат. Часу на ўсё нават не хапае. Вось калі ў харчблок прыйдзе яшчэ адзін повар, вядома, стане лягчэй, тады можна будзе падумаць і пра нейкую грамадскую працу, для душы.
— З такім графікам па ранейшым жыцці і сябрах, напэўна, няма калі сумаваць?
— Зараз стагоддзе інтэрнэта, сацыяльныя сеткі, скайп, вайбер — можна пагаварыць з чалавекам, нават калі ён у Афрыцы. Тым больш пры жаданні заўсёды можна на выхадныя з’ездзіць у Мінск. У мяне ёсць брат з сястрой, з братам часцей маю зносіны па інтэрнэце, а сястра прыязджае ў госці. Ды і ў самой школе паспеў пазнаёміцца з маладымі спецыялістамі, так што адзінокім сябе не адчуваю.

Аляксандра ГАРАЧКА.
Фота Аляксандра Высоцкага.



21 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Людзі нашага краю, Моладзь

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

Рэчка Нарачанка        dsc_5774-3 лебедзі на Мястры Касцёл у Мядзеле

Пабрацімы Мядзела