“Прамая лінія” ў натарыуса

НА сённяшні дзень натарыяльныя канторы з’яўляюцца своеасаблівымі інстытутамі права. Па самых розных жыццёва неабходных пытаннях сюды звяртаюцца людзі. Адны жадаюць засведчыць дагаворы дарэння маёмасці, другія – граматна аформіць дакументы, якія датычаць куплі-продажу нерухомасці, трэція – вырашыць свае спадчынныя правы… Шмат паступае і званкоў з просьбай даць кансультацыю па тым ці іншым пытанні. З мэтай аказання кваліфікаванай дапамогі грамадзянам па хвалюючых іх праблемах, што знаходзяцца ў кампетэнцыі натарыяльных кантор, і была праведзена напярэдадні Дня юрыста “прамая лінія”. Тлумачэнні патэлефанаваўшым жыхарам Мядзельшчыны даваў загадчык дзяржаўнай натарыяльнай канторы раёна Дзмітрый Паўлавіч МЯЛЕШКА. Ніжэй прыводзім найбольш актуальныя пытанні і адказы на іх:
Алена Іванаўна, жыхарка в. Нарач:
- Пасля смерці сына засталася кааператыўная кватэра. Ці магу я як спадчынніца першай чаргі ўступіць у члены ЖБК і ўся¬ліцца ў кватэру сына?
- Жыллёва-будаў¬нічы кааператыў з’яўляецца адной з форм арганізацыі грама¬дзян-забудоўшчыкаў. Згодна арт. 113 Жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь у выпадку смерці члена арганізацыі грама¬дзян-забудоўшчыкаў права на ўс¬тупленне ў яе прадастаўляецца незалежна ад узросту пражываючаму ў памяшканні члену сям’і памерлага, які мае права на частку паявога і іншых узносаў. Пры адсутнасці такога члена сям’і пераважнае права на ўступленне ў члены арганізацыі грамадзян-забудоўшчыкаў маюць спадчыннікі памерлага, пражываючыя з ім у адным памяшканні.
Дзмітрый Лявонцьевіч, ураджэнец
г. п. Свір:
- Мая маці прыватызавала кватэру. Цяпер яна выпісана з яе і знаходзіцца ў доме-інтэрнаце. Ці магу я, не зважаючы на тое, што не ўдзельнічаў у прыватызацыі і не прапісаны ў дадзенай кватэры, перапісаць жылое памяшканне на сябе (з дазволу маці)? Куды па гэтым пытанні можна звярнуцца?
- У адпаведнасці з арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 красавіка 1992 года “Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь”, грамадзянін, які прыватызаваў жылое памяшканне, мае права ім распараджацца па сваім меркаванні: прадаваць, дарыць, завяшчаць, здаваць па дагаворы найму, за¬ключаць іншыя здзелкі, якія не супярэчаць заканадаўству. Трэба адзначыць, што, згодна з дзеючым заканадаўствам, дарэнне альбо продаж жылля ажыццяўляецца па дагаворах дарэння альбо куплі-продажу, засведчаных у натарыяльным парадку і зарэгістраваных у органах рэгістрацыі і тэхнічнай інвентарызацыі па месцы знаходжання памяшканняў.
Вольга, ураджэнка Мядзела:
- Зараз мая сям’я пражывае ў трохпакаёвай кватэры з агульнай кухняй (камуналцы). Кватэра знаходзіцца ў долевай уласнасці: мая доля – 63%, суседкі – 37%. Я неаднаразова знаходзіла варыянты продажу жылля, аднак суседка кожны раз адмаўляецца заключыць дагавор куплі-продажу, патрабуючы павелічэння сваёй долі. Ці магу прадаць кватэру без яе згоды?
- Згодна п. 1 арт. 249 Грамадзянскага Кодэкса Рэспублікі Беларусь, распараджэнне маёмасцю, якая знаходзіцца ў долевай уласнасці, ажыццяўляецца па ўзгадненні ўсіх яе ўдзельнікаў. Пры гэтым удзельнік долевай уласнасці мае права па сваім меркаванні прадаваць, дарыць, завяшчаць сваю долю альбо распараджацца ёй іншым чынам. Пры продажы долі ў праве агульнай уласнасці пабочнай асобе астатнія ўдзельнікі долевай уласнасці маюць пераважнае права пакупкі яе па цане, па якой прадаецца апошняя, і на іншых роўных умовах, акрамя выпадку продажу з публічных таргоў. Прадавец долі абавязаны паведаміць пра свой намер заключыць здзелку продажу з указаннем цаны і іншых умоў у пісьмовай форме астатнім удзельнікам долевай уласнасці. Калі ж апошнія адмовяцца ад пакупкі альбо не набудуць долю, якая прадаецца, на праве ўласнасці на нерухомую маёмасць на працягу месяца, прадавец мае права прадаць сваю долю любой асобе.
Таццяна Сяргееўна (адрас свой не назвала):
- Мая малалетняя ўнучка пражывала разам са сваёй маці – маёй дачкой у аднапакаёвай кватэры. Сёлета маці дзяўчын¬кі памерла. Я забрала ўнучку да сябе і ўзяла над ёй апеку. Зараз хачу прадаць кватэру, дзе пражывала дзіця разам з маці. Ці патрэбен мне для ажыццяўлення гэтай здзелкі дазвол органаў апекі і папячыцельства?
- Згодна арт. 142 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і апека і папячыцельства ўстанаўліваюцца для выхавання непаўналетніх дзяцей, якія па прычыне смерці бацькоў, пазбаўлення іх бацькоўскіх правоў, з-за хваробы альбо іншых прычын засталіся без бацькоўскага папячыцельства, а таксама для абароны асабістых і маёмасных правоў гэтых дзяцей. Апякун не мае права без папярэдняга дазволу органа апекі і папячыцельства ажыццяўляць здзелкі па адчужэнню, у тым ліку па абмену альбо дарэнні маёмасці падапечнага, здачы яго ў арэнду, а таксама любыя іншыя здзелкі, якія прыводзяць да памяншэння маёмасці падапечнага. Дадзенае патрабаванне ўстаноўлена таксама ч. 2 арт. 123 Жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь: адчужэнне жылога памяшкання, дзе пражываюць непаўналетнія члены сям’і ўласніка, дапускаецца толькі з дазволу органаў апекі і папячыцельства.
Падрыхтавала да друку
Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.



27 лiстапада 2009.   Каментарыі: Каментароў няма.    Размешчана ў Грамадства

Пакінуць каментарый

Рубрыкі

Надвор'е ў Мядзеле

pogoda.by

Пошук у архіве сайта

Навіны краіны

Фотападарожжа

лебедзі на Мястры _dsc1133-3 Рэчка Нарачанка         возера Мястра

Пабрацімы Мядзела