Международный медиафорум: “Партнерство во имя будущего”

НА мінулым тыдні ў сталіцы нашай краіны на працягу чатырох дзён праходзіў чарговы міжнародны медыяфорум. Цэнтральнай яго падзеяй можна лічыць пленарнае пасяджэнне “Партнёрства ў імя будучыні: лічбавы парадак дня для медыяпрасторы”. Вялі яго ў канферэнц-зале “Барселона” гасцініцы “Вікторыя Алімп Атэль” мадэратары: галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Беларусь сёння” Дзмітрый Жук і генеральны дырэктар Тэлевізійнай службы навін Расіі, палітычны аглядальнік тэлеканала РТ Аляксандр Гурноў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі каля трох дзясяткаў краін свету. Найбольшыя дэлегацыі прыбылі з суседняй Расіі і Кітая. Напачатку Дзмітрый Аляксандравіч даў слова першаму намесніку Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Максіму Рыжанкову. Максім Уладзіміравіч пазнаёміў прысутных з прывітаннем
удзельнікам форуму Кіраўніка нашай дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі. Запомніліся актуальнай трапнасцю такія радкі: “Сучасная медыяпрастора не мае межаў, а лічбавыя тэхналогіі
адкрылі шырокія магчымасці для творчасці і далі багаты выбар крыніц інфармацыі. Таму сёння журналісцкаму згуртаванню неабходна сканцэнтраваць увагу на пытаннях захавання прафесійнай этыкі і нормаў маралі — такіх жа важных, як і свабоднае выказванне сваіх перакананняў”. На думку міністра інфармацыі Беларусі Аляксандра Карлюкевіча, інфармацыйная сфера знаходзіцца зараз пад магутным уплывам сацыяльных медыя, дзякуючы якім практычна кожны чалавек здольны ўплываць на фарміраванне інфармацыйнага парадку дня. Адначасова з пазітыўнымі пераменамі лічбавізацыя медыяпрасторы нясе і пэўныя негатыўныя наступствы, адмоўна адбіваючыся на дакладнасці, якасці, аб’ектыўнасці інфармацыйных патокаў. Сёння стаіць пытанне не проста аб барацьбе з фэйкавай інфармацыяй і непрафесійнымі падыходамі да асвятлення сур’ёзнай праблематыкі, але і аб забеспячэнні інфармацыйнай абароны асобы. І магутным фактарам аб’яднання ў гэтым працэсе павінны стаць традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі.
Варта сказаць, што на заклік мадэратараў прыняць актыўны ўдзел у абмеркаванні пытання, вынесенага на парадак дня медыяфоруму, прысутныя адгукнуліся вельмі жыва, недахопу ў выступоўцах не было. Дзмітрый Жук у ходзе дыскусіі акцэнтаваў увагу на тым, што ў сацыяльных сетках можна распавядаць пра ўсё, аднак самае галоўнае для аўтараў — адчуваць адказнасць за напісанае і сказанае. Аляксандр Гурноў нічога страшнага ў “лічбе” не бачыць: “Гэта проста яшчэ адзін спосаб дастаўкі інфармацыі спажыўцу”. Як падзяліўся сваімі меркаваннямі галоўны рэдактар газеты “Камсамольская праўда” Уладзімір Сунгоркін, людзі цяпер найчасцей бяруць інфармацыю з сацыяльных сетак. Па гэтай прычыне друкаваным сродкам масавай інфармацыі, каб не аказацца незапатрабаванымі, трэба ствараць ІТ-аддзелы для прасоўвання сваіх выданняў у сацсетках. Азначанае “задавальненне”, прагучала ў выступленні Уладзіміра Мікалаевіча, зусім не таннае. У прыватнасці, яны трацяць у год на вядзенне сайта “Камсамольскай праўды” каля аднаго мільярда расійскіх рублёў. Грошы вялікія, аднак укладзеныя фінансы дазваляюць рабіць сайт папулярным сярод мільёнаў наведвальнікаў, мець рэпутацыю паважнага і
сур’ёзнага выдання. Апошнім часам павышаная цікавасць хіснулася да друкаваных сродкаў масавай інфармацыі. Найбольш прыкметна, адзначыў Уладзімір Сунгоркін, — у ходзе дыскусіі па пенсіённай рэформе. І хаця пра яе шмат расказвалі па радыё і на тэлебачанні, у сацыяльных сетках, многія расіяне нічога толкам не зразумелі, пачалі шукаць адказы на свае пытанні ў газетах — яшчэ адно яскравае сведчанне таго, што апошнія адыгрываюць важную ролю ў растлумачэнні грамадзянскай супольнасці злабадзённых праблем.
Гэту тэму прадоўжыў дырэктар Цэнтра сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ Давід Ротман. Па словах прафесара, “сёння расце попыт на тыя традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, якія даюць зразумець людзям, што адбываецца, чаму адбываецца і як вырашыць праблему, якая іх хвалюе”.Уразіла прыведзенымі лічбамі выступленне дырэктара Азіяцка-еўрапейскага бюро агенцтва Сіньхуа Фан Вэйга. Яго сайт штодзённа наведвае 120 мільёнаў карыстальнікаў, а мабільны дадатак — 300 мільёнаў. Пасля гэтага ўжо можна не здзіўляцца, што Кітай адным з першых у свеце даволі паспяхова вядзе барацьбу з дэзінфармацыяй у сацыяльных сетках. Што датычыцца агенцтва, то яно ўпэўненае шэсце “лічбы” ў свеце выкарыстоўвае для ўласнага інфармацыйнага прасоўвання па планеце. Палітолаг з Украіны Канстанцін Бандарэнка заўважыў, што ў іх краіне колькасць людзей, якія атрымліваюць інфармацыю з інтэрнэту і тэлепраграм, зраўнялася. А з улікам таго, што ўсе войны калі-небудзь заканчваюцца, неабходна падумаць, як будзем жыць ва ўмовах інфармацыйнага міру. Гэтаму павінен паспрыяць і медыяфорум. З ажыўленнем зала ўспрыняла словы генеральнага дырэктара агенцтва “Trend” Ільгара Гусейнава з Азербайджана наконт таго, што “беларуская журналістыка разумее сваю адказнасць перад краінай і народам”. Як і выступленне прафесара Еўраакадэміі з Эстоніі Эдуарда Ціна. Беларусь падабаецца тым, адзначыў доктар філасофскіх навук, што ў дзевяностыя пайшла сваім шляхам, не прыняла “шокавай тэрапіі”. І зараз бачны вынік гэтага шляху: “Паказальны нават той факт, што ў вас больш за ўсё ў Еўропе студэнтаў на сто тысяч насельніцтва. Таму сёння ў Беларусі ёсць уласная “сіліконавая даліна”, а вашы хлопцы ў ІТ-сферы лепшыя ў Еўропе”. Адным з канкрэтных вынікаў форуму з’явілася заключэнне на наступны дзень пагаднення аб супрацоўніцтве паміж выдавецкім домам “Беларусь сёння” і дзяржаўным інфармацыйным агенцтвам Арменіі “Арменпрэс”, што анансаваў у сваім выступленні дырэктар гэтага холдынгу Арам Ананян.
Пасля перапынку форум прадоўжыў сваю работу. Толькі ўжо яго ўдзельнікі размеркаваліся па секцыях, якія працавалі ў розных мясцінах беларускай сталіцы. Наша, самая вялікая па колькасці журналістаў, адправілася на панэльную дыскусію “Лічбавізацыя медыяпрасторы: новае аблічча традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі” ў адміністрацыйны будынак Парку высокіх тэхналогій. Мадэратарамі тут выступілі першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Павел Лёгкі і дырэктар Еўразійскага камунікацыйнага цэнтра Аляксей Пілько з Расіі. Указвалася, што функцыянаванне сродкаў масавай інфармацыі ў новых умовах змяніла медыясістэму, па-іншаму размеркавала прыярытэты паміж іх відамі. Зараз магчымы аб’яднанне газеты, радыё і тэлебачання ў інтэрнэце, стужка навін на мабільным тэлефоне. Карыстальнікі атрымліваюць аднолькавыя інфармацыйныя прадукты з розных каналаў. Усё гэта радыкальна змяняе ранейшыя ўяўленні аб прэсе ўвогуле. Якой ёй быць цяпер, каб застацца запатрабаваным пасрэднікам паміж чалавекам і сусветнай супольнасцю? Адказ на гэта пытанне і шукалі эксперты з розных краін. Нельга не пагадзіцца з навуковым кіраўніком расійскага экспертнага цэнтра “Мера” Юліяй Юшковай-Барысавай, якая адзначыла, што ў новых умовах усім журналістам неабходна быць больш жвавымі, бо людзі чакаюць аператыўнай інфармацыі. І хто дае яе хутчэй, той і выйграе на рынку мас-медыя. Друкаваным сродкам масавай інфармацыі, калі разлічваць на далейшае развіццё, не абысціся сёння без суправаджэння. Гэта, на думку Юліі Генадзьеўны, можа быць і сайт газеты, і асабістыя старонкі ў інтэрнэце яе супрацоўнікаў. А на пытанне “Якая інфармацыя зараз на самай справе патрэбна людзям?” кандыдат філасофскіх навук адказала: “Праўдзівая і максімальна аб’ектыўная, прытым вельмі хутка апрацаваная і без прамаруджвання прапанаваная аўдыторыі”.
З яе пазіцыяй у пэўнай меры пераклікалася і выступленне намесніка генеральнага дырэктара “Расійскай газеты” Андрэя Першына. Іх сайт наведвае да аднаго мільёна карыстальнікаў у суткі. Поспех у многім тлумачыцца тым, што тры гады таму ўсіх журналістаў рэдакцыі адміністрацыя абавязала працаваць у сацыяльных сетках, рыхтаваць матэрыялы на сайт газеты, у тым ліку і фотаздымкі, відэа. Слушныя думкі па ўдасканаленні аблічча традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі выказалі таксама намеснік генеральнага дырэктара ІТАР-ТАСС Аляксандр Капноў, палітолаг, шэф-рэдактар “САНАР-2050” Сямён Уралаў, галоўныя рэдактары газеты “Аргументы і Факты ў Беларусі” Ігар Сакалоў, выдання “Slavic Sacramento” Руслан Гуржый з Каліфорніі…
Пленарнае пасяджэнне медыяфоруму завяршылася бліжэй да вечара прыняццем рэзалюцыі. У ёй адзначаецца, што адначасова з пазітыўнымі зменамі пераход у лічбавы фармат медыяпрасторы нясе і негатыўныя наступствы, адмоўна ўплывае на аб’ектыўнасць інфармацыйных патокаў. “У гэтых умовах вельмі важным бачыцца захаванне аўтарытэту і пазіцый традыцыйных сродкаў масавай інфармацыі — друкаваных і электронных — як суб’ектаў інфармацыйнага поля, якія ў поўнай меры здольны несці адказнасць перад грамадствам за якасць, паўнату і дакладнасць прадастаўленай інфармацыі, маюць магчымасць забяспечваць прафесійны падыход да стварэння і распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі”, — падкрэсліваецца ў дакуменце, за які, між іншым, зала прагаласавала аднагалосна.

Павел ЖУКАЎ.



20 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Грамадства

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

06-012 Сядзіба Максіма Танка  Рэчка Нарачанка        _dsc1133-3

Пабрацімы Мядзела