Насустрач ІІ Еўрапейскім гульням-2019

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць з 21 па 30 чэрвеня 2019 года ў Мінску. У буйнейшым спартыўным форуме прыме ўдзел больш за 4 тысячы спартсменаў з 50 краін, якія разыграюць 208 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту, а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіа. Не застаецца ўбаку ад гэтага маштабнага спартыўнага свята і Мядзельшчына. Якім чынам вядзецца падрыхтоўка да яго, расказвае галоўны спецыяліст упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Леанід ШЫДЛОЎСКІ:

— Яшчэ ў красавіку было падпісана распараджэнне старшыні райвыканкама аб падрыхтоўцы аб’ектаў раёна да правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Дакументам замацаваны адказныя за інжынерна-транспартную інфраструктуру, прыпыначныя пункты ў Мядзеле, на трасах рэспубліканскага і абласнога значэння, за размяшчэнне ўказальнікаў, у тым ліку на рускай, беларускай і англійскай мовах. Вызначаны таксама адказныя за падрыхтоўку пунктаў прыдарожнага сэрвісу і гандлю, гасцініц, турыстычных стаянак, аўтавакзалаў.
Запланаваны і ўдзел у грамадска-палітычнай акцыі пад назвай “Полымя міру”, якая пройдзе ў рэспубліцы напярэдадні спартыўнага свята. Акцыя стане знакавым элементам, які дазволіць прарэкламаваць Беларусь не толькі як краіну, што прымае Еўрагульні, але і як краіну, у якой ёсць шмат дасягненняў у розных сферах дзейнасці. Задача адказная і ганаровая.
Плануецца, што факел з алімпійскім полымем на мяжы з Вілейскім раёнам сустрэне сямейная спартыўная дынастыя Хацяновічаў: Валерый Сяргеевіч, які працуе настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў Будслаўскай СШ імя Паўліны Мядзёлкі, і яго дзеці: сын Аляксандр, таксама настаўнік фізічнай культуры і здароўя, толькі ў Занарацкай сярэдняй школе, і дачка Кацярына, кандыдат у майстры спорту па біятлоне. Урачыстае адкрыццё акцыі адбудзецца на стадыёне НДЦ “Зубраня” і прадоўжыцца турнірам па футболе. Наступнымі пяроймуць “Полымя міру” ветэран спорту Антон Крыштафовіч і дырэктар Нарацкай сярэдняй школы №2 Генадзь Крыштафовіч. На базе навучальнай установы курортнага пасёлка адбудуцца спаборніцтвы па валейболе і міні-футболе (удзел у іх прымуць выхаванцы аздараўленчых летнікаў як з курортнага пасёлка, так і з аграгарадка Нарач).
Шасціразовы чэмпіён свету па канькабежным спорце Ігар Жэлязоўскі панясе факел уздоўж берага Нарачы ў Гатавічы. На гэтым баку возера гасцей будзе чакаць парусная рэгата і паказальныя выступленні сноувіндсерфінгістаў.
У Мядзел на гарадскі пляж факел даставіць майстар спорту па веславанні на байдарках і каноэ, пераможца Першынства СССР па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Яцына. Тут жа адбудзецца адкрытае першынство СДЮШАР раёна па веславанні на байдарках. У апошнюю кропку — на гарадскі стадыён — полымя прынясуць майстар спорту міжнароднага класа, удзельніца Алімпійскіх гульняў у Турыне (Італія) і Ванкуверы (Канада) Вольга Васілёнак і майстар спорту міжнароднага класа, бронзавы прызёр Еўрапейскіх юнацкіх гульняў Ірына Нафрановіч. Акцыя закончыцца гарадскімі спаборніцтвамі па пляжным валейболе, міні-футболе і спартыўным сямейным святам.
Перададуць факел наступным удзельнікам акцыі дырэктары СДЮШАР
Андрэй Малько і фізкультурна-аздараўленчага цэнтра Андрэй Русак. Плануецца, што вынас алімпійскага полымя стане фінальным этапам цырымоніі адкрыцця ІІ Еўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня 2019 года.

Запісала Іна ЯРЧАК.



19 верасня 2018.   Каментарыі: Comments Off.    Размешчана ў Спорт

Каментаванне закрыта

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Апытанне

Што больш за ўсё вам падабаецца адрамантаваннага і новага ў горадзе?

View Results

Loading ... Loading ...

Фотападарожжа

_dsc1133-3 0-170 06-012 Царква ў Слабадзе

Пабрацімы Мядзела